Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На сайце пошуку семʼяў для сірот можна ўсынавіць... каалу, кветкі і чорныя квадраты


Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

На сайце пошуку семʼяў для сірот dadomu.by можна ўсынавіць... каалу, кветкі і чорныя квадраты. Якія шанцы ў дзяцей, чые фотаздымкі замяшчаюцца карцінкамі з флёрай і фаўнай?

Інфармацыю пра большасьць дзяцей, якія маюць патрэбу ў падтрымцы, можна знайсьці на інтэрнэт-партале «Дадому бай». Гісторыя зьяўленьня віртуальнай пляцоўкі бярэ пачатак ад 2012 году, калі актывісты руху арганізавалі збор подпісаў за стварэньне інфармацыйнага рэсурсу, дзе можна было б зьмяшчаць зьвесткі пра дзяцей, якія жывуць у прытулках, дамах дзіцяці, дамах-інтэрнатах і маюць патрэбу ў семʼях. Ідэю падтрымалі ведамствы, якія апякуюцца безназорнымі дзецьмі:

— Нацыянальны цэнтар усынаўленьня Міністэрства аховы здароўя, пад патранажам якога ў дамах дзіцяці выхоўваюцца малыя безь семʼяў да 3-4 гадоў;

— Міністэрства адукацыі адказвае за дабрабыт дзяцей ад 3-4 гадоў і да паўналецьця ў дзіцячых дамах, якія часова знаходзяцца ў прытулках, выхоўваюцца ў школах-інтэрнатах і часова замяшчальных семʼях.

— Дамы-інтэрнаты Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, дзе выхоўваюцца дзеці рознага ўзросту, якія маюць сурʼёзныя асаблівасьці стану здароўя.

Гомельскі хлопчык-каала

Пасьля рэгістрацыі на сайце можна трапіць у віртуальную галерэю з выявамі дзяцей ва ўзросьце да 17 гадоў. Стандартная інфармацыя зьмяшчае фотаздымак, імя, узрост, месца выхаваньня, захапленьні і адметнасьці характару. Але саліднае дзяржаўнае куратарства яшчэ не азначае гарантыю роўных інфармацыйных магчымасьцяў. У некаторых акенцах замест дзяцей растуць кветкі, зьзяюць чорныя квадраты, а пад інфармацыяй пра 7-гадовага Данілу К. з Гомельшчыны ўвогуле зьмешчаны... «партрэт» мядзьведзя-каалы.

Алена Шэрман, старшы інспэктар па ахове дзяцінства Нацыянальнага цэнтру ўсынаўленьня, тлумачыць, што адсутнасьць здымку можа быць выклікана або рашэньнем апекуна, або нежаданьнем самога дзіцяці, якое ён мае права выказваць ад 10-гадовага ўзросту. Апроч таго, трэба браць у разьлік як маральны, так і юрыдычны бок справы:

«Дзеці старэйшага ўзросту — 14-15 гадоў — ня хочуць тут фігураваць. Пасьля 9-й клясы навучаюцца ў каледжах, ліцэях і таксама маюць права на ўсынаўленьне, але яны ўжо дарослыя, пачынаць з нуля складана. Таму ідзе ўладкаваньне найперш малодшых, да 10 гадоў. Таксама ёсьць установы для дзетак з асаблівасьцямі псыхафізычнага разьвіцьця — інтэрнаты для дзяцей-інвалідаў. Са зразумелых прычынаў апякун не вывешвае фота, бо гэта выклікае ня вельмі пазытыўныя ўражаньні — сэрца крывёю абліваецца, гледзячы на такіх дзетак. Да таго ж, дакладна прапісана, хто і на якіх умовах можа прыняць дзіця, бо ў такога кшталту ўстанове ўсё ж адпаведны мэдычны кантроль. Наўрад ці звычайная сямʼя зможа аказаць яму годную ўвагу, забясьпечыць лекаваньне. Фактычна трэба звольніцца з працы, каб сядзець зь ім».

Як зазначае суразмоўніца, у інтэрнаты патэнцыйныя бацькі зьвяртаюцца. Часта, калі ў сямʼі ўласнае дзіцё пакутуе на цэрэбральны параліч і бацькі ведаюць, як з гэтым спраўляцца.

Дзяўчынка з карымі вачыма

Жыхарка Менску Натальля Талівінская стала новай мамай для маленькай Ульяны чатыры гады таму. У свой час яна сама прайшла пакуты сіроцтва і, маючы двух уласных дзяцей — Сашу і Мішу — з мужам Аляксандрам адважыліся на яшчэ большае пашырэньне сямʼі. На яе перакананьне, кожны патэнцыйны ўсынавіцель мусіць асабіста і пасьлядоўна прайсьці ўсе колы звышадказнай справы, таму інтэрнэту ў дадзеным выпадку давяраць варта ў апошнюю чаргу:

Натальля Талівінская з маленькай Ульянай
Натальля Талівінская з маленькай Ульянай

«Калі я выбірала дзіцятка, мне таксама хацелася б пабачыць іншых. Але сёньня я разумею, што вялікая рызыка расчаравацца. Ой, прыгожая дзяўчынка на фота, вазьму — і ўсё ў жыцьці будзе выдатна. На эмоцыях нічога не атрымаецца, трэба ехаць, глядзець, адчуць, наколькі гэта вялізная адказнасьць. Бо наперадзе чакае нашмат большая праца. І калі не гатовы да ахвяраваньня, потым дасягнуць паразуменьня зь дзіцём будзе складана. Магчыма, такі сайт — гэта добры варыянт для дзяцей з інваліднасьцю (хоць, хутчэй за ўсё, усе дзеці будуць зь нейкімі хваробамі — псыхалягічная траўма застаецца траўмай). Ва ўсіх астатніх выпадках трэба ехаць на месца, глядзець, прымаць рашэньне, хай гэта будзе праца».

Натальля Талівінская згадвае, як адбылося першае знаёмства з Ульянкай — дзяўчынка адразу прадэманстравала свой незалежны характар:

«Ад дзяўчынкі адмовіліся, і я паехала глядзець. Папярэдне для сябе вырашыла: калі будзе з карымі вачыма і сьветлымі валасамі — тады без варыянтаў. Дзяўчынка, пабачыўшы мяне, страшэнна расплакалася. І каб я не „запраграмавала“ сябе на карыя вочы і сьветлыя валасы, можа і не ўзяла б, проста напалохала яе гістэрыка. Але тады падумала: усё, што хацела, у ёй ёсьць, астатняе паправім. І не памылілася. То бок, не выбірала сярод іншых дзяцей, убачыла — і ўсё. Хоць бывае інакш. Мой брат таксама ўсынавіў хлопчыка, толькі не адразу. Першы раз паехалі і таксама спужаліся, бо ён моцна крычэў. Пачалі шукаць спакайнейшага. І ўрэшце знайшлі, хоць было падазрэньне на гепатыт. Але адразу выбралі, адразу палюбілі. Цяпер гэта нармальны, здаровы хлопчык, праўда, спуску ім не дае».

Паводле афіцыйных зьвестак, у Беларусі 80% сіротаў маюць кагосьці з жывых бацькоў. Калі ў абсалютных лічбах, то з 21.149 дзяцей толькі 5 тысяч зьяўляюцца біялягічнымі сіротамі. Астатнія забраныя на выхаваньне з праблемных семʼяў ці засталіся без нагляду праз хваробы ці сьмерць бацькоў. Чаму на партале dadomu.by гэтая колькасьць істотна меншая? Паводле дадзеных на 1 ліпеня, разьмешчана інфармацыя пра 4049 дзяцей, якія маюць патрэбу ў сямʼі. Алена Шэрман гаворыць, што прыярытэтнай задачай — уладкаваць дзяцей да сваякоў, чужыя людзі падключаюцца ў сытуацыі безвыходнасьці:

«У гэтую вялікую лічбу ўваходзяць дзеці, уладкаваныя ў семʼі сваякоў — шмат тых, хто застаўся без апекі бацькоў, прымаюць блізкія. Таму сваякі незацікаўленыя, каб зьвесткі пра іх выхаванца былі на партале dadomu.by — яны самі займаюцца выхаваньнем. Уладкаваньне ў сямʼю сваякоў прыярытэтнае. То бок, зь сямʼі сваякоў мы не перадаём у іншыя семʼі, сэнсу ў гэтым няма. Тут зьвесткі толькі пра тых, хто знаходзіцца ў чужых семʼях і ў інтэрнатных установах. Бо дзе лёгіка? Калі цётка выхоўвае пляменьніка, навошта яна будзе яго перадаваць староньняй грамадзянцы, якая ўладкавалася на працу ў аддзел адукацыі і хоча стварыць прыёмную сямʼю? Яна сама прыняла пад апеку дзіця і пра яго клапоціцца, гэта сын яе роднай сястры. Таму зьвесткі пра такіх дзяцей тут не разьмяшчаюцца».

«Баявыя» курсы маладой маці

У апошнія гады Беларусь намагаецца памяняць палітыку працы зь дзецьмі-сіротамі на карысьць прыёмных семʼяў. За чатыры гады ў адным толькі Менску колькасьць дзіцячых дамоў сямейнага тыпу вырасла ад тузіну ў 2011-м да паўсотні ў 2015-м, то бок у чатыры разы. Цяпер тут выхоўваюцца больш за 300 дзяцей. Звыш 1200 дзяцей жывуць у апякунскіх семʼях, яшчэ дзьве сотні — у прыёмных.

Спадарыня Шэрман удакладняе, што ўвага жыхароў Беларусі да кінутых і незаслужана пакрыўджаных дзяцей хоць памалу, але ўсё ж падвышаецца. На гэта сьведчыць і статыстыка ўсынаўленьня парталу dadomu.by:

«У лістападзе будзе тры гады, як працуе сайт, таму ўжо можна гаварыць пра пэўныя тэндэнцыі. Калі цягам першага паўгодзьдзя 2015-га, дзякуючы парталу, усынавілі 350 дзетак, то ад студзеня да канца чэрвеня гэтага году — 470. У першым паўгодзьдзі летась ўзята пад апеку 150 дзетак, а за аналягічны пэрыяд сёлета — 226. Але найлепшая лічба, якая можа быць, — гэта вяртаньне дзяцей уласным бацькам: 154 дзетак вярнуліся дадому за першае паўгодзьдзе 2015-га і 208 — за такі ж прамежак часу ў 2016-м».

Ці спрыяе ўсынаўленьню сама працэдура? Ці не адбівае яна ахвоты ў тых, хто гатовы апекавацца сіротамі? Вось што з уласнага досьведу расказвае Натальля Талівінская:

Новая сямʼя Ульяны — сястра Аляксандра і брат Міша
Новая сямʼя Ульяны — сястра Аляксандра і брат Міша

«У працэсе ўсынаўленьня патрабавалася прайсьці адмысловыя курсы. Гэта патрэбна, хоць важнасьць разумееш не адразу. Спачатку ўражаньне, што з усіх бакоў барʼеры, перашкоды, некаторыя на гэтым этапе здаюцца, нэрвы не вытрымліваюць — маўляў, усё супраць мяне. Але потым прыходзіць разуменьне, што гэта не дарэмна, для тваёй жа карысьці. У мяне таксама было шмат эмоцый, хацелася хутчэй; дрыжэлі, рукі, ногі, не цярпелася самой убачыць і іншым паказаць, як гэта здорава. Цяпер, калі мінулі чатыры гады, разумееш, наколькі гэта вялізная праца, якую нельга рабіць толькі на эмоцыях. Рашэньне павінна быць цьвёрдае і дакладна ўзважанае, усе набытыя веды потым вельмі дапамагаюць. Асабліва калі непасрэдна пачынаецца адаптацыя дзіцяці, якая па першым часе палохае ўсіх. Зрэшты, такія працэдуры існуюць у бальшыні краінаў, нельга проста захацець і ўзяць дзіцянё».

Нягледзячы на тое, што ўсё больш дзетак знаходзяць новых апекуноў, а некаторым шчасьціць вярнуцца да сапраўдных бацькоў, тэндэнцыя на высокі паказьнік сацыяльнага сіроцтва захоўваецца. Паводле аддзелу сацыяльна-пэдагагічнай працы і аховы дзяцінства Міністэрства адукацыі, у Беларусі больш за 27 тысяч дзяцей жывуць у сацыяльна небясьпечным стане, блізу 3 тысяч маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

Паказьнікі рэабілітацыі бацькоў у сваіх правах не дадаюць аптымізму. За мінулы год з больш чым 15 тысяч вымушаных сіротаў пры жывых бацьках дадому вернутыя толькі крыху больш за 200 дзяцей, блізкая лічба будзе і сёлета. Як кажуць у ведамстве, на жаль, ня ўсіх бацькоў можна прымусіць быць добрымі татамі і мамамі, ад чаго ўласнае дзіцё атрымлівае статус сацыяльнага сіраты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG