Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску пакажуць рэдкі асобнік Статуту ВКЛ з Латвіі


Невядомы і нябачаны раней у Беларусі ўнікальны экзэмпляр Статуту ВКЛ 1588 году з Латвіі сёньня ўпершыню зьявіцца ў краіне, а неўзабаве стане даступны для шырокай публікі — у рамках міжнароднай выставы «Францішак Скарына і яго эпоха» ў Нацыянальнай бібліятэцы.

«Упершыню арыгінал старабеларускага выданьня Статуту Вялікага Княства Літоўскага 1588 году быў прадэманстраваны нам у 2015 годзе ў Нацыянальнай бібліятэцы Латвіі, дзе кніга і захоўваецца. Памятаю, як быў уражаны гэтым асобнікам. Ад таго часу ішлі перамовы пра магчымасьць прывезьці кнігу ў Беларусь. І вось яно адбылося!», — напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку намесьнік дырэктара Нацбібліятэкі Алесь Суша.

Па словах адмыслоўца, гэтае выданьне надзвычай цікавае. Некалькі аркушаў на пачатку кнігі былі страчаныя, але дасканала ўзноўленыя пісцом у рукапісным выглядзе. Фактычна на кожнай старонцы Статуту прысутнічаюць рукапісныя пазнакі, заўвагі, дадаткі, падкрэсьленьні, што сьведчыць пра яго вельмі актыўнае выкарыстаньне.

Да Статуту прыплецена знакамітае выданьне Трыбуналу ВКЛ 1586 году — таксама рэдкі і каштоўны асобнік, першае беларускае выданьне прававога характару.

Максымальнае спрыяньне ў магчымасьці паказаць унікальны помнік у Беларусі аказала кіраўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі Латвіі і амбасада Латвійскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь.

Міжнародная выстава «Францішак Скарына і яго эпоха» будзе ўрачыста адкрытая ў Нацыянальнай бібліятэцы 14 верасьня падчас міжнароднага кангрэсу «500 гадоў беларускага кнігадрукавання».

Ад 15 верасьня рэдкі экспанат — арыгінал старабеларускага выданьня Статуту ВКЛ — будзе даступны для шырокай публікі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG