Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Google цалкам забясьпечыў сябе энэргіяй сонца і ветру


Ілюстрацыйнае фота

Карпарацыя Google пахвалілася тым, што цяпер мае звыш 3 ГВт энэргіі з узнаўляльных крыніцаў — дастаткова, каб на 100% забясьпечыць працу сваіх прадуктаў. Асноўную частку гэтай магутнасьці даюць ветрагенэратары, таксама ўжываецца крыху сонечнай энэргіі.

Яшчэ ў 2016 годзе карпарацыя агучвала пляны, каб у 2017 годзе дасягнуць 100% «узнаўляльнай» энэргіі ў забесьпячэньні сваіх патрэбаў. Нядаўна Google падпісаў кантракты на выкарыстаньне ў ЗША новых ветрагенэратараў, якія далі дадатковыя 535 МВт.

Таксама звыш 1 ГВт «узнаўляльнай» энэргіі мае для сваіх патрэбаў іншы інтэрнэт-гігант — Amazon. Міністэрства абароны ЗША выкарыстоўвае звыш 500 МВт энэргіі з узнаўляльных крыніцаў (ня толькі ад сонца і ветру, але і зь перапрацоўкі сьмецьця і біямасы). Каля 500 МВт «узнаўляльнай» энэргіі спажываюць Microsoft і Facebook.

У Беларусі таксама зьбіраюцца шырока выкарыстоўваць альтэрнатыўную энэргетыку, але асноўную стаўку ўсё ж робяць не на ўзнаўляльныя крыніцы энэргіі кшталту сонца, ветру ці плыні вады, а на атамную энэргетыку. Колькасьць узнаўляльнай энэргіі, якая выпрацоўваецца ў Беларусі, ацэньваецца як «невялікая». Але да 2020 году ў Беларусі плянуецца атрымліваць з узнаўляльных крыніцаў каля 6% электраэнэргіі, а экспэрты кажуць, што сонца і ветру дастаткова і для значна большай долі «ўзнаўляльнай» энэргіі ў энэргетыцы краіны.

Што стрымлівае альтэрнатыўную энэргетыку ў Беларусі: «Белэнэрга» супраць прыватнікаў

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG