Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анатоль Лябедзька назваў «Гавары праўду» спонсарам беларускіх уладаў 


Анатоль Лябедзька

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька выказаўся наконт пазыцыі лідэраў грамадзкай арганізацыі «Гавары праўду».

«Кіраўнікі „Гавары праўду“ ў інтэрнэце выказаліся супраць крытычнай рэзалюцыі пра Беларусь, якая была падрыхтаваная для прыняцьця на парлямэнцкай сэсіі АБСЭ, што праходзіла днямі ў Менску. Гэта яўна спонсарская пазыцыя таго, што робіць улада. Бо ўлада кажа, што ў Беларусі ўсё добра, што ім не патрэбны ніякія хатнія заданьні, „ня трэба на нас ціснуць“. Але ў рэзалюцыі парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ішла гаворка пра неабходнасьць эканамічных рэформаў, пра рэформу выбарчага закону, адмену сьмяротнага пакараньня, вызваленьне палітвязьняў. Калі „Гавары праўду“ супраць рэзалюцыі, дык атрымліваецца, што яны і супраць гэтых базавых крокаў, безь якіх немагчымы выхад Беларусі з палітычнага тупіку. Вось чаму мы ў правацэнтрысцкай кааліцыі лічым, што „Гавары праўду“ стала на бок рэжыму».

Анатоль Лябедзька лічыць вызваленьне «арыштаваных у справе патрыётаў» асноўным дасягненьнем для дэмакратычных сілаў Беларусі па выніках сэсіі ПА АБСЭ ў Менску. Непрыняцьце на сэсіі выніковай рэзалюцыі пра Беларусь Анатоль Лябедзька лічыць посьпехам беларускай улады, якая змагла мабілізаваць сваіх хаўрусьнікаў у Расеі, на постсавецкай прасторы і левых у Эўропе. «Відаць, што мы недапрацавалі з тымі ж парлямэнтарамі Аўстрыі, Італіі, Швэйцарыі. Іх трэба было пераконваць з дапамогай нашых саюзьнікаў у Эўропе», — мяркуе Анатоль Лябедзька. Пры гэтым старшыня АГП лічыць, што правацэнтрысцкая кааліцыя (ПКЦ) спрацавала на сэсіі ПА АБСЭ добра, бо здолела данесьці да эўрапейскіх парлямэнтароў сваю кансалідаваную пазыцыю і паказаць, што апазыцыя ў Беларусі мацнее.

Лідэр руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч заявіў, што правацэнтрысцкая кааліцыя пачала рыхтавацца да прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, на якія зьбіраецца вылучыць адзінага кандыдата. «Без вылучэньня адзінага кандыдата апазыцыі цяжка будзе нават сабраць подпісы», — мяркуе Юрась Губарэвіч. Да прэзыдэнцкіх выбараў ПКЦ зьбіраецца ўдзельнічаць у мясцовых выбарах 2018 году, вылучыўшы сваіх кандыдатаў у 300 выбарчых акругах.

Юрась Губарэвіч
Юрась Губарэвіч

«Гэта не перамога ўлады, а хатняе заданьне для яе на восень», — так сказала пра вынікі сэсіі ПА АБСЭ ў Менску дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ганна Канапацкая. Паводле яе, АБСЭ чакае ад беларускіх уладаў рэформы выбарчага закону і правядзеньня новых выбараў у адпаведнасьці з эўрапейскімі стандартамі. «Мы ў правацэнтрысцкай кааліцыі таксама вырашылі сканцэнтравацца на захадах у рэформе выбарчага закону». Ганна Канапацкая падтрымала плян вылучэньня адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году.

Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі абазначыў праграму, зь якой прадстаўнікі правацэнтрысцкай кааліцыі пойдуць на мясцовыя выбары 2018 году і прэзыдэнцкія — у 2020 годзе.

Віталь Рымашэўскі
Віталь Рымашэўскі

«Прадухіліць сацыяльны выбух у Беларусі і забясьпечыць мірную негвалтоўную трансфармацыю могуць толькі сацыяльныя рэформы. Мы прапануем рэформы, якія будуць накіраваныя, у першую чаргу, на зьмяншэньне карупцыі і паляпшэньне ўмоў жыцьця беларускага народу. Найлепшая абарона ад карупцыі, як вядома, гэта кантроль людзей за ўладай, магчымасьць уплываць на ўладу праз выбары. А для паляпшэньня ўмоў жыцьця неабходныя сыстэмныя рэформы: у галіне аховы здароўя, судовай сыстэмы, эканамічныя рэформы».

Віталь Рымашэўскі запэўніў, што прадстаўнікі правацэнтрысцкай кааліцыі гатовыя браць удзел у вулічных акцыях, у тым ліку арганізаваных Беларускім нацыянальным кангрэсам (БНК), але выказаў пажаданьне, каб гэтыя акцыі былі лепш падрыхтаваныя.

«Акцыі толькі дзеля таго, каб заявіць пра сябе, непатрэбныя», — сказаў палітык, адказваючы на пытаньне, чаму лідэры ПЦК ня бралі ўдзелу ў пратэставых акцыях 3 і 7 ліпеня.

Віталя Рымашэўскага падтрымаў Анатоль Лябедзька, які параіў арганізатарам вулічных акцый больш прыслухоўвацца да патрэб грамадзтва і прапанаваў вызначыць на восень сьпіс актуальных тэмаў пратэставых акцый ды абʼяднаць намаганьні дзеля іх арганізацыі, як гэта было сёлета ўвесну.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG