Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуска-расейска-ўкраінская група распаўсюдзіла 9 кг псыхатропаў і паўкілё цяжкіх наркотыкаў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Сьледчы камітэт Беларусі завяршыў расьсьледаваньне дзейнасьці групы наркагандляроў, у якім аб’ядналі 56 крымінальных справаў. Матэрыялы накіраваныя ў суд.

Паводле сьледчых, у 2013–2016 гадах на тэрыторыі Беларусі і Расеі дзейнічалі некалькі груповак: беларусы, расейцы і ўкраінцы займаліся збытам асабліва небясьпечных псыхатропаў і небясьпечных наркотыкаў. Большая частка злачынстваў (а разглядалася больш за 80 эпізодаў) была ўчыненая ў Менску, Менскай і Гарадзенскай абласьцях. Цяпер выяўленыя асобы дзевяці злачынцаў, некаторыя з удзельнікаў груповак былі выяўленыя раней і ўжо асуджаныя на пазбаўленьне волі ў Беларусі і Расеі.

За час дзейнасьці фігуранты справы распаўсюдзілі ў Беларусі і Расеі агулам ня менш за 9 кг асабліва небясьпечных псыхатропных рэчываў і ня менш за 550 г небясьпечных наркотыкаў, атрымалі прыбытак на больш як 1,38 млн беларускіх рублёў. Адзін з групы мае дачыненьне да сьмерці мужчыны ў Горадні ў 2014 годзе, які загінуў пасьля ўжываньня псыхатопу.

Праваахоўнікі таксама спынілі дзейнасьць лябараторыі па вытворчасьці асабліва небясьпечных псыхатропаў у Смаленску.

Дзеяньні дзевяці фігурантаў кваліфікавалі як «незаконны абарот наркотыкаў у буйным памеры ў складзе арганізаванай групы» (ч.4 арт. 328 КК РБ), тром таксама выстаўленыя абвінавачаньні ў «незаконным перамяшчэньні празь мяжу псыхатропных рэчываў» (ч.3 арт. 328-1 КК РБ) і «прычыненьні сьмерці па неасьцярожнасьці» (ч.1 арт.144 КК РБ). У фігурантаў ужо арыштавалі маёмасьць і грошы на суму больш як 265 тысяч рублёў. Ім могуць прысудзіць ад 10 да 20 год пазбаўленьня волі з магчымай канфіскацыяй маёмасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG