Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чырвоны касьцёл, Нясьвіж ці Кухцічы. Дзе пахаваюць прах Магдалены Радзвіл?


Цяпер капсула з прахам знаходзіцца ў Аляксандра Сапегі, намесьніка старшыні Асацыяцыі беларусаў Швайцарыі. 16 ліпеня ён прывёз капсулу на VII Зьезд беларусаў сьвету. У той дзень ён паведаміў Свабодзе, што прах перададуць у Чырвоны касьцёл. Але пакуль афіцыйная перадача не адбылася.

Марыя Магдалена Радзівіл у маладосьці
Марыя Магдалена Радзівіл у маладосьці

Магдалена мусіць быць пахаваная ў Менску. Такой была яе апошняя воля

99 год таму мэцэнатка беларускага руху Магдалена Радзівіл эмігравала зь Беларусі. З 1918 па 1945 год яна жыла за мяжой. Магдалена памерла ў Швайцарыі ў 1945 годзе, але завяшчала, каб яе цела было пахавана ў Беларусі. 16 ліпеня капсулу з прахам прывезьлі ў Беларусь. Урачыстая цырымонія пахаваньня з удзелам прадстаўнікоў роду Радзівілаў адбудзецца пазьней, калі канчаткова вызначыцца месца пахаваньня.

Капсулу з прахам Магдалены Радзівіл прывезьлі на Зьезд белаурсаў сьвету 16 ліпеня
Капсулу з прахам Магдалены Радзівіл прывезьлі на Зьезд белаурсаў сьвету 16 ліпеня

«Ня ўсё так проста, ёсьць юрыдычныя моманты, — патлумачыў Свабодзе Аляксандар Сапега. — Цяпер капсула знаходзіцца ў мяне. Пакуль разглядаюць суправаджальныя дакумэнты, якія я прывёз. Я думаю, неўзабаве сытуацыя вырашыцца і яна вернецца ў Чырвоны касьцёл».

Канчатковае месца пахаваньня Магдалены Радзівіл пакуль ня вызначана. Найбольш імаверна, што яна будзе пахаваная ў Чырвоным касьцёле ў Менску. Менавіта такою была воля сям’і Магдалены Радзівіл.

Аляксандар Сапега прыёз капсулу з прахам Магдалены Радзівіл з Швайцарыі
Аляксандар Сапега прыёз капсулу з прахам Магдалены Радзівіл з Швайцарыі

«Гэта самае жаданае і самае лягічнае месца для пахаваньня, — паведаміў Свабодзе Глеб Лабадзенка, які дапамагаў зь вяртаньнем праху Магдалены Радзівіл у Беларусь. — Захавалася яе воля быць пахаванай у Менску. Зараз мы чакаем на рашэньне мітрапаліта».

Паводле Лабадзенкі, існуюць яшчэ два месцы, дзе магла б быць пахаваная Магдалена Радзівіл. Першае — гэта Нясьвіж. У сутарэньні касьцёлу Божага Цела ў Нясьвіжы знаходзіцца пахавальня Радзівілаў. Апошнюю урну — з прахам Антона Радзівіла — замуравалі ў сьцяну пахавальні ў 2000 годзе.

Глеб Лабадзенка
Глеб Лабадзенка

«Але тут ёсьць аргумэнты супраць. Па-першае, Магдалена ніколі не была ў Нясьвіжы, — кажа Лабадзенка. — Яна ня з гэтага роду, яна выйшла замуж за Радзівіла (Магдалена паходзіць з роду Завішаў — РС). А Радзівілы ставіліся да яе звысака, называлі яе „беларусіха“. Апроч Магдалены, з сучасных Радзівілаў па-беларуску размаўляў толькі яе муж Мікалай Вацлаў, а таксама Альбрэхт».

Як месца пахаваньня таксама разглядаюцца Кухцічы (цяпер — пасёлак Першамайск Узьдзенскага раёну). У сядзібна-паркавым комплексе захавалася капліца-пахавальня. Тут у 1914 годзе быў пахаваны Мікалай Вацлаў Радзівіл, другі муж Магдалены. У савецкі час у капліцы зрабілі электрастанцыю, а труну зь целам Радзівіла ўскрылі і зацэмэнтавалі.

«На дзень народзінаў Магдалены 8 ліпеня мы былі ў Кухцічах разам з Мацеем і Мікалаем Радзівілам, — кажа Лабадзенка. — Прыемна, што там памятаюць пра Магдалену. Нават сьвяткуюць яе дзень народзінаў».

Капсула з прахам Магдалены Радзівіл у Менску
Капсула з прахам Магдалены Радзівіл у Менску

Аднак Лабадзенка лічыць, што Кухцічы — ня самае ўдалае месца для пахаваньня Магдалены Радзівіл. Капліца-пахавальня цяпер у дрэнным стане, а магіла Мікалая Вацлава зьнішчаная. Таму капсулу Магдалены хочуць прывезьці ў Кухцічы толькі для сымбалічнага разьвітаньня з мужам.

Капліца-пахавальня ў Кухцічах, архіўнае фота
Капліца-пахавальня ў Кухцічах, архіўнае фота

«Найлепшыя гады жыцьця яна правяла ў Менску, — кажа Лабадзенка. — Яна вымушана пакінула горад і потым спрабавала вярнуцца. Але бальшавікі не пусьцілі яе. Думаю, гэтым яны выратавалі ёй жыцьцё».

Ксёндз Юры Санько, прэсавы сакратар Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі, пацьвердзіў Свабодзе, што канчатковага рашэньня пра месца пахаваньня праху Магдалены Радзівіл яшчэ няма. «Камэнтаваць нешта складана, — сказаў ксёндз Юры. — Ад курыі ніякіх дазволаў у гэтай справе не было. А па-другое, Чырвоны касьцёл — гэта будынак гораду, ня наш будынак. Таму тут будзе прымацца калектыўнае рашэньне».

Перавоз праху Магдалены Радзівіл — гэта складаньне нацыянальнага пазлу

Марыя Магдалена Радзівіл — мэцэнатка і фундатарка многіх беларускіх праектаў пачатку XX стагодзьдзя. Яна нарадзілася ў Варшаве ў 1861 годзе, але дзяцінства правяла ў Беларусі — у маёнтках Жорнаўка (сёньня Асіповіцкі раён) і Кухцічы (Узьдзенскі раён).

Яна была адной зь нямногіх арыстакратаў, якія называлі сябе беларусамі. Як піша гісторык Мікола Багадзяж, у 1912 годе Магдалена Радзівіл напісала пра сябе ў газэце «Минское русское словo»: «Лічу сябе беларускай, паходжаньня літоўскага. Як і муж мой, за польку сябе не лічу».

Прынц Дзьвюх Сыцыліяў Антоніё дэ Бурбон (ніжні справа) разам з Магдаленай Радзівіл
Прынц Дзьвюх Сыцыліяў Антоніё дэ Бурбон (ніжні справа) разам з Магдаленай Радзівіл

За ўласныя грошы яна адкрыла беларускія школы ў сваіх уладаньнях Каменцы, Кухцічах і Ўзьдзе, фінансавала выдавецтва «Загляне сонца і ў наша ваконца», Беларускае выдавецкае таварыства, газэту «Беларус». Яна фундавала выданьне кніг Багдановіча і Канстанцыі Буйлянкі.

У 1918 годзе эмігравала ў Польшчу. З 1932 году і да канца дзён жыла ў Швайцарыі. З-за мяжы дапамагала беларускім арганізацыям у Заходняй Беларусі.

Да 2017 года тут была магіла Магдалены Радзівіл
Да 2017 года тут была магіла Магдалены Радзівіл

​Магдалена Радзівіл памерла ў швайцарскім Фрыбуры ў 1945 годзе. У сваёй апошняй волі яна завяшчала, што хоча быць пахаванай у Беларусі.

Беларуская супольнасьць Швайцарыі штогод адведвала магілу Магдалены Радзівіл у Фрыбуры, падтрымлівала сувязь зь ейнымі сваякамі. Прынц Дзьвюх Сыцыліяў Антоніё дэ Бурбон — наўпроставы праўнук Магдалены Радзівіл. Ён жыве ў Лязане і да апошняга часу прыяжджаў на магілу прабабулі.

На разьвітаньні з прахам Магдалены Радзівіл у касьцёле ў Фрыбуры чыталі вершы літаратараў, якіх яна падтрымлівала.

Павал Мацукевіч, часовы павераны ў справах Беларусі ў Швайцарскай Канфэдэрацыі раам з праўнукам Магдалены Радзівіл — прынцам Бурбонам
Павал Мацукевіч, часовы павераны ў справах Беларусі ў Швайцарскай Канфэдэрацыі раам з праўнукам Магдалены Радзівіл — прынцам Бурбонам

Паводле Аляксандра Сапегі, спадчынай Магдалены апякуецца амбасада Беларусі ў Швайцарыі. Павал Мацукевіч, часовы павераны ў справах Беларусі ў Швайцарскай Канфэдэрацыі, на службовай машыне прывозіў прынца Бурбона на Дзяды ў Фрыбур. Таксама ён адвозіў прынцу урну з прахам для разьвітаньня.

«Прыемна, што ўлады бяруць удзел у гэтай справе», — сказаў Сапега.

Цяпер, калі апошняя воля Магдалены Радзівіл выкананая, трэба дачакацца канчатковага рашэньня наконт месца пахаваньня. Ейныя нашчадкі ўжо зьвярнуліся ў Чырвоны касьцёл, каб яе прах быў пахаваны тут. Калі будзе вызначана месца і час пахаваньня, на ўрачыстую цырымонію прыедуць прадстаўнікі роду Радзівілаў.

Капсула з прахам Магдалены Радзівіл
Капсула з прахам Магдалены Радзівіл

«Для мяне гэта складаньне нацыянальнага пазлу, — кажа Лабадзенка. — Гэта ключавы чалавек для беларускай культуры. Безь яе былі б немагчымыя многія паэты і празаікі. Калі Мацей Радзівіл сказаў мне пра намер перавезьці прах у Беларусь, мяне гэта крайне ўзрушыла. Гэта падзея такога ж значэньня, калі б прах Багдановіча пераносілі ў Беларусь».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG