Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьмітрыеў і Караткевіч «пратапталі сьцежку» ў Міністэрства сацыяльнай абароны


Андрэй Дзьмітрыеў і Тацяна Караткевіч, архіўнае фота
Андрэй Дзьмітрыеў і Тацяна Караткевіч, архіўнае фота

Лідэры грамадзкай арганізацыі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў і Тацяна Караткевіч 20 чэрвеня сустрэліся зь першым намесьнікам міністра працы і сацыяльнай абароны Беларусі Андрэем Лабовічам.

Адразу пасьля сустрэчы ў міністэрстве Андрэй Дзьмітрыеў сказаў Свабодзе, што высокаму чыноўніку прапанавалі абмеркаваць тры, на наш погляд, найбольш актуальныя цяпер праблемы:

«Галоўнае пытаньне, зь якім мы прыйшлі: як зрабіць так, каб жыхары Беларусі дамагаліся справядлівасьці не праз пагрозы самагубства ці нават спаленьня сябе, а па законе? Мы прынесьлі з сабой канкрэтныя прапановы, якія падпісалі больш за дзьве тысячы чалавек, і пакінулі копіі гэтых подпісаў у міністэрстве. Прапануецца ўлічваць у пэнсійна-страхавы стаж і браць пад увагу пры прызначэньні пэнсіяў службу ў войску, дэкрэтны адпачынак, дагляданьне інваліда і некаторыя іншыя віды дзейнасьці. Усе яны маюць вельмі важную сацыяльную функцыю. І ня ўлічваць гэта проста несправядліва.

Другая тэма, зь якой мы прыйшлі, — самазанятасьць. Нядаўна ў мэдыях была цікавая інфармацыя. Дзяўчына ў Лідзе выпякала торцікі і прадавала іх праз сацыяльныя сеткі. Усім было добра, але дзяўчыну аштрафавалі. Мы прапануем новы падыход да самазанятасьці, каб болей такіх выпадкаў не было. Сутнасьць у тым, каб чалавек мог набыць сабе за пэўную суму грошай патэнт на працу. Набыць без усялякіх праблемаў, нават праз інтэрнэт. Прычым віды працы трэба істотна пашыраць, бо сапраўдных умельцаў у народзе мноства.

Гэта дапаможа ў барацьбе зь беспрацоўем. Мы з Тацянай Караткевіч шмат езьдзім па краіне і бачым, што ў краіне шмат прыхаванага беспрацоўя. Ёсьць заводы, дзе шмат хто толькі фармальна лічыцца на працы. Самазанятасьць добра дапаможа заняць людзей сапраўднай справай. Калі гэтага не зрабіць зараз, то праз пару-тройку гадоў Беларусь сутыкнецца з праблемай, якую тады вырашаць стане значна цяжэй».

Тацяна Караткевіч сказала Свабодзе, што трэцяя праблема тычылася прэзыдэнцкага дэкрэту № 3:

«Я казала пра тое, што гэты дакумэнт трэба адмяніць наагул. Але спадар Лабовіч сказаў, што цяпер ідзе праца над новай канцэпцыяй гэтага дэкрэту. Нават не рэдакцыяй, а менавіта канцэпцыяй. І там, мабыць, будуць істотныя зьмены. Думаю, наша прапанова аб самазанятасьці магла б туды ўвайсьці. Бо так мы выводзім людзей зь ценявой эканомікі „на сьвятло“, яны будуць плаціць падаткі, у тым ліку і ў фонд сацыяльнай абароны.

І яшчэ мы зрабілі агульную заўвагу. Трэба, каб такія складаныя пытаньні менш вырашаліся праз дэкрэты і ўказы прэзыдэнта, а звычайным заканадаўчым шляхам. Бо ўказы і дэкрэты абмінаюць такую важную форму зносінаў зь людзьмі, як грамадзкія слуханьні і слуханьні ў парлямэнце. Калі людзей спачатку слухаюць, а пасьля прымаюць законы, то і эфэктыўнасьць такіх актаў нашмат вышэйшая, і напружанасьць у грамадзтве нашмат меншая. Без камунікацыяў з насельніцтвам зараз чыноўнікам працаваць нельга».

Андрэй Дзьмітрыеў і Тацяна Караткевіч кажуць, што іх выслухалі ў міністэрстве вельмі ўважліва. Дарэчы, у гэтым міністэрстве яны пабывалі ўжо тройчы.

«Мы сюды ўжо пратапталі сьцежку, — удакладняе спадарыня Караткевіч. — І ня толькі таму, што тут да нас уважліва ставяцца. Сацыяльныя пытаньні зараз самыя балючыя. І мы сёньня падкрэсьлівалі: калі ня ўносіць зьмены ў пэнсійнае заканадаўства, то хутка мы атрымаем вынік, падобны да таго, які дало ўвядзеньне дэкрэту аб так званых дармаедах.

Пазыцыя „Гавары праўду“ і палягае ў тым, што жыхары Беларусі павінны мець гарантыю сваёй сацыяльнай абароны».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG