Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Двайны сымбаль


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Сьвяткаваньне 15-ай гадавіны стварэньня саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі выдалася адметным. Яно прайшло на тле залпаў харчовай вайны. Якраз у дзень юбілею на мяжы з Расеяй зьявіліся беларускія памежнікі і мытнікі, якія правяралі фуры, што ішлі з тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі. Сям-там узьніклі чэргі.

Цяперашняя харчовая вайна даволі дзіўная. Лукашэнка падчас сустрэчы зь дзяржаўным сакратаром саюзнай дзяржавы Рыгорам Рапотам 9 сьнежня адзначыў: «Цямніць адзін перад адным нам няма чаго, цяпер сытуацыя ня тая, каб гуляць у нейкія дыпляматычныя гульні, нейкія хітрыкі». Заява вельмі трапная, бо абодва бакі якраз цемняць, гуляюць у дыпляматычныя гульні, выкарыстоўваюць хітрыкі.

Глядзіце, афіцыйныя прадстаўнікі і сайт Рассельгаснагляду недвухсэнсоўна намякаюць, што Беларусь займаецца кантрабандай у Расею забароненага харчаваньня з Эўропы. Спасылаюцца на дадзеныя Фэдэральнай мытнай службы Расеі, згодна зь якой з пачатку дзеяньня харчовага эмбарга, уведзенага Расейскай Фэдэрацыяй, імпарт Беларусьсю прадуктаў харчаваньня вырас на 80%. Маўляў, самі падумайце, куды падзеліся гэтыя тавары.

Але ж расейскае ведамства ня кажа наўпрост, што, забараніўшы пастаўкі мясных вырабаў зь Беларусі, мы караем вас за кантрабанду эўрапейскіх харчоў. Забарону на беларускае мяса Рассельгаснагляд тлумачыць дрэннай якасьцю прадукцыі. Раптам у адзін дзень адразу на 23 прадпрыемствах Беларусі расейскія наглядныя органы выявілі дэфэкты ў мясных вырабах. Іншы бок нібыта павінен здагадацца, у чым палягае сапраўдная прычына такіх дзеяньняў РФ.

Беларускі бок таксама цемніць. Ён адмаўляе, што займаецца рээкспартам харчовых тавараў з Эўрапейскага Зьвязу ў Расею. Хоць шмат эўрапейскіх мэдыяў пісалі, што ў маскоўскіх крамах можна знайсьці францускі сыр, нарвэскі ласось, крэвэткі і іншую экзотыку зь беларускай этыкеткай.

Хоць беларускія памежнікі і мытнікі інтэнсіўна правяраюць фуры, якія ідуць з тэрыторыі РФ, Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі абверг інфармацыю пра аднаўленьне мытнага кантролю на мяжы з Расеяй.

Абодва бакі хітруюць, імкнуцца аб’ягорыць адзін аднаго, дзейнічаюць не па правілах, а па «паняцьцях». Што ўжо даўно стала нормай

Ідзе такая дзіўная палітычная гульня. Уся праблема ў тым, што пакараньне за кантрабанду расейскаму боку немагчыма абгрунтаваць юрыдычна. Бо, па-першае, адна справа — ведаць пра транзыт празь Беларусь прадукцыі з краінаў ЭЗ, і зусім іншая справа — гэта афіцыйна зафіксаваць, скласьці адпаведны пратакол і г. д. А з гэтым праблема па многіх прычынах. Вось эканаміст Сяргей Чалы падлічыў, што толькі 0,7% зафіксаваных Рассельгаснаглядам парушэньняў пры пастаўках харчаваньня зь Беларусі можна лічыць рээкспартам з ЭЗ. Забараняць на гэтай падставе экспарт фактычна ўсяго беларускага мяса нелягічна.

Па-другое, нават калі кантрабанда і была б даказаная, паўстае пытаньне пра тое, на якой юрыдычнай падставе ўводзіць забарону на ўвоз беларускіх тавараў на расейскую тэрыторыю. Бо Беларусь і Расея маюць адзіную мытную і эканамічную прастору. Менск не далучыўся да эмбарга, уведзенага Масквой у дачыненьні да харчовай прадукцыі з ЭЗ. Беларусь толькі праявіла добрую волю, паабяцаўшы Расеі не займацца рээкспартам эўрапейскага харчаваньня ў РФ. А абяцаньне — не юрыдычная катэгорыя.

Таму абодва бакі хітруюць, імкнуцца аб’ягорыць адзін аднаго, дзейнічаюць не па правілах, а па «паняцьцях». Што ўжо даўно стала нормай. У шматгадовай гісторыі «братняй інтэграцыі» можна ўзгадаць нямала выпадкаў няшчырасьці ў эканамічных дачыненьнях. Адна толькі «справа «растваральнікаў» чаго вартая.

Сымбалічна, што харчовая вайна паміж Беларусьсю і Расеяй адбываецца ня толькі ў момант 15-гадовага юбілею саюзнай дзяржавы, але і фактычна за тры тыдні да пачатку функцыянаваньня Эўразійскага эканамічнага саюзу. Атрымаўся двайны сымбаль. Бо вайна і эканамічны саюз больш высокага ўзроўню неяк цяжка стыкуюцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG