Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гавары праўду» ў сувязі зь менскай сэсіяй ПА АБСЭ заклікала да лібэралізацыі ў Беларусі


Лідэры грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў і Тацяна Караткевіч.

Грамадзянскі рух «Гавары праўду» ў сувязі з правядзеньнем у Менску Парлямэнцкай асамблеі Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе выступіў з заявай.

Лідэры «Гавары праўду» вітаюць правядзеньне ў Менску аўтарытэтнага форуму і ўпэўненыя, што гэта павінна паспрыяць разьвіцьцю дыялёгу паміж Беларусьсю і міжнароднай супольнасьцю, садзейнічаць унутраным пераменам у сфэры правоў і свабодаў грамадзянаў, правядзеньню свабодных выбараў і далейшай палітычнай лібэралізацыі.

Адзначаюцца станоўчыя крокі, зробленыя беларускімі ўладамі за апошні час: у Нацыянальным сходзе зьявіліся прадстаўнікі дэмакратычных сілаў і грамадзянскай супольнасьці, вызваленыя затрыманыя па справе «Белага легіёну», частка незалежных газэт вярнуліся ў падпіску, пасьля 7 гадоў безвыніковых спробаў нарэшце зарэгістраваны «Гавары праўду».

«Але важна сказаць пра тое, што патрабуе тэрміновага вырашэньня, — падкрэсьліваецца ў заяве. — Крымінальная справа пра „Белы легіён“ ня спыненая, журналісты-фрылянсэры адчуваюць пастаянны ціск з боку ўладаў, шэраг палітычных, грамадзкіх і праваабарончых арганізацый гадамі ня могуць атрымаць рэгістрацыю, а ў Крымінальным кодэксе дагэтуль прысутнічае артыкул за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Мірныя пратэсты грамадзянаў гэтай вясной брутальна задушаныя. Да гэтага часу прыводзіцца ў выкананьне сьмяротнае пакараньне. Асобна адзначым, што так і ня ўнесеныя зьмены ў выбарчае заканадаўства з улікам рэкамэндацый Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ».

У зьвязку зь пералічаным «Гавары праўду» заклікае ўдзельнікаў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ўсебакова абмеркаваць палітычную сытуацыю ў Беларусі і адзначыць у выніковай рэзалюцыі важнасьць для разьвіцьця краіны палітычных рэформаў па наступных пунктах:

— спрасьціць грамадзкім арганізацыям працэдуры рэгістрацыі і адмяніць артыкул Крымінальнага кодэксу за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі;

— гарантаваць права грамадзянам на мірны пратэст — зьмяніць парадак правядзеньня масавых акцый з заяўнага на паведамляльны;

— рэалізаваць права на сумленныя і справядлівыя выбары праз унясеньне ў выбарчае заканадаўства зьменаў згодна з рэкамэндацыямі, распрацаванымі БДІПЧ АБСЭ і дэмакратычнымі сіламі;

— увесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне;

— стварыць умовы для бясьпечнай працы журналістаў у Беларусі, даць акрэдытацыю тэлеканалу «Белсат»;

— забясьпечыць максымальную празрыстасьць вучэньняў «Захад-2017» праз запрашэньне назіральнікаў.

Гэтаксама «Гавары праўду» заклікала БДІПЧ АБСЭ сфармаваць місію назіраньня на мясцовымі выбарамі, якія адбудуцца 18 лютага 2018 году і могуць быць важным крокам наперад у разьвіцьці палітычнай канкурэнцыі і дэмакратыі ў Беларусі.

«Сёньня ўрад у Беларусі хоча правесьці эканамічныя рэформы бязь зьменаў у палітычнай сфэры. Важна разумець, што эканамічныя рэформы не дадуць належнага эфэкту без палітычных зьменаў. Мы ўпэўненыя: менавіта палітычныя рэформы дазволяць пабудаваць дыялёг у Беларусі, які зможа аб’яднаць грамадзтва, разьняволіць ініцыятыву і стварыць умовы для эканамічнага росту і росквіту краіны», — падсумоўваецца ў заяве рэспубліканскай рады «Гавары праўду».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG