Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адмыслоўцы пацьвярджаюць словы Лукашэнкі: лепшае — расейцам, горшае — сабе


Пасьля перамоваў беларускай дэлегацыі ў Маскве зь віцэ-прэм’ерам Расеі Аркадзем Дварковічам і прадстаўнікамі Рассельгаснагляду віцэ-прэм’ер Беларусі Міхаіл Русы заявіў, што абмежаваньні на пастаўку беларускай мясной прадукцыі ў Расею будуць зьнятыя цягам 10 дзён. Наколькі абгрунтаваныя былі прэтэнзіі расейскага боку да 23 беларускіх прадпрыемстваў мяса-малочнай прадукцыі?

Пасьля рэзкіх заяваў Аляксандра Лукашэнкі 3 сьнежня, што забаронай на пастаўкі беларускіх тавараў Расея пайшла на парушэньне ўсіх дамоўленасьцяў у Мытным саюзе, што братняя Расея паводзіць сябе непрыстойна, сытуацыя хутка пачала мяняцца. У дачыненьні да шэрагу беларускіх прадпрыемстваў абмежаваньні ўжо зьнялі. На пытаньне, наколькі Расея мела рацыю, сьцьвярджаючы пра наяўнасьць у беларускай прадукцыі небясьпечных антыбіётыказў, генома АЧС, іншых шкодных рэчываў, віцэ-прэм’ер Беларусі Міхаіл Русы адказаў так:

«Дзесьці было, дзесьці — не было, дзесьці пацьвярджаецца, дзесьці не пацьвярджаецца. Таму праводзяцца мерапрыемствы, праверкі. Самае галоўнае пытаньне на сёньня — гэта правілы адбору ўзораў для аналізу, каб не было падвойнай інтэрпрэтацыі — як, дзе, пры якіх умовах».

Адмыслоўца з 30-гадовым стажам Алена, якая яшчэ за савецкім часам скончыла Маскоўскі інстытут мяса-малочнай прамысловасьці і асьпірантуру, перакананая, што на буйных беларускіх мясакамбінатах усе ГОСТы ды іншыя стандарты выконваюцца:

«Не, я думаю, што гэта зноў палітычныя гульні. Я думаю, што вытворцы тут ні прычым. Ні адзін мясакамбінат не дазволіць сабе нешта парушыць. Яны настолькі ўсё правяраюць, столькі грошай трацяць на рэактывы, укаранілі сыстэму якасьці — бяз гэтага ніяк нельга. Там жа кантроль надзвычайны! І я ня думаю, што хто-небудзь з супрацоўнікаў лябараторыі возьме на сябе адказнасьць падрабіць аналіз. Людзі дрыжаць за працу».

Калегі-журналісты з «„Комсомольской правды“ в Белоруссии» правялі экспэрымэнт: занесьлі забароненыя ў Расеі кураціну, каўбасу і вяндліну ў Беларускі вэтэрынарны цэнтар. У пятнічным нумары газэты — вынікі дасьледаваньня: геному АЧС, сальманэлы, лістэрыяў ды іншых «жахаў» дакладна ня знойдзена. Дырэктар Беларускага вэтэрынарнага цэнтру Аляксандар Аксёнаў заявіў:

Расейскі бок павёў сябе з намі некарэктна: яны сабралі ўсе неадпаведнасьці і выдалі прэтэнзіі за 3 гады

«Расейскі бок павёў сябе з намі некарэктна: яны сабралі ўсе неадпаведнасьці і выдалі прэтэнзіі за 3 гады. І закрылі 23 нашыя прадпрыемствы, замест таго, каб выстаўляць прэтэнзіі па меры выяўленьня».

Прадукцыя Ваўкавыскага мясакамбінату ня трапіла пад расейскія абмежаваньні. Чаму маглі трапіць пад санкцыі іншыя салідныя мясакамбінаты з добрай рэпутацыяй? Выканаўца абавязкаў дырэктара Ваўкавыскага мясакамбінату Аляксандар Гесь выказаў вэрсію, што ёсьць афіцыйны экспарт, а ёсьць так званы «сумкавы» экспарт, то бок калі чалавек бярэ сумку з прадукцыяй і вязе яе ў Смаленск на рынак прыватніку, і той гэта мяса прадае:

«У тым ліку і наша прадукцыя трапляла так на рынак. Калі ідзе афіцыйная пастаўка, мы пастаўляем правераным пакупнікам, мы ўпэўненыя, што яны і падтрымлівалі неабходную тэмпэратуру і падчас транспартаваньня прадукцыі, і ў працэсе яе рэалізацыі. Адпаведна, расейскаму спажыўцу дойдзе якасны прадукт. Тут трэба разглядаць і аналізаваць, як былі атрыманыя вынікі ўсіх дасьледаваньняў, адкуль. І ці афіцыйнай была пастаўка прадукцыі, ці не. І тады рабіць высновы пра аб’ектыўнасьць ацэнкі».

Аляксандар Лукашэнка запэўніў на нарадзе 3 сьнежня, што ў Расею наагул ідзе лепшая прадукцыя; горшае, маўляў, пакідаем сабе. Экспэрт у мяса-малочнай прадукцыі Алена пацьвярждае:

Калі ў лябараторыі хоць малое адхіленьне, проста на кропельку — тавар вяртаецца альбо на другасную перапрацоўку, альбо на ўнутраны рынак

«Так, так. Таму што настолькі баяцца забраковак! Колькі я працавала на вытворчасьці, калі ў лябараторыі хоць малое адхіленьне, проста на кропельку — тавар вяртаецца альбо на другасную перапрацоўку, альбо на ўнутраны рынак».

Нават не спэцыяліст і не гурман скажа, што мяса парсючка і курыцы, што выгадавала бабуля ў вёсцы, істотна адрозьніваецца ад бройлера і сьвініны з крамы. Што рабіць, як выбраць якасны і бясьпечны прадукт, прадукцыі якога мясакамбінату можна давяраць? Адмыслоўца раіць:

«Толькі хатні адкорм. Вы думаеце, адна птушкафабрыка адрозьніваецца ад іншай? Ці сьвінакомплексы? Адкорм цяпер такі — думайце самі. Цяпер сьвіньню вырошчваюць 3 месяцы, і сьвіньня дасягае 100 кіляграмаў. Штодзённае прыбаўленьне ў вазе — 1 кг. Уявіце, чым сьвіньню трэба карміць, каб яна за суткі прыбаўляла кіляграм. Курыца дасягае ўбойнай вагі 2−2,2 кг за 30−35 дзён. Наагул, выбару ў нас няма. Альбо ехаць у вёску, гадаваць сваіх курэй, якія ня 30 дзён будуць расьці, а 3 месяцы. Альбо есьці тое, што ёсьць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG