Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьмітрыеў: Калі «Гавары праўду» стала «спонсарам рэжыму», значыць, нас чакаюць непазьбежныя перамены


Андрэй Дзьмітрыеў

Адзін зь лідэраў грамадзянскага руху «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў адрэагаваў на заявы кіраўнікоў правацэнтрысцкай кааліцыі.

У прыватнасьці, на выказваньне старшыні Абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, які сёньня заявіў, што «Гавары праўду» фактычна выказалася супраць крытычнай рэзалюцыі пра сытуацыю ў Беларусі, падрыхтаванай для прыняцьця на парлямэнцкай сэсіі АБСЭ, і гэта яўна «спонсарская пазыцыя» таго, што робіць улада.

«Калі „Гавары праўду“ супраць рэзалюцыі, дык атрымліваецца, што яны і супраць гэтых базавых крокаў, безь якіх немагчымы выхад Беларусі з палітычнага тупіку. Вось чаму мы ў правацэнтрысцкай кааліцыі лічым, што „Гавары праўду“ стала на бок рэжыму», — сказаў спадар Лябедзька.

Андрэй Дзьмітрыеў у размове з карэспандэнтам Свабоды на гэтыя закіды адказаў:

«Хачу сказаць, што „Гавары праўду“ заўсёды і паўсюль выступала за крытычна абумоўлены дыялёг. У тым ліку і па правах чалавека. І калі б правацэнтрысты ня вырашылі, што ўся праца зроблена ў пятніцу, то ня трэба было б махаць кулакамі пасьля бойкі ў суботу, калі прымалася рэзалюцыя. Занадта позна. Можа, Анатоль тады зразумеў бы і нашу пазыцыю, а можа, нават паўплываў бы, каб рэзалюцыя ўсё ж была ўключаная ў справаздачу АБСЭ. А цяпер трэба, зразумела, паказаць, што яны таксама адпрацавалі, а ва ўсіх іхніх бедах, як заўсёды, вінаватая „Гавары праўду“.

Зь іншага боку, хачу сказаць: калі „Гавары праўду“ стала „спонсарам рэжыму“, дык гэта якраз добра. Бо азначае, што нас неўзабаве чакаюць непазьбежныя мірныя перамены. Раней Лябедзька казаў, што рэжым — наш спонсар, а цяпер ужо мы сталі спонсарамі ўладаў. Таму рухаемся наперад».

Андрэй Дзьмітрыеў нагадаў, што напярэдадні правядзеньня ў Менску Парлямэнцкай асамблеі Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе рух «Гавары праўду» выступіў з заявай, у якой выразна акрэсьліў сваю пазыцыю наконт неабходнасьці пераўтварэньняў у Беларусі.

Адрэагаваў адзін з кіраўнікоў «Гавары праўду» і на ідэю правацэнтрысцкай кааліцыі пра вылучэньне адзінага кандыдата на наступных прэзыдэнцкіх выбарах:

«У „Гавары праўду“ будуць толькі рады, калі яны здолеюць некага вылучыць. Але мы ўжо неаднаразова даказалі, што здольныя і подпісы зьбіраць, і самастойна праводзіць выбарчыя кампаніі. Прынамсі, на сёньняшні дзень у нас ёсьць кандыдат з падтрымкай, большай за ўсіх астатніх. Таму для нас гэтае пытаньне на парадку дня пакуль не стаіць».

Лідэр руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч сёньня заявіў, што правацэнтрысцкая кааліцыя пачала рыхтавацца да прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, на якія зьбіраецца вылучыць адзінага кандыдата. Паводле палітыка, без вылучэньня адзінага кандыдата апазыцыі цяжка будзе нават сабраць подпісы.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG