Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея адмовілася ўтылізаваць палову савецкай бранятэхнікі, бо «павялічыўся патрыятызм» насельніцтва


Ілюстрацыйнае фота, 21 жніўня 1991 году

Да 2020 году Расея плянуе ўтылізаваць у межах дзяржаўнай праграмы ўжо ня 10 тысяч адзінак бранятанкавага ўзбраеньня і савецкай тэхнікі, а толькі 4 тысячы, перадае ТАСС заяву прадстаўніка расейскага Міністэрства абароны Аляксандра Шаўчэнкі.

Паводле Шаўчэнкі, плянавалася ўтылізаваць тэхніку, што назапасілася на складах пасьля скарачэньня ўзброеных сілаў. Меркавалася, што яна ня мае далейшых пэрспэктываў ужываньня.

Але, кажа Шаўчэнка, «у сувязі са зьменай міжнароднага становішча, павелічэньнем баявой падрыхтоўкі ўзброеных сілаў Расейскай Фэдэрацыі, павелічэньнем ступені патрыятызму грамадзянаў Расейскай Фэдэрацыі, а таксама зьяўленьнем новых тэхнічных і тэхналягічных рашэньняў глыбокай мадэрнізацыі састарэлай тэхнікі» пляны перагледзелі.

Беларусь як утылізуе, так і мадэрнізуе вайсковую тэхніку, але звычайна не публікуе лічбы ўтылізацыі. Сьцьвярджаецца, што ў 2015 годзе разабралі і здалі ў чорны і каляровы лом 11 тысяч адзінак узбраеньня і вайсковай тэхнікі, 10 млн адзінак вайскова-тэхнічнай уласнасьці, а за здадзены мэталялом атрымалі звыш 4,8 млн даляраў.

Грузавікі, гусенічныя цягачы, прычэпы, электрастанцыі ды іншую тэхніку вайскоўцы выстаўлялі на продаж праз аўкцыён (так робіць і міліцыя – прадавалі нават стары аўтазак). Баявую ж тэхніку, часта мадэрнізаваную, Беларусь прадае за мяжу.

За 2012–2016 гады краіну назвалі 18-м найбуйнейшым экспартэрам асноўных відаў зброі. З 1991 году, паводле зьвестак SIPRI, Беларусь гандлявала толькі былой ва ўжываньні альбо «верагодна былой ва ўжываньні» зброяй; найбольш прадавалі Анголе, Азэрбайджану, Вугоршчыне, Емэну, Марока, Пакістану, Пэру, Судану і Сырыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG