Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самы фантасмагарычны мастак Беларусі запрашае на юбілейную выставу


Валеры Славук. Казкі жыцьця
Валеры Славук. Казкі жыцьця

13 верасьня ў менскім Палацы мастацтва адкрыецца выстава вядомага беларускага графіка, майстра кніжнай ілюстрацыі Валерыя Славука. Як паведамілі ў адміністрацыі Рэспубліканскай мастацкай галерэі, імпрэза прымеркаваная да 70-годзьдзя творцы.

Фантастычная, загадкавая, шматзначная і разам з тым поўная тонкай іроніі творчасьць мастака стала адной з самых яскравых зьяваў у сучаснай беларускай графіцы. Ягоныя працы вызначаюцца дакладнасьцю, ювэлірнасьцю, выверанасьцю і гарманічнасьцю ліній, а дзіўныя пэрсанажы пераходзяць з паралельнага сьвету ў штодзённую рэальнасьць.

Хапун. Мастак Валеры Славук
Хапун. Мастак Валеры Славук

Гэта відаць і ў ягоным аздабленьні «Беларускай Атлянтыды» (PDF) Вячаслава Ракіцкага, адной з кніжак «Бібліятэкі Свабоды». Прыёмы акадэмічнага малюнка, створанага для адлюстраваньня рэальнага сьвету, ён пасьпяхова выкарыстоўвае для апісаньня пачуцьцёвага сьвету міталёгіі. Графіка Валерыя Славука патрабуе ўдумлівага гледача, які ўсьлед за аўтарам здольны заглыбіцца ў фантасмагарычны сьвет.

Шырока вядомыя ягоныя ілюстрацыі да кніг «Айвэнга» Вальтэра Скота, «Чорны млын» Юрыя Брэзана, «Шляхціц Завальня» Яна Баршчэўскага, «Вясна ўвосень» Уладзімера Караткевіча, беларускіх народных казак «Удовін сын», «Алёнка», «Цудоўны сьвет» і г.д.

Ілюстрацыя Валерыя Славука да кнігі «Шляхціц Завальня» Яна Баршчэўскага
Ілюстрацыя Валерыя Славука да кнігі «Шляхціц Завальня» Яна Баршчэўскага

«У мяне хапае шчасьця радавацца і жыцьцю, і сваім сябрам, і сваёй любімай справе, якой мяне адарыў Бог, — кажа напярэдадні юбілейнай выставы мастак. — Вядома, і ў мяне здараюцца хвіліны, гадзіны і нават дні незадаволенасьці сабой, але заўсёды на выручку прыходзіць мая справа. Проста не даю сабе расслабіцца. А пачынаеш займацца справай — і сумненьні ў сваім душэўным дабрабыце адступаюць. Гэта мой паплавок».

Валеры Славук нарадзіўся ў 1947 годзе ў Коханаве на Віцебшчыне. Скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, вучыўся ў Васіля Шаранговіча.

Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, прэміі «Лепшы ілюстратар году», прэміі «Залаты фаліянт» у намінацыі «Лепшы майстар» нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі», уладальнік дыплёма рэспубліканскага конкурсу «Мастак і кніга» ў намінацыі «Лепшы мастак», уладальнік дыплёма 1 ступені міжнароднага конкурсу «Мастацтва кнігі».

Узнагароджаны мэдалём Францішка Скарыны і мэдалём «За заслугі ў выяўленчым мастацтве» Беларускага саюзу мастакоў. Лепшы мастак Эўрапейскага таварыства навуковай фантастыкі, ляўрэат Усерасейскага конкурсу кніжнай ілюстрацыі «Вобраз кнігі».

Прафэсар катэдры графікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG