Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Аўстраліі стварылі батарэю, якая дасьць электрычнасьць 30 тысячам дамоў


Tesla пабудавала ў Аўстраліі «самую вялікую літый-іённую батарэю ў сьвеце» магутнасьцю больш за 100 мэгават-гадзін. У пятніцу яе афіцыйна падключылі да агульнай энэргасеткі.

Такая батарэя здольная забясьпечыць электрычнасьцю каля 30 тысяч дамоў. Улады разьлічваюць, што новы акумулятар зьнізіць нагрузкі на электрасетку падчас пікаў спажываньня.

Батарэю пабудавалі ўсяго за некалькі месяцаў — заснавальнік амэрыканскай кампаніі Tesla Ілан Маск абавязаўся завершыць будаўніцтва на працягу 100 дзён. Прадпрымальнік раней паабяцаў, што, калі кампанія не ўкладзецца ў абяцаныя тэрміны, акумулятар дастанецца Аўстраліі бясплатна. Канчатковы кошт праекта не раскрываецца, раней яго ацэньвалі ў 50 мільёнаў даляраў.

Пасьля магутнага ўрагану ў верасьні 2016 года ў штаце Паўднёвая Аўстралія пачаліся перабоі з электраэнэргіяй. Без сьвятла засталіся больш за паўтара мільёна чалавек. Крыху менш за палову энэргіі ў гэтым штаце выпрацоўваюць ветравыя электрастанцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG