Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЭС, ЗША, Хэльсынкі-2, Данбас: 10 цытат з сёньняшняга выступу Лукашэнкі


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

11 ліпеня ў Менску прайшла нарада па прыярытэтах зьнешняй палітыкі Беларусі. Аляксандар Лукашэнка на ёй заявіў, што час «патрабуе выбудоўваць нашу замежнапалітычную і зьнешнеэканамічную дзейнасьць па-новаму. Больш маштабна і наступальна».

Як гэта — па-новаму? Свабода выбрала 10 цытат з выступу Лукашэнкі.

1. Беларуская ініцыятыва «Хэльсінкі-2» адлюстроўвае занепакоенасьць нэгатыўнымі тэндэнцыямі разьвіцьця рэгіянальных працэсаў:

«Гэты крок ня варта ўспрымаць як нейкую гучную міжнародную ініцыятыву дзеля ініцыятывы. Ён найперш адлюстроўвае нашу ацэнку і занепакоенасьць нэгатыўнымі тэндэнцыямі разьвіцьця рэгіянальных працэсаў».

2. Важна разьвіваць супрацоўніцтва і з Усходам, і з Захадам, не робячы выбару паміж імі:

«Сёньня дзеля ўмацаваньня аўтарытэту краіны нам неабходна пашыраць кола дзелавых партнэраў і надзейных саюзьнікаў. Не сварыцца, не канфліктаваць, а сябраваць з усімі. Прынцыпова важна ў роўнай ступені разьвіваць супрацоўніцтва з Усходам і Захадам, ня робячы выбару паміж імі».

3. Менскі працэс урэгуляваньня сытуацыі ва Ўкраіне павінен заставацца, але працягвацца больш энэргічна:

«Апошнім часам зьявілася шмат ахвотных атрымаць палітычныя дывідэнды ад удзелу ў працэсе ўрэгуляваньня сытуацыі ва Ўкраіне. На іх думку, менскі фармат састарэў і безь яго можна абысьціся. Але рэальна нічога новага не прапануецца. Таму менскі працэс павінен заставацца, але працягвацца больш энэргічна».

4. Далейшая нармалізацыя дачыненьняў з Эўразьвязам — у ліку зьнешнеэканамічных прыярытэтаў:

«Я ўжо шмат разоў казаў, што нам патрэбны моцны Эўрапейскі Зьвяз як у эканамічных, так і ў палітычных дачыненьнях. ЭЗ — адна з апор шматпалярнага сьвету. Гэтым усё сказана».

5. Важна сыстэмна працягваць нарошчваць эканамічнае ўзаемадзеяньне з ЗША:

«Мы зацікаўленыя ва ўстойлівым і бесьперашкодным доступе беларускіх тавараў і паслуг на ёмісты і платаздольны рынак ЗША. Акрамя таго, хочам прыцягнуць амэрыканскія капіталаўкладаньні, тэхналёгіі і ўдзельнічаць у вытворчай каапэрацыі з кампаніямі гэтай краіны. Павінен сказаць, што тут мы працуем ня проста слаба, а вельмі дрэнна».

6. Беларусь павінна скарыстацца гістарычным шанцам у пляне свайго актыўнага ўдзелу ў кітайскай ініцыятыве «Адзін пояс і адзін шлях».

«Беларусь павінна скарыстацца гістарычным шанцам і стаць важным транзытным, лягістычным, вытворчым, тэхналягічным зьвяном гэтага новага транскантынэнтальнага інтэграцыйнага праекту. Яго неабходна выкарыстоўваць для прыцягненьня самых перадавых тэхналёгій і вытворчасьцей з усяго сьвету. Падкрэсьліваю, з усяго сьвету, а ня толькі з Кітаю».

7. Беларусь павінна нарошчваць экспарт паслуг.

«Варта прасоўваць ня толькі марку „Зроблена ў Беларусі“, але і такія брэнды, як „Вучоба ў Беларусі“ ці „Вучыцца ў Беларусі“, „Адпачынак у Беларусі“ ці „Адпачываць у Беларусі“, „Займацца спортам у Беларусі“, „Лячыцца ў Беларусі“ і іншыя. Неабходна максымальна выкарыстоўваць магчымасьці нашай краіны, прыцягваючы замежных турыстаў. Мы істотна недапрацоўваем у гэтым кірунку».

8. Варта па-новаму зірнуць на пытаньне аб вяртаньні культурных каштоўнасьцяў у Беларусь.

«Гэта неад’емны элемэнт фармаваньня духоўнай ідэнтычнасьці нашай нацыі. Працу ў гэтым кірунку неабходна праводзіць пад вуглом «беларуская спадчына ў сьвеце».

9. Беларускай дыяспары неабходна аддаваць больш увагі.

«Трэба больш актыўна разьвіваць узаемадзеяньне зь беларусамі, якія пражываюць за мяжой, і ня толькі ў Расеі, бо яны гатовыя падтрымаць родную краіну. Неабходна аддаць больш увагі беларускай дыяспары. Ніводзін зварот нашых грамадзян за межамі краіны і ўнутры (усё роўна адкуль) не павінен быць выкінуты або скінуты падначаленым, перапраўлены ў МЗС. Людзям трэба дапамагаць, гэта наша задача».

10. Беларусь не адмаўляе міжнародным партнэрам у наведваньні БелАЭС.

«Гэта ня проста найбуйнейшы інфраструктурны праект у рэгіёне, а стратэгічная ініцыятыва, закліканая павысіць незалежнасьць і энэргабясьпеку краіны. Аднак некаторых суседзяў гэта не задавальняе. Хто хоча ведаць пра бясьпеку, прыяжджайце на станцыю. Нікому не адмаўляем, не павінны адмаўляць».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG