Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы лічаць, што затрыманай у Менску чачэнцы пагражае сьмерць


Луіза Дудуркаева, фота з сасетак

Напярэдадні ў аэрапорце «Менск» была затрымана 21-гадовая ўцякачка з Чачні Луіза Дудуркаева. Дзяўчыну выдалі сваякам, і цяпер ёй пагражае сьмерць на радзіме.

Пра гэта праваабарончаму цэнтру «Вясна» сказалі юрыст дзяўчыны і псыхоляг Валянціна Ліхашва з мурманскай ініцыятывы «Максимум», якія суправаджалі яе падчас пераезду ў Нарвэгію, дзе ёй далі прытулак.

3 верасьня Луіза Дудуркаева разам з давераным юрыстам і псыхолягам выправіліся з Мурманску ў Маскву, каб затым празь Менск вылецець у Осла. Аднак у маскоўскім аэрапорце іх чакалі паліцэйскія, якія заявілі, што дзяўчына знаходзіцца ў фэдэральным вышуку як асоба, якая страціла роднасную сувязь.

На гэтай падставе ў Луізы ўзялі тлумачэньні, пасьля чаго яе адпусьцілі, бо не было падставаў для затрыманьня. Разам зь юрыстам яны папрасілі выдаліць яе з базы фэдэральнага вышуку і вылецелі ў Менск.

4 верасьня ў менскім аэрапорце Луіза Дудуркаева і асобы, якія яе суправаджалі, прайшлі пашпартны і мытны кантроль, ім паставілі адпаведныя адзнакі ў праязныя дакумэнты, і яны накіраваліся ў залю для пасадкі на наступны рэйс.

Аднак празь нейкі час іх вярнулі на пункт кантролю. Супрацоўнікі міліцыі адвялі дзяўчыну ў пакой для допыту. Юрыста туды не дапусьцілі, нягледзячы на тое, што ў яго была натарыяльна завераная даверанасьць, каб прадстаўляць яе інтарэсы. На працягу гадзіны з Луізай Дудуркаевай размаўляў супрацоўнік крымінальнага вышуку, які адмовіўся прадставіцца праваабаронцам, але паказаў дакумэнт, дзе значылася, што дзяўчына знаходзіцца ў вышуку як зьніклая бязь вестак.

Пасьля допыту заплаканая Луіза выйшла да праваабаронцаў. Побач зь ёй быў чалавек, які назваўся яе бацькам. Падставаў для затрыманьня па-ранейшаму не было. Аднак, каб юрыст мог і далей прадстаўляць яе інтарэсы, дзяўчына павінна была пацьвердзіць свой намер працягнуць паездку ў прысутнасьці супрацоўнікаў міліцыі. Але дзяўчына зь цяжкасьцю выціснула зь сябе, што паедзе дадому.

Праваабаронцы лічаць, што супрацоўнікі расейскай паліцыі далі інфармацыю пра намеры дзяўчыны і яе месцазнаходжаньне сваякам насуперак яе волі. Цяпер у Чачні існуе пагроза яе жыцьцю.

«Луіза знаходзіцца ў перадсуіцыдальным стане. Я лічу, што яна зьмяніла сваё рашэньне пад узьдзеяньнем пагрозаў яе бацькі, які прысутнічаў пры допыце. Пры гэтым яе прадстаўніка на допыт не пусьцілі. Шанцы, што па вяртаньні ў Чачню яе забʼюць, вельмі вялікія. Я сурʼёзна баюся за яе. А супрацоўнікі беларускай міліцыі ўвесь гэты час адкрыта насьміхаліся зь яе і з нас», — кажа псыхоляг Валянціна Ліхашва.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG