Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: «Нацбанк таксама спрычыніўся да спойваньня беларусаў»


Самагонны апарат у лесе, архіўнае фота
Самагонны апарат у лесе, архіўнае фота

Міліцыя заявіла пра рост долі сурагатнага алькаголю на беларускім унутраным рынку і зьвязала гэта зь нядаўнім абвалам расейскага рубля.

Пасьля абвалу расейскага рубля ў Беларусь хлынуў паток нізкаякасных алькагольных напояў з Расеі. Летась апэратыўнікі канфіскавалі 710 тысяч літраў сурагатнага алькаголю — гэта амаль 12 чыгуначных цыстэрнаў. Кошт канфіскаванага — 54 мільярды рублёў, што ў 3,5 раза больш, чым у 2013 годзе. Такія дадзеныя агаласіў кіраўнік Галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі МУС Беларусі Эдуард Нікіцін.

Якім чынам аказаліся зьвязаныя курс расейскага рубля і беларускі рынак алькагольных напояў? Незалежны эканаміст Яраслаў Раманчук, тлумачачы гэтую сувязь, прывёў у прыклад нядаўнія масавыя паездкі беларусаў у Расею па аўтамабілі.

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

«Як рынуліся купляць аўтамабілі ў Расеі, дзе яны ня танныя ўвогуле, але з-за падзеньня курсу расейскага рубля сталі раптам таньнейшыя, чым у Беларусі, і на кожнай машыне выйгравалі па 5–7 тысяч даляраў, — то гэта ж тычылася і алькаголю. Тут чалавек купляў па беларускім курсе валюту, а на яе ў Расеі купляў гарэлку. Гэта была вельмі прыбытковая апэрацыя менавіта з-за нізкага курсу, які штучна трымаў наш Нацыянальны банк. То бок той самапал, які зьявіўся на рынку, — гэта вынік нашай курсавой палітыкі. Зразумела, што гэтая гарэлка таньнейшая за тую, якую вырабляюць у Беларусі праз манаполію. І гэтым пачалі займацца ня толькі чаўнакі-адзіночкі, але і фірмы. Завозяць алькаголь быццам як давальніцкую сыравіну, а потым разьліваюць па бутэльках і прадаюць. То бок атрымліваецца, што Нацыянальны банк спрычыніўся да таго, каб спойваць беларусаў».

Паводле Яраслава Раманчука, прыкмета таго, што на беларускім рынку зьявіліся танныя сурагаты з Расеі, — зьніжэньне вырабу самагону мясцовым насельніцтвам.

Жыхар Петрыкава Вячаслаў Герасіменка гэтую тэндэнцыю пацьвярджае: мясцовыя самагоншчыкі амаль спынілі сваю дзейнасьць, але п’яніц меней ня стала, і ад наступстваў празьмернага ўжываньня алькаголю людзей гіне ўсё больш. Былы дэпутат Вярхоўнага Савету праілюстраваў сумны расповед гісторыяй, якая здарылася зь ім асабіста.

«Хапае такіх выпадкаў, калі цыроз пячонкі і праз гэта сьмерць. Мяне „пахавалі“ год назад. Ляжаў я ў шпіталі, а там таксама ляжаў Васіль Герасіменка, мой цёзка. У яго ўжо кроў у пячонцы была, дык памёр чалавек. Вось і пайшла навіна, што памёр Герасіменка. А мяне ж у раёне ўсе ведаюць, і падумалі, што гэта я. І давай мяне хаваць. А быў жа ж здаравенны дзяцюк, той Васіль Герасіменка. Яшчэ сусед мой памёр з-за цырозу пячонкі, доктар тут быў — таксама ад гэтага памёр. П’юць усё, што трапляецца. Гарэлка ж дарагая, дык п’юць абы-што».

П’юць усё, што трапляецца. Гарэлка ж дарагая, дык п’юць абы-што

А ці працягваюць беларусы ўжываць свае самаробныя напоі, а ня толькі расейскія?

Пры ўсіх заявах, што самагонаварэньне ў Беларусі зьнізілася, у беларускіх лясах рэгулярна знаходзяць міні-заводзікі па вырабе сівухі. Днямі пра такую знаходку паведамілі міліцыянты з Валожынскага раёну. Тут каля вёскі Цаюны ў Налібоцкай пушчы знайшлі вялікі самагонны апарат, да сямі тон брагі і каля сотні літраў ужо гатовага напою. Каб вывозіць яго з патаемнай мясьціны сярод балот, самагоншчыкі карысталіся гумовым чоўнам. Кіраваў справай прадпрымальнік з Валожына, якому цяпер пагражае суд, у тым ліку за шкоду навакольнаму асяродзьдзю.

Вінцэсь, які жыве ў Івянцы — гэта на мяжы з Налібоцкай пушчай, — пераконвае, аднак, што мясцовыя жыхары сталі меней гнаць самагонку, бо нявыгадна, дый міліцыя працуе пільна. Праваахоўнікі апэратыўна рэагуюць на ананімныя сыгналы. Прыкладам, нядаўна да Вінцэся на двор прыходзілі міліцыянты па такім сыгнале. «Не знайшлі, дый не маглі знайсьці, бо нічога не было», — кажа Вінцэсь.

«Раней такія месцы былі ў лесе, але цяпер — не. Зь лесьнікамі гаварыў пра гэта, дык, кажуць, няма ўжо такіх схронаў у пушчы. І сярод маіх знаёмых, якія раней рабілі ў пушчы, дык даўно ўжо пазачыняліся і ніхто цяпер ня робіць. Давялося б купляць, дык і ня ведаю, у каго ў Івянцы набыць тую самагонку».

Аднак адкрываю інтэрнэт і бачу камэнтары да паведамленьня пра знойдзены пад вёскай Цаюны самагонны міні-заводзік. Адзін аўтар піша, што міліцыянты таму менавіта цяпер выкрылі заводзік, пра які ведалі і раней, што самагоншчыкі зь імі не падзяліліся. Другі шкадуе, што стала складана вырабляць самагонку, якую ў гэтай мясцовасьці здаўна завуць «бакштынкай». «Налібоцкая пушча без „бакштынкі“ — усё роўна што Белавеская пушча без зуброў», — дзеліцца набалелым аматар напою.

Відаць, часы, калі беларусы зусім адмовяцца ад самапальнай гарэлкі ці самагонкі, яшчэ далёка наперадзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG