Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Французы маюць слова „bérézina!“ А што ў беларускай мове ёсьць францускага?


Трыюмфальная арка ў Парыжы. Жан Шальгрэн, 1806–1836
Трыюмфальная арка ў Парыжы. Жан Шальгрэн, 1806–1836

Мы Бастылію ня бралі, затое ўзялі ў беларускую мову нямала францускіх словаў — ад ботаў і гарматы пачынаючы. А вось словы пранцы, фрэнч, імя Францішак і прозьвішча Машэраў не францускага паходжаньня.

Сьцісла:

  • Француская мова зь цяжкасьцю супраціўляецца манаполіі ангельскай мовы як міжнароднай, але так было не заўсёды.
  • У беларускай мове здаўна ёсьць важныя словы францускага паходжаньня: боты і сурвэта, гарнітур і валіза, балея і балён.
  • Але асабліва шмат у нас старадаўніх вайсковых галіцызмаў: камандзер, пісталет, саржант, мушкатыр, карабін... Прычым задоўга да Напалеона.
  • Затое словы пранцы, фрэнч, імя Францішак і прозьвішча Машэраў не францускага радаводу.
  • Расейская мова праз арыстакратаў успрыняла вельмі шмат францускіх словаў, але значна пазьней за беларускую.
  • І ў францускай мове ёсьць беларускі пласт. Самае вядомае слова — bérézina ‘​капец, гамон’​.

Француская прысутнасьць у Беларусі ёсьць ня толькі на галоўнае дзяржаўнае сьвята. Штосакавіка ў нас праходзяць Дні франкафоніі, прымеркаваныя да міжнароднага дня францускае мовы. Кагадзе францускія сэнатары наведалі месца пераправы Напалеона на Бярэзіне.

Бярэзіна ў Парычах. Паром
Бярэзіна ў Парычах. Паром

А якія повязі між нашымі мовамі?

Француская — мова найбагацейшае культуры, адна з традыцыйных міжнародных моваў. Франкамоўныя дзяржавы энэргічна бароняць яе статус. Француская фактычна адзіная супраціўляецца манаполіі ангельскай мовы ў многіх міжнародных інстытуцыях.

Але прысутнасьць францускае мовы ў Беларусі скарачаецца. 12 гадоў таму (у 2005–2006 навучальным годзе) францускую мову вывучалі як прадмет 5,1% школьнікаў. А ў 2017–2018 навучальным годзе ўжо толькі 2,7% вучняў. За 12 гадоў спад утрая. З другога боку, прыкладам, на сайце амбасады Францыі ў Менску дасюль няма беларускамоўнай вэрсіі.

Францыя (і іншыя франкамоўныя дзяржавы) і Беларусь не суседзі, нашыя моўныя ўзаемаўплывы паходзяць альбо з культурных сувязяў, альбо з эпізадычных гістарычных падзеяў. Але гэта далёка ня толькі галіцызмы (пазычаньні з францускае) фуа-гра, парвэню ці кашнэ, якія параўнальна нядаўна прыйшлі ў беларускую мову праз расейскую.

Камандзер з гарнітурам у валізе

У нашую мову — і дзяржаўную эпохі ВКЛ, і сучасную дыялектную — сярод неславянскіх запазычаньняў сама больш прыйшло германізмаў і лацінізмаў. А галіцызмаў значна менш. Толькі ў 2010 годзе выйшла асобная манаграфія Т. Мальцавай пра францускія пазычаньні ў беларускай мове.

Паводле Аляксандры Станкевіч (Гомель), сярод пазычаньняў у гаворках германізмаў 17%, лацінізмаў 14%, а галіцызмаў толькі 3%. Але бывае цяжка вызначыць, што такое галіцызм — звычайна яны прыходзілі праз мовы-пасярэднікі. Напрыклад, у гаворках ёсьць слова балён — і слоік, і надзіманы гумовы шарык. Хутчэй за ўсё, прыйшло праз польскую, але, несумненна, яго першакрыніца — фр. ballon.

Старых народных галіцызмаў у нас няшмат, але яны абазначаюць патрэбныя ў жыцьці рэчы і паняцьці. Сучасныя народныя словы францускага паходжаньня казачына ‘казакін, сьвяточная сьвітка’, сарвэта / сурвэта ‘абрус’, фатыга ‘клопат, турбота’, камлёт ‘ваўняная спадніца’, фальбона былі яшчэ ў старабеларускай мове. Таксама даўнія, бо запісаныя шчэ Іванам Насовічам, беларускія галіцызмы амбарас ‘непакой’, балея, валiза ‘чамадан’, гарнiтур ‘касьцюм’, гарсэт, камандзер, кукарда, купэрт ‘канвэрт’, лямаваць ‘аблямоўваць (абшываць тасьмой і пад.), форс(а) ‘намаганьне’...

А вось новыя галіцызмы, г. зн. пазычаныя не пазьней за пачатак ХХ стагодзьдзя, — канфітуры, пасажыр, фэрма, вэлясыпэд з народным варыянтам лісапет (супернік — англіцызм ровар) і г. д. На Віленшчыне лязо называюць жылеткай — ад францускага прозьвішча заснавальніка кампаніі вырабу бясьпечных лёзаў.

Беларускія словы ў Парыжы — у камені і мэтале

Беларуская моўная прысутнасьць у Францыі ня гэтак прыкметная, як расейская (у вядомай песьні Ўладзіміра Высоцкага „в общественном парижском туалете есть надписи на русском языке“). Але яна, прыкладам, замацаваная ў камені на парыскай Трыюмфальнай арцы.Тут высечаныя (праўда, у даволі бессыстэмнай, праз розныя мовы і з памылкамі, трансьлітарацыі) назвы —

Трыюмфальная арка ў Парыжы. Фрагмэнт з назвамі беларускіх гарадоў
Трыюмфальная арка ў Парыжы. Фрагмэнт з назвамі беларускіх гарадоў

Магілёў
Смаленск
Валуціна
Полацак
Красны

Гэта месцы бітваў Напалеона ў 1812 годзе. Валуціна гара ляжыць на ўсход ад Смаленску, назва ўрочышча ад вёскі. Усе пяць паселішчаў на той час знаходзіліся на тэрыторыі пашырэньня беларускае мовы, іх назвы — беларускія словы, беларускія тапонімы.

Помнік Адаму Міцкевічу. Антуан Бурдэль. Парыж, 1929
Помнік Адаму Міцкевічу. Антуан Бурдэль. Парыж, 1929

Яшчэ адно беларускае слова — Дзяды — увечненае ў мэтале на помніку Адаму Міцкевічу каля Сэны ў раёне пляцу de l’Alma. Гэта назва старажытнага беларускага абраду і знакамітага цыклю рамантычных драмаў Міцкевіча.

Помнік Адаму Міцкевічу. Фрагмэнт. Антуан Бурдэль. Парыж, 1929
Помнік Адаму Міцкевічу. Фрагмэнт. Антуан Бурдэль. Парыж, 1929

​Нагадаю, што ў парыскім Collège de France наш паэта чытаў славяназнаўчыя лекцыі ды выказаўся па-француску і пра беларускую мову:

Гаворкаю Белай Русі, званаю русінскай ці літоўска-русінскай, таксама размаўляе каля 10 мільёнаў чалавек: гэта гаворка найбагацейшая і найчысьцейшая; яна распрацоўвалася з даўніх часоў: вялікія князі літоўскія карысталіся ёю ў дыпляматычным ліставаньні ў пару незалежнасьці Літоўскага княства.
Гаворка Вялікай Русі, якой размаўляе гэткая ж колькасьць людзей, як і дзьвюма іншымі, калі выключыць адсюль гаворку фінска-маскоўскую, якая ад яе моцна адрозьніваецца, —​ вельмі багатая і чыстая; але няма ў ёй ні велічнай раскошы і наіўнасьці гаворкі літоўска-русінскай, ні гармоніі маларусінскай”.

(Adam Mickiewicz, Les Slaves : Cours Professé au Collège de France, Vol. II.Paris : Comon, 1849, P. 428–429. Пераклад з францускага арыгіналу Сяргея Шупы)

Будзе табе bérézina!

А яшчэ воляю лёсу ціхамірная беларуская назва ракі Бярэзіны ў францускай з ХІХ стагодзьдзя стала эмацыйным выразам. C’est la bérézina! (францускі націск на апошні склад) — гутарковы (таксама ў мове шахматыстаў) адпаведнік нашым выразам „гэта гамон!“ ці „капец!“

Паром на Бярэзіне. Парычы
Паром на Бярэзіне. Парычы

Рэха напалеонаўскай паразы каля гэтай ракі — беларускае слова, якое гучыць увушшу прыежджых messieurs les sénateurs.

Беларускі гідронім Нёман прагучаў у францускай мове ХХ стагодзьдзя хутчэй пазытыўна: ідзецца пра авіяполк Normandie-Niémen. Французы ваявалі і ў беларускім небе, у тым ліку акурат над Нёманам, але прыдомак ад ракі вайсковая адзінка займела пасьля баёў у Літве.

Як бачым, беларускія тапонімы француская мова асвоіла ці то ў расейскім, ці то ў польскім прачытаньні. Гэта праява шырэйшае праблемы. Скажам, хоць Францыя стала часовым ці пастаянным домам многім мастакам зь Беларусі, аднак дасюль зь цяжкасьцю пашпартызуе іхную радзіму.

Марк Шагал. Брама могілак у Віцебску. 1917. Цэнтар Пампіду, Парыж
Марк Шагал. Брама могілак у Віцебску. 1917. Цэнтар Пампіду, Парыж

Марк Шагал. Брама могілак у Віцебску. 1917. У подпісе радзімай аўтара называецца Расея. Цэнтар Пампіду, Парыж
Марк Шагал. Брама могілак у Віцебску. 1917. У подпісе радзімай аўтара называецца Расея. Цэнтар Пампіду, Парыж

Пра Шагала, Суціна, Надзю Хадасевіч-Лежэ, чые калекцыі там вельмі салідныя, па-ранейшаму пішуць, што яны родам з Расеі.

Казімер Малевіч. Чорны крыж. Цэнтар Пампіду, Парыж
Казімер Малевіч. Чорны крыж. Цэнтар Пампіду, Парыж

(Дарэчы, у цэнтры Пампіду можна пабачыць ня Чорны квадрат, а Чорны крыж Малевіча, прычым ня толькі на палатне, а і ў аб’ёмнай кампазыцыі.)

„...Француза неякага ад дыявала вызваліў

Корань назвы Францыя — германскі, ад племя франкаў, frank азначае свабодны чалавек. Ён нашай мове, як і ўсёй эўрапейскай прасторы, вядомы здаўна. Напрыклад, мера франконская — адзінка вымярэньня плошчы. Кароль яго міласьць Уладзіслаў Ягайла месту Берасьцейскаму надаваці рачыў 60 ланоў меры франконскае (1599).

А краіну называлі Зямля Француская: Пажалавалі есьма Францускай зямлі капітана Якава Маржэрэта за яго к нам верную службу ... пагостам Тоймаю (так у1610 годзе Жыгімонт Ваза адзначыў прафэсійнага вайскоўца-найміта Жака Маржэрэта за перамогу над Шуйскім). Але і нашыя людзі французам дапамагалі: наш сьвятар-экзарцыст двараніна цэсарскага француза неякага ад дыявала вызваліў.

За чырвоныя залатыя францускія ў нас куплялі лейца раменныя францускія ды паўшорак францускі паядынкавы — знаўцы цанілі францускую збрую. А яшчэ хадзіла такая інтымная інфармацыя, што „уды ж нутраныя ў татар, і францусаў, і ў прусаў гарачэ“.

Notre-Dame. Парыж. Люты 2019 году
Notre-Dame. Парыж. Люты 2019 году

Ведалі ў нас і горад, дзе стаіць Notre-Dame, а нашыя спэцслужбы яшчэ тады адсочвалі інтарэсы і ступень культурнай асыміляцыі прыежджых туды туркаў: Указавана то ад многіх людзей жа ся туркаве ў Парыжу францускім пільне лаціны вучаць (Тодар Еўлашоўскі, к. XVI ст.).

Ані Францішак Скарына, ані пранцы

Уласна ад кораня „франц-“ у беларускай народнай мове ёсьць два назоўнікі.

Слова пранцы азначае цяпер ‘сыфіліс’, а раней таксама іншыя моцназаразныя хваробы, напр. труд (праказу; мір-труд-май, так бы мовіць). У старабеларускай франца — „хароба блудных“, як яе азначыў Памва Бярында ў сваім „Лексіконе“ (Куцейна каля Воршы, 1653). Потым не ўласьцівы беларускай народнай мове гук Ф перайшоў у П.

Але папраўдзе гэта германізм: Franze, Franzose (franzö‎sische Krankheit) ‘француская хвароба’ (пошасьць сыфілісу была ў Францыі ў 1496 г., а потым ужо немач тую спазналі іншыя краіны на ўсход ад Францыі). Кепскія рэчы людзі не называюць імем свайго народу, а зьвязваюць з суседзямі (прыклад — прусакі), таму слова і не магло быць галіцызмам.

Іншае слова з „францускім“ коранем не такое спэцыфічнае. Гэта фрэнж / фрэнч / хрэнч, куртка вайсковага крою. Вось жа і гэтае слова не галіцызм. Прыйшло з ангельскай мовы.

Імя Францішак, бадай — найбольш прыкметная пазытыўная прысутнасьць кораня „франц-“ у беларускай моўна-культурнай прасторы — дзякуючы найперш Францішку Скарыну, але таксама і Багушэвічу.

Імя Francesco, літаральна „французік“, — пяшчотная італьянская мянушка, якою за веданьне францускае мовы бацькі называлі малога Джавані Бэрнардонэ, будучага сьвятога Францішка з Асызі.

Як бачым, ані пранцы, ані фрэнч, ані Францішак не паходзяць беспасярэдне з францускае мовы.

Напалеонавы орды — гэта ж пра іх вуліца ў Менску? )

Масава франкамоўны народ хадзіў па Беларусі толькі ў 1812 годзе. Але акурат тады беларуская мова перажывала цяжкі момант: старабеларуская традыцыя літаратурнае мовы была амаль спыненая, а новы канон яшчэ не сфармаваўся. І хоць у войску Напалеона было некалькі палкоў шэвалежэраў-уланаў з тутэйшае шляхты (потым бальшыня зь іх пайшлі на паўстаньне 1830–31 гадоў), былі і нашыя генэралы Ян Канопка і Людвік Міхал Пац, але нават слова шэвалежэр (chevau-léger, ‘коньнік лёгкай кавалерыі’) не засталося ў беларускай мове, адрозна ад польскай.

Рэканструктары ў форме арміі Напалеона 1812 году. Вёска Брылі, Беларусь. 25 лістапада 2018 г.
Рэканструктары ў форме арміі Напалеона 1812 году. Вёска Брылі, Беларусь. 25 лістапада 2018 г.

А вось слова драгон / драгун пазычана старабеларускаю моваю ў францускім абліччы раней, яшчэ ў XVII стагодзьдзі.

Машэраў не ад „мон шэр“

Ніколь, Жасьмін, Марсэль — так у Менску называлі дзяцей у 2018 годзе. Бо так модна і, відаць, некаму цікавей за аднаўленьне традыцыйнага беларускага іменаслову. Але францускія прозьвішчы Шарпіё, Мэтэ, Безансон (Безенсон), Жаліё з падменскіх вёсак Каралёў Стан, Курганы, Лескаўка, Слабашчына — аўтэнтычныя. Насуперак пашыранаму стэрэатыпу, гэтыя людзі нашчадкі не напалеонаўскіх салдатаў, а гугенотаў з Манбэльляра, якія ў 1776 г. прыехалі разам зь зямлячкай, будучай жонкай расейскага імпэратара Паўла прынцэсай Вюртэмбэрскай, у Расейскую імпэрыю і спыніліся ў новазахопленай ёю Беларусі. Прынесьлі, сярод іншага, рэцэпт шарлёткі — charlotte.

Вакол „францускага“ паходжаньня прозьвішча Машэраў склалася цэлая міталёгія. Журналісты КП пішуць, што дасьледавалі яго радавод ад асталага ў Беларусі напалеонаўскага салдата Машэро (Macherot?). Але з Машэро наўрад ці мог атрымацца Машэра, націск ня той. У той жа час ёсьць беларускія прозьвішчы Машара (ад моху), Машэр, ёсьць дзеяслоў машыраваць (маршаваць, пехатой выпраўляцца некуды), занатаваны Іванам Насовічам. Ёсьць нават вокліч „машыр!“ — значыць хадзі, хадзем. Мо Машэра — мянушка: той, хто машы(а)руе. А крымскататарскае машер азначае месца страшнага суду, у пераносным значэньні вялікі тлум.

Ойча Апанасе, трудна бяз пашпарту ісьці вам за граніцу ў Маскву!

Кожны чытач „Войны и мира“ (а ўсіх нас прымушалі да гэтага ў школе) зь яе даўжэзнымі францускімі ўстаўкамі ведае, што француская была другою, а нават і першаю моваю расейскай арыстакратыі. Гэта прывяло да моцнага францускага ўплыву на расейскую літаратурную мову ў XVIII–XIX ст. І ўжо з расейскай шматлікія „новыя“ галіцызмы прыходзілі ў новую беларускую мову: дэфіле, шарм, дэпо, карэ, авангард, прызёр і пад.

Аднак здаўна — нават з XV–XVI ст. — беларуская мова ведала іншыя галіцызмы, якіх у расейскай часта няма. Боты, камізэлька, каўнер, сутарэньне ‘падзямельле, склеп’... Асабліва багата іх у вайсковым лексыконе: аркабуз, бандалет ‘скураны пояс мацаваць шаблю’, пісталет, саржант, мушкатыр, гвардыя, магазын ‘склад’, партызан, фураж, капляр ‘капрал’, тура ‘абложная вежа’, лявэт (рас. лафет). А таксама ў лексыцы для апісаньня палацавага побыту: парфума, банкет, сурвэтка, турнай ‘турнір’...

У старабеларускай і ў гаворках галіцызмы з U часта афармляліся на лацінскі лад, безь перадачы спэцыфічных францускіх галосных: авантура, канфітуры, парфума парфумэрыя).

Нямала супольных для расейскай і беларускай мовы „новых“ галіцызмаў у нас бытавалі раней за расейскую — дзякуючы прысутнасьці Беларусі ў эўрапейскай культурна-цывілізацыйнай прасторы.

Гармата, галун, галябарда, карабін, мушкет, панцыр, бірэт /барэт, квіт, пратакол — усе гэтыя словы, як сьведчыць Аляксандар Булыка, прыйшлі ў расейскую мову на 50–200, а то і 300 гадоў пазьней, чым у беларускую.

Пашпарт БНР
Пашпарт БНР

Слова францускага радаводу пашпарт (ад passeport) у Беларусі здаўна ведалі і ўжывалі ў цалкам сучасным значэньні:

Отча Афанасі, трудна бяз пашпарту Караля, Пана нашага, іці вам на Смаленск і Дарагабуж за граніцу ў Маскву...
(Дыярыюш Апанаса Філіповіча, 1638)

Такая вось футуралягічная цытата пра паўнацэнную ўсходнюю мяжу ). У расейскай жа мове слова фіксуецца толькі з 1710 году. Г. зн. беларусы ведалі пашпарты (але не прапіску ў іх!) раней за ўсходніх суседзяў.

Першая публікацыя 14 ліпеня 2019 г.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG