Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экранізацыя «Жоўтага пясочку» пра Курапаты — у «закладніках», на «выкуп» трэба 6000 даляраў


Мастацкая кінастужка па апавяданьні Васіля Быкава «Жоўты пясочак», дзе расказваецца пра «канвэер сьмерці» ў Курапатах пад Менскам, цалкам гатовая. Але застаецца ў якасьці гарантыі аплаты ў адной са сталічных студыяў гуказапісу.

Як расказваў Свабодзе рэжысэр і прадусар фільму Аляксей Туровіч, карціна здымалася на ягоныя асабістыя сродкі, і на фінішы не хапіла на зьвядзеньне і агучваньне — гукарэжысэр трымае яе ў «закладніках», патрабуючы поўнага разьліку за працу:

«Фільм гатовы, але гукарэжысэр мне яго не аддае, кажа, што бяз поўнай аплаты магу нават не спадзявацца. Агучваньне — адна з самых затратных частак працэсу, яна ўключае ў сябе маналёгі актораў, сынхрон, шумавыя эфэкты, музыку і г.д. Мы доўга займаліся агучваньнем, урэшце маем фармат 5.1 для прайграваньня гуку Dolby і DTS, прыдатнага для кінатэатраў. І я атрымаў канчатковы рахунак: да ранейшай сумы мушу даплаціць яшчэ 6 тысяч даляраў. У мяне такіх грошай няма. Прапанаваў „узяць у крэдыт“ — запушчу ў пракат, буду паступова выплочваць. Але ён хоча цяпер і адразу. Стужка, паўтару, гатовая на 100%, толькі зарэгістраваць у Міністэрстве культуры пракатнае пасьведчаньне і рыхтаваць яе да паказу на вялікім экране».

Аляксей Туровіч
Аляксей Туровіч

Сам гукарэжысэр падазрэньні ў перадузятасьці на свой адрас адкідае. Кажа, што любая зробленая праца павінна аплочвацца — тым больш калі папярэдняя дамоўленасьць была менавіта такая. Зь яго слоў, жыць «у крэдыт» пры сёньняшняй хісткай платаздольнасьці занадта рызыкоўна.

У свой час жаданьне экранізаваць знакаміты твор Васіля Быкава агучвалі вядомыя беларускія майстры — ад Ігара Дабралюбава да Сяргея Шульгі. Праўда, іхнія прапановы так і не знайшлі падтрымкі ва ўладаў. Сцэнарныя і рэжысэрскія заяўкі на дзяржаўнае фінансаваньне былі завернутыя.

Працоўны момант здымак
Працоўны момант здымак

Аляксей Туровіч у гэтым зьвязку падкрэсьлівае: паставіўшы перад сабой амбітную мэту, на зьмену ідэалягічнага клімату не разьлічваў. Праўда, дзеля ачысткі сумленьня зрабіў некалькі спробаў дастукацца да кіраўніцтва Міністэрства культуры, каб заручыцца прынамсі частковай падтрымкай. Аднак хутка зразумеў: прасіць дапамогі ў чыноўнікаў, якія не сасьпелі да разуменьня маштабу і наступстваў сталінскіх рэпрэсіяў, — задума адпачатку марная:

«Я некалькі разоў хадзіў да міністра Сьвятлова, да яго намесьніцы Дрыгі, быў на прыёме ў Качанавай падчас яе віцэ-прэмʼерства. І што толку, калі тыя людзі нічога не вырашаюць? Пісаў, прапаноўваў супрацу — адказ аднолькавы: сродкаў няма. Усе яны марыянэткі, імі маніпулююць, каб стварыць уражаньне дзейнасьці. Поршнеў, які ўзначальвае „Беларусьфільм“, — гэта лабіст расейскага кіно. Яму таксама казаў: давайце разам працаваць. Як і Давыдзьку. Некалі быў нядрэнным акторам, досыць шчырым чалавекам, мы нават сябравалі, здымаліся ў фільме „Анастасія Слуцкая“. Але паглядзіце, што ўлада робіць зь людзей! Зомбі, якія нічога ня могуць зрабіць без каманды зьверху».

Зь «Беларусьфільмам» Аляксей Туровіч працаваў як індывідуальны прадпрымальнік: з уласных грошай пералічваў за строі, за рэквізыт, за арэнду «палутаркі», якой герояў вязуць на расстрэл. Дамаўляўся, каб зрабіць і паставіць на кузаў будку, шукаў падвалы, каб абсталяваць катавальні НКВД. Адпаведна, плаціў ня толькі здымачнай групе, але і дзяржаўнай кінастудыі.

Кадар зь фільму
Кадар зь фільму

Шкадуе, што ня можа паказаць стужку менавіта цяпер, калі адбываецца бестэрміновая акцыя абароны Курапатаў ад камэрцыйнага асваеньня. Сам ён заўсёдны наведнік урочышча, дзе нясуць вахту і ягоныя аднапартыйцы зь Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі:

«Безумоўна, была б падтрымка абаронцам. Мультымэдыйныя прыстасаваньні дазваляюць расьцягнуць экран і раскінуць імправізаваны кінатэатар на вуліцы. На жаль, ня ўсе разумеюць, наколькі важна паказаць стужку менавіта цяпер. Быкаў актуальны і сёньня, ён паказвае лёсы, зламаныя карнай сыстэмай. Людзі не маглі супрацьстаяць уладзе, а тая што хацела, тое і тварыла. І аўтар папярэджвае: беларусы, калі дазволіце зьдзекавацца і далей, тое самае будзе і з вамі. Ён пісаў гэта праз шмат гадоў пасьля падзеяў у Курапатах, але ў беларускіх турмах і сёньня катуюць, фабрыкуюць справы. Сапраўдных злачынцаў, рэцыдывістаў 20–25%. Сядзяць статысты, якіх можна было не караць, палітычныя, эканамічныя. Уладзе патрэбная сыстэма страху, запалохваньня. І яна ня зломіцца, пакуль людзі самі гэтага не зразумеюць».

У быкаўскім «Жоўтым пясочку» расказваецца, як групу палітычных зьняволеных вязуць на расстрэл з сумнавядомай менскай турмы НКВД ва ўрочышча Курапаты. Сьмяротнікі — людзі самыя розныя, але іх у апошнія гадзіны жыцьця абʼядноўвае адно: сытуацыя не пакідае ніякага выбару. Людзі пакорліва церпяць, нават калі зьяўляецца магчымасьць абяззброіць адзінага вартавога — памочніка камэнданта. Але замест гэтага ўсе разам, апроч зьедлівага крымінальніка, выштурхоўваюць загрузлы «аўтазак», каб прысьпешыць расправу і апынуцца на дне ямы з жоўтым пясочкам.

Аляксей Туровіч разумее: складанай псыхалягічнай драме наўрад ці наканаваны камэрцыйны посьпех. Таму сваю працу разглядае больш як гуманітарны ўнёсак дзеля вяртаньня праўды пра ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, чым як спосаб зарабіць.

Герояў Васіля Быкава ў фільме ўвасаблялі тэатральныя артысты зь Менску, Віцебску, Бабруйску. Паводле рэжысэра, пазнавальных зорак няма, акцэнт быў на тое, каб тыпажы найбольш адпавядалі сваім прататыпам.

У ролі аднаасобніка Аўтуха зьняўся Міхаіл Мацьвееў, царскага афіцэра Валярʼянава — Генадзь Трацякоў, паэта Зайкоўскага — Аляксей Міхалоў, крымінальніка Фэлікса Грома — Уладзімер Лебедзеў, камуніста Шастака — Валянцін Салаўёў, памочніка камэнданта — Аляксей Верашчака, сьледчага НКВД Сурвілу сыграў сам Аляксей Туровіч. Ён, у сваю чаргу, спадзяецца, што максымальна блізка да аўтарскага тэксту паказаў увесь сацыяльны зрэз «ворагаў народу», да якіх у сталінскія часы рызыкаваў быць залічаны кожны савецкі грамадзянін.

Аляксей Туровіч — рэжысэр, актор, прадусар. Нарадзіўся ў 1959 годзе ў Глыбокім Віцебскай вобласьці, рос без бацькоў у інтэрнаце на Ашмяншчыне. Да войска працаваў трактарыстам, быў кіроўцам вялікагрузных аўтамабіляў у Сыбіры, кіраваў цягнікамі менскага мэтрапалітэну. У 1994-м скончыў школу-студыю на базе кінастудыі «Беларусьфільм». Як рэжысэр зьняў шэраг фільмаў, найбольш вядомыя — «Турма для кума», «Сынок», «Яблык Месяца», «Трэба жыць», «Жоўты пясочак». Зьняўся амаль у паўсотні стужак, сярод якіх «Анастасія Слуцкая», «Franz+Polina», «Ліст да Фэліні», «Паскораная дапамога», «Кантракт са сьмерцю» і г.д.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG