Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Беларусі зрабіла дыпляматам завочную вымову


Скрыншот відэа здарэньня з машынай з дыпляматычнымі нумарамі, празь якое Мірончык зрабіў нефармальную вымову замежным дыпляматам

Прэс-сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Дзьмітры Мірончык заявіў, што ведамства «настойліва заклікае» акрэдытаваны ў Беларусі дыпляматычны корпус выконваць закон «Аб правілах дарожнага руху», перадае БелТА.

«МЗС уважліва сочыць за выкананьнем акрэдытаванымі ў Менску дыпляматычнымі прадстаўніцтвамі Вэнскай канвэнцыі аб дыпляматычных стасунках, — заявіў Мірончык. — Гэты дакумэнт прадугледжвае пэўныя прывілеі і імунітэт дыпкорпусу. Аднак ён не дае індульгенцыі на ўседазволенасьць, асабліва на дарозе. Больш за тое, Венская канвэнцыя выразна дае зразумець, што супрацоўнікі дыпмісіяў, якія карыстаюцца прывілеямі ды імунітэтам, абавязаныя бяз шкоды для сваіх прывілеяў і імунітэтаў паважаць законы і пастановы дзяржавы знаходжаньня».

Мірончык завочна папярэдзіў дыпляматаў: невыкананьне правілаў дарожнага руху пагражае «трагічнымі наступствамі, ад якіх не абароняць ніякія імунітэты».

Завочная вымова дыпляматам адбылася праз канфлікт, што адбыўся 29 ліпеня, калі машына з дыпляматычнымі нумарамі насуперак правілам «уклінілася» перад машынай менчука; пра здарэньне распавядаў Onliner.by. Мірончык назваў здарэньне «фактам яўнага парушэньня і грубага ігнараваньня правілаў дарожнага руху», таксама згадаўшы «падобныя папярэднія інцыдэнты».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG