Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ваююць бяз бронекамізэлек не ад бравады — ад слабасьці», — украінскія валянтэры пра выправы на лінію фронту


Дыяна Макарава на складзе рэчаў, ахвяраваных фронту

«Хто пайшоў на фронт? Людзі, у якіх куча розных болек, якія не былі кадравымі вайскоўцамі. З часам хваробы абвастрыліся. Я ведаю тых, хто на пярэдняй лініі бегае без бронекамізэлек. Не таму, што яны такія безразважныя, а таму, што ў іх грыжы, яны ня могуць такі цяжар насіць, сьпіны баляць», — кіеўская валянтэрка Дыяна Макарава пра паездкі на вайну.

Днямі ў Менску адбылося апошняе сёлета пасяджэньне трохбаковай кантактнай групы ў справе ўрэгуляваньня сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны. Бакі дамовіліся спыніць баі, пачынаючы ад 24 сьнежня. Гэта ўжо ня першая спроба замірэньня за два гады, але ўсе яны былі парушаныя.

Адно з самых чаканых сьвятаў на календары ня стала падставай да зьніжэньня градусу супрацьстаяньня ў эпіцэнтры канфлікту — абстрэлы на так званай Сьветладарскай дузе прывялі да вялікай колькасьці загінулых. А гэта значыць, сустракаць Каляды і Новы год украінскім вайскоўцам і добраахвотнікам давядзецца ў акопах. Адпаведна, валянтэрам трэба паклапаціцца, каб забясьпечыць байцоў ня толькі разнастайным сталом, але і добрым настроем.

«Вядзьмарка» Дыяна ідзе на вайну

Фонд апэратыўнай нацыянальнай дапамогі Дыяны Макаравай — ці не самая вядомая дабрачынная ініцыятыва ва Ўкраіне. Заснавальніца арганізацыі зарабіла і падмацавала свой аўтарытэт яшчэ ў якасьці «берагіні» Другой сотні — празь яе праходзіла ўсе рэчы і лекі для абаронцаў Майдану, а мабілізаваныя ёю добраахвотнікі ў кустарных умовах выраблялі бронекамізэлькі. Другая сотня трымала Дом прафсаюзаў і дзьве барыкады на вуліцы Грушэўскага, байцы Макаравай узялі на сябе першы ўдар спэцпадразьдзяленьня «Беркут». Намёты гэтай сотні згарэлі першымі.

Дыяна Макарава называе сябе «вядзьмаркай»
Дыяна Макарава называе сябе «вядзьмаркай»

На момант пачатку Рэвалюцыі годнасьці Дыяна Макарава была галоўнай рэдактаркай украінскага сэктару Livejournal, яе пэрсанальныя «пазыўныя» — Diana_ledi. А да гэтага — фізыка-матэматычная адукацыя, вытворчасьць мікрасхемаў на «нумарных» вайсковых заводах, прычым першыя гады пасьля інстытуцкага разьмеркаваньня прайшлі ў Гомелі.

Пасьля Майдану ў журналістыку Дыяна Макарава не вярнулася — рэвалюцыя зьмянілася антытэрарыстычнай апэрацыяй на ўсходзе Ўкраіны, зноў запатрабаваліся яе арганізатарскія здольнасьці.

«Мы не называем таго, што адбываецца, абязьлічанай абрэвіятурай АТА, то бок антытэрарыстычнай апэрацыяй, — гаворыць Дыяна Макарава. — Для нас гэта лаянкавае словазлучэньне. Мы гаворым проста і адкрыта — вайна. Бо гэта і ёсьць самая сапраўдная вайна. На жаль, ва ўсясьветнай супольнасьці ніяк не хапае сьмеласьці (ці сілы волі) прызнаць падзеі на Данбасе вайной. І гэта нягледзячы на тое, што ў нас гарыць увесь усход і там штодня гінуць людзі».

Калекцыя франтавых трафэяў
Калекцыя франтавых трафэяў

У чарговы дом на ўскраіне Кіева, зьняты пад патрэбы фонду, валянтэры пераехалі за некалькі дзён да нашай сустрэчы — праз нейкі час арэндадаўцы пачынаюць рэзка накручваць цэны, блытаючы дабрачынную і камэрцыйную дзейнасьць. Тут адначасова і жыльлё, і склад, і штаб-кватэра. Паўсюль яшчэ не распакаваныя пакункі, «эксклюзыўныя» падарункі з фронту, на сталах — кіпы фотаздымкаў. Некалькі партрэтаў маладых людзей ужо прымацаваныя — гэта, як удакладняе Дыяна Макарава, самыя блізкія сябры, якія загінулі на вайне. Неўзабаве сьцяна будзе запоўненая цалкам, фота бяруць у рамкі.

Дыяна Макарава пра тое, як пераўтварылася ў «вядзьмарку»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:00 0:00
Наўпроставы лінк

Сотні байцоў на ліні фронту лічаць Дыяну сваім добрым анёлам, хоць сама яна бачыць сябе ў крыху іншым вобразе. «Я сябе лічу вядзьмаркай», — бязь ценю іроніі гаворыць суразмоўца і дадае, што за гэтыя гады стала занадта жорсткай, а такая рыса анёлам не ўласьцівая. Унутраную трансфармацыю яна дасьціпна апісала ў кнізе «Сэктар V»:

«Я стала жорсткай, нават злой. Да гэтага прымусілі абставіны, споведзі маіх сяброў. Адзін зь іх, Эндру, неяк расказаў, што такое „сартаваньне параненых“. Ведаеце, як гэта? Калі хлопцы перад табой ляжаць, і ты мусіш выбраць тых, каго можаш уратаваць. Іншымі давядзецца ахвяраваць. Разумееце, чым я займаюся тры гады? Зразумела, што з параненымі маю справу пастолькі-паколькі, але я таксама павінна выбраць: вось тым дужа патрэбна, аж гарыць; іншыя, значыць, пачакаюць. А наступныя хай пачакаюць яшчэ больш, бо некаму дапамога неабходна проста страшэнна. І калі аднойчы адкладала-адкладала („Ну не магу цяпер дапамагчы, хлопча, пачакай, пачакай“), а ён раз — і памёр».

Партрэты палеглых сяброў
Партрэты палеглых сяброў

Як кажа Дыяна, амаль тры гады яны дапамагалі маладому байцу Косьцю — ён і гэтым разам з разуменьнем паставіўся, што некаму цяжэй, чым яму. А калі нарэшце дайшла чарга, то сустрэліся толькі ля ягонай труны на пахаваньні.

Апрануць голых і абуць босых

Чаму праца валянтэрскіх арганізацый ва Ўкраіне запатрабаваная дагэтуль? Адна справа, калі давялося супрацьстаяць агрэсіі на самым яе пачатку і без нацыянальнай салідарнасьці разьлічваць на посьпех было складана. Але ж з тае пары мінулі амаль тры гады. Дыяна Макарава цярпліва тлумачыць:

«Зразумела, што любая вайна, фронт — надзвычай дарагая справа. І як бы дзяржава не старалася (а яна сапраўды стараецца), усе дзіркі не закрыеш. Тым больш мы былі такімі ж, як і вы, — абсалютна міралюбівымі, даўно ні з кім не ваявалі і не зьбіраліся. І раптам на нас звалілася вайна. Не грамадзянская, хачу заўважыць, ваюем мы там з расейцамі. Бо і я, і ўсе тыя, хто там быў, скажуць, колькі стаіць супраць нас добра ўзброеных людзей. Ня рускіх у літаральным сэнсе — там могуць быць бураты, якуты, чачэнцы, інгушы — вайскоўцы расейскай арміі. Яны вымушаюць нас ваяваць. Мы былі негатовыя, наша армія ўступіла ў яе разваленай, босай, голай і галоднай. Вось тады на дапамогу кінуліся валянтэры. І займаемся гэтым па сёньняшні дзень. Таму што дапамога патрэбна пастаянна».

Мілітарызаваныя падарункі ад байцоў
Мілітарызаваныя падарункі ад байцоў

Ці здолела за прамінулы час украінская прамысловасьць перайсьці на ваенныя рэйкі? Ці забясьпечаная армія самым неабходным? Як кажа Дыяна Макарава, самае важнае, што салдат нарэшце накармілі і забясьпечылі вадой, апранулі і абулі — прынамсі шыецца форма, абутак. Але ўсяго іншага па-ранейшаму бракуе:

«Дагэтуль з жахам прыгадваю, як у 2014-м дастаўлялі хлопцам караваны прадуктаў, байцы былі ў літаральным сэнсе галодныя. Цяпер ужо кормяць. Істотна зрушылася справа з рамонтам і выпускам цяжкай тэхнікі — дзякуй богу, ёсьць „спартаны“, „казакі“, някепскія машыны. Таму пакрысе прамысловасьць падымаецца. Амаль ніхто ўжо ня просіць спальнікаў, шыюць нашы людзі (калі перакрылі патрэбы ў спальніках, гэта была проста грандыёзная перамога). Дзесьці за паўгода вырашылі праблему з каскамі і бронекамізэлькамі. Ня проста знайсьці сілы і рэсурсы, каб падняцца ў час вайны. СССР быў мілітарызаванай дзяржавай, але за 20 гадоў незалежнасьці здарылася так, што з украінскага войска ўсё некуды зьнікла. Давялося наноў знаходзіць, закупляць, вырабляць».

Паводле Дыяны Макаравай, за некалькі гадоў выпрацаваўся мэханізм стасункаў з фронтам — цяпер у большай ступені «спажывецкі кошык» фармуецца паводле папярэдніх заявак. Справаздача за кожную патрачаную грыўню друкуецца на старонцы фонду ў «Фэйсбуку»:​

Дапамога для насельнікаў прыкардонных рэгіёнаў
Дапамога для насельнікаў прыкардонных рэгіёнаў

«Нам дасылаюць заяўкі — часьцей за ўсё SMS-паведамленьнем. Там пералік усяго патрэбнага. Адказны за заяўку не абавязкова камандзір, таксама і шараговец, якога выбралі на гэтую „пасаду“. Замаўляе на ўзвод ці на апорны пункт: піша, хто ён, зь якога падразьдзяленьня, што ім неабходна. Мы наводзім даведкі (балазе маем магчымасьць рабіць гэта па ўсім фронце): ці праўда, як тэрмінова патрэбна. І пасьля гэтага выконваем заяўку. Робім усё вельмі хутка, нездарма называемся фондам апэратыўнай нацыянальнай дапамогі. Вядома, было б складана, каб ня іншыя валянтэры, як наша сяброўка Ірына — зь ліку тых, каго ведае ўвесь фронт і ўсе валянтэры. Скажам, у мяне чарговы рэйс, 4 дні на фронце, а нестае такой важнай рэчы, як монакуляр. Іра ідзе насустрач: бяруць са сваіх запасаў і прывозяць нам. Бо ў нас ёсьць адрас, дзе гэта сапраўды патрэбна».

Ва Ўкраіне вялікая колькасьць дабрачынных фондаў, прычым большасьць мае пэўную спэцыялізацыю: адны зьбіраюць харчаваньне, другія амуніцыю, трэція электроніку ці мэдыкамэнты. Асобныя дапамагаюць мірным жыхарам, якія засталіся на лініі разьмежаваньня.

Дыяна Макарава і ўратаваная дзяўчынка з Дэбальцава
Дыяна Макарава і ўратаваная дзяўчынка з Дэбальцава

Фонд Дыяны Макаравай унівэрсальны. Кажа, што часам нават даводзіцца займацца эвакуацыяй. У сувязі з гэтым згадвае Дэбальцава. Прыехалі з чарговай дапамогай да вайскоўцаў, але аказалася, што па падвалах некалькі сутак хаваюцца людзі. Давялося вывозіць у бясьпечнае месца. У некалькі заходаў, літаральна зь лініі фронту эвакуявалі інтэрнат (на адным са здымкаў Дыяна зь дзяўчынкай, якую ўдалося уратаваць з «самага пекла»).

Куды ні паедзеш, усюды «гарачы пункт»

Тым часам практычна ўсе валянтэрскія арганізацыі канстатуюць спад людзкой дапамогі. Пра гэта кажа Максім, былы вайсковец-добраахвотнік, адзін з валянтэраў фонду Дыяны Макаравай. Сам ён з Данеччыны, на акупаванай тэрыторыі застаўся дом. За яго і змагаўся:

«Ёсьць вельмі важны элемэнт — стомленасьць. Найперш ад самой вайны. Людзі стаміліся ад адсутнасьці мірных пэрспэктыў. Першы час без ваганьняў, літаральна адразу ж адгукаліся на заклікі пра дапамогу. Сёньня грашовыя ўнёскі скараціліся дастаткова сурʼёзна. Прычым ва ўсіх арганізацыях. Яно і зразумела: калі ў 2014 годзе гэта быў шок, удар і ўкраінцы ад страху, ад жаданьня быць упэўненымі, што вораг ня дойдзе да Кіева, дзяліліся з фронтам нават апошнімі зьберажэньнямі, то цяпер усе крыху супакоіліся. Ды і лішніх грошай няма, яны ж зь неба ня валяцца. Да таго ж ужо ёсьць перакананьне, што расейцы далей ня сунуцца, наша армія іх усё ж стрымлівае. Таму паступленьні сапраўды зьнізіліся».

Баец і валянтэр Максім
Баец і валянтэр Максім

Сама Дыяна супраць «назойлівага збору», калі фонды рэклямуюцца праз мэдыя і білборды, актывісты ходзяць са скрынямі для ахвяраваньняў па супэрмаркетах і на вуліцах. «Мы прапаведуем абсалютную добраахвотнасьць: хочаш — дапамагай, ня хочаш — мы не асудзім», — кажа яна.

Пры гэтым, дадае валянтэр Максім, свой адмоўны вынік дае маштабная інфармацыйная вайна, разьвязаная супраць саміх валянтэраў. Гразь ліецца як з расейскіх СМІ, так і з блогасфэры, сацыяльных сетак:

«Яшчэ адзін важны момант, пра які Дыяна, магчыма, не захацела гаварыць, але я скажу. Разьвязаная інфармацыйная вайна наўпрост уплывае на валянтэрскі рух. Бо казкі пра тое, што ўсе валянтэры зарабляюць вялізныя грошы, таксама фармуюць мінус да іміджу, і гэта неабходна ўлічваць. Звычайны чалавек як разважае? Ну так, нешта даў, патраціў уласныя грошы. А ў некага валянтэра, як дзесьці пішуць, пасьля зьявіўся дом, ён узбагаціўся. Значыць, здрада. Здрада — само па сабе злачынства. Іншымі словамі, сутыкаемся зь вялікай праблемай, бо інфармацыйная вайна вядзецца ў тым ліку супраць валянтэраў. Асабліва гэта адчувалася на пачатку, у 2014-м. І ніякіх захадаў, якія рэальна працавалі б на дзяржаўным узроўні, мы ня бачым».

З часткай дастаўленага грузу
З часткай дастаўленага грузу

У «доме-складзе» Дыяны Макаравай, дзе валянтэрствам пакуль не займаюцца хіба ўнукі, пашчасьціла апынуцца якраз напярэдадні чарговай выправы на вайну — наступныя чатыры дні прысьвечаныя рызыкоўнай паездцы ўздоўж лініі фронту. У мэтах элемэнтарнай бясьпекі не называе ўсіх месцаў, «забітых» у навігатар, але ўсе яны — з шэрагу «гарачых»:

«Сакрэту няма, бо, куды б мы ні прыехалі, гэта будзе „гарачы пункт“. Наогул наш фонд унікальны тым, што ў нас пад апекай няма асобнай брыгады ці батальёну. Мы дапамагаем па ўсім фронце, і такіх — лічаныя адзінкі. Таму едзем, як заўсёды, усюды. Будзем і ў Зайцаве, і ў Маёрску, і ў Аўдзееўцы. Дзе гарыць, там мы і будзем. Усе пералічаныя пункты сёньня найбольш праблемныя, плюс так званы „сэктар М“, гэта побач з Марыюпалем. У апошні час моцныя абстрэлы былі пад Папаснай, а таксама Наўгародзкае, Верхнятроіцкае — гэта ўжо вакол Горлаўкі. Варта ўдакладніць, што абстрэльваюць украінскія пазыцыі. Нашым у гэты час загадана сядзець у бліндажах і хавацца. Вось такая стратэгія».

Уцяпляльнік для байцоў
Уцяпляльнік для байцоў

Суразмоўніца слаба верыць, што чарговым разам абвешчаны рэжым цішыні будзе выконвацца. Зь яе досьведу, за ўвесь папярэдні час замірэньне ўдалося вытрымаць цягам месяца, пасьля чаго ўкраінскія пазыцыі абстрэльваліся пастаянна:

«Амаль ніколі не бывае поўнага замірэньня. Хлопцы ўжо проста крычаць: „Ну скажыце хоць вы АБСЭ, можа, вам павераць! Толькі што быў абстрэл, а чальцы місіі кажуць, што нічога ня чулі!“. На маёй памяці пагадненьне аб спыненьні агню выконвалася толькі аднойчы — у канцы лета 2015-га. Мы тады якраз прыехалі ў Пескі, быў першы дзень перамірʼя — проста пранізьлівая цішыня. На другі дзень нясьмела засьпявалі птушкі. Калі чуюцца птушыныя галасы, гэта ўжо вяртаньне да жыцьця. Але неўзабаве ўсё скончылася: апошнія дні жніўня, крыху верасьня, а потым зноў панеслася. Фармальна замірэньне нібыта працягвалася, але птушкі сьпяваць перасталі. Ад таго часу перамірʼе цалкам не выконвалася ніколі...»

Сэзоннае паляваньне на валянтэраў

Дыяна Макарава прызнаецца, што кожная выправа на вайну не гарантуе вяртаньня, бо сэпаратысты раз-пораз абвяшчаюць паляваньне на валянтэраў. Асабліва жорсткім было змаганьне па першым часе, калі баяздольнасьць Нацыянальнай гвардыі ў літаральным сэнсе залежала ад своечасовай дапамогі ня столькі дзяржавы, колькі ўкраінскага грамадзтва:

Доўгачаканыя падарункі зь вялікай зямлі
Доўгачаканыя падарункі зь вялікай зямлі

«Палююць сурʼёзна. Нават здараюцца месячнікі барацьбы з валянтэрамі. На нас выходзілі, казалі, што яны байцы нейкіх падразьдзяленьняў, прапаноўвалі сустрэчы. Кожны раз мы нейкім чынам высьлізгвалі: магчыма, адчувалі, разумелі — нешта ня тое ў тэлефоннай размове, нешта ня тое ў заяўцы. Я паведамляла службам, яны спрабавалі выйсьці на сьлед. Нарэшце сказала: давайце паеду на сустрэчу, і ўсё стане зразумела. Мне папулярна патлумачылі: самі яны могуць там і не чакаць, можа чакаць фугас. Паляваньне на валянтэраў існуе, пік быў увесну 2015-га. Тады людзі траплялі ў палон, іх падрывалі, было ўсялякае. Аднойчы самі наткнуліся на варожы дазор, прычым не на пярэдняй лініі, а на другой. Гэта была дывэрсійна-выведная група, мы неасьцярожна ехалі апоўначы, трэба было пераехаць з аднаго пункту ў іншы, а ў такі час па зоне стараюцца ня ехаць нават вайскоўцы. Дзякуй Богу, праскочылі...»

На мікрааўтобусах і машынах фонду Дыяны Макаравай — выява забаўнага пэрсанажа Ўжыка з мультсэрыялу пра Чыпа і Дэйла. А як валянтэры абазначаюць сябе, каб выпадкова ці мэтанакіравана не трапіць пад «раздачу»?

«Ужык» на шаўроне фонду Дыяны Макаравай
«Ужык» на шаўроне фонду Дыяны Макаравай

«Ну як абазначаем? Наогул у нас такі прынцып — мы ніколі не апранаем вайсковай формы. Па-першае, ня маем на гэта права. Па-другое, у любым выпадку знойдзеш байца, якому не хапае бушлата, цёплых штаноў і г.д. Нарэшце, мы не камбатанты, мы валянтэры. Адпаведна, ніякай камуфляжнай расфарбоўкі нашых аўтамабіляў, у нас мірны транспарт. Мы ня возім нічога забароненага, не пастаўляем зброі. Часам сьмяёмся — маўляў, вы хлопцы ваюйце, а мы паднясём патроны. Дык вось, нашы „патроны“ вы бачылі — цёплыя рэчы, мэдыкамэнты, прадукты. Так, яшчэ біноклі, монакуляры, прыборы начнога бачаньня. Але гэтыя рэчы не страляюць».

Адметна, што гуманітарныя экіпажы, якія прыяжджаюць на фронт, у масе сваёй жаночыя. Ці трэба казаць, што сам факт іх зьяўленьня на пазыцыях уздымае маральны дух байцоў, прымушае расправіць плечы. Часьцяком у такія паездкі выбіраюцца музыкі. Ад фонду Дыяны Макаравай не адну тысячу кілямэтраў па лініі разьмежаваньня наезьдзілі Лэся Рой і Дзьмітро Бакрыў з гурту «Телері». Лэся расказвае, як яны сталі «франтавым калектывам»:

Лэся Рой і Дзьмітро Бакрыў, гурт «Телері»
Лэся Рой і Дзьмітро Бакрыў, гурт «Телері»

«Спачатку мы пісалі песьні пра розных містычных пачвараў. Але калі пачаўся Майдан, пайшлі туды і засьпявалі — не было яшчэ сцэны, проста пад стэлай. Тут жа прыбеглі байцы „Беркута“ і ўчынілі зьбіваньне студэнтаў. Думаем, нічога ня зробіш, супадзеньне. Пасьля зьявілася вялікая сцэна, быў пачатак сьнежня. Зноў выступаем, сьпяваем пра патрыятызм, разбаўляем народнымі песьнямі — зноў прыбягаюць „беркуты“ і пачынаюць усіх лупцаваць. Мы вырашылі, што ў нас паганае вока, чым вырашылі скарыстацца. Я прыдумала песьню „Гімн цітушак“ пра антымайдан і... праз два тыдні яго прыбралі. Мы пляснулі ў далоні. Прыдумалі нумар пра Януковіча — і ён неўзабаве ўцёк. Цяпер сьпяваем пра сэпаратыстаў і пра Пуціна (сьмяецца)».

Спыніць монстра з усходу

Што найбольш запатрабавана на вайне? Натуральна, апроч зброі, якой валянтэры не займаюцца паводле азначэньня. Дыяна Макарава паказвае склад у падвале дому, дзе асобна складзеныя рэчы для мірных жыхароў і для вайскоўцаў. Дарэчы, «галоўны заўгас» падвальнай гаспадаркі — яе муж Аляксандар:

«Звычайныя цьвікі, сякеры, малаткі, любыя іншыя інструмэнты, — пералічвае Дыяна. — Яны патрэбны пастаянна, гэта расходнікі. Вельмі моцна цэняцца мэдыцынскія прэпараты, таму што, як сьпявала Лэся, „Ну як ти підеш на війну...“, увесь нямоглы. Бо хто туды паехаў? Найперш людзі, у якіх куча розных болек, якія не былі кадравымі вайскоўцамі. Зь цягам часу гэта ўсё абвастрылася. Я ведаю байцоў, якія там, на пярэдняй лініі, бегаюць без бронекамізэлек — і не таму, што яны такія безразважныя. У іх грыжы, яны ня могуць такі цяжар насіць, сьпіны баляць. Таму, па вялікім рахунку, у любым валянтэрскім фондзе патрэбна ўсё, нічога ня будзе лішнім».

Валянтэрскі маршрут уздоўж лініі фронту
Валянтэрскі маршрут уздоўж лініі фронту

Некаторыя камандзеры, байцы і нават валянтэры падаліся ў палітыку — сталі дэпутатамі Вярхоўнай Рады, узмацнілі партыйныя шэрагі. Прапаноўвалі распачаць «пэрспэктыўную карʼеру» і Дыяне Макаравай. Тая катэгарычна адмовілася:

«Я не лічу, што гэта правільнае рашэньне. Камандзір можа быць добрым воінам, але гэта ня значыць, што ён стане добрым палітыкам. Таму кожны мусіць рабіць тое, на што ён здольны і да чаго прыдатны. Мне таксама прапаноўвалі ісьці на нейкія выбары, на што я сказала: прабачце, гэта не маё. Вось фронт, аказваецца, маё, куды ж я яго падзену, калі пачну займацца палітыкай? Праўда, часам такія экспэрымэнты бываюць нават удалымі. Я ведаю некалькі валянтэраў, якія сталі дэпутатамі, і пакуль што гэта цалкам працоўныя кадры. Спрабуюць нешта рабіць з тым жа валянтэрскім запалам, зь якім яны займаліся гэтым падчас дапамогі Майдану. Зрэшты, працягваюць гэтым займацца і цяпер, дапамагаюць фронту. Некаторыя выпадкі ўдалыя, але іх меней».

Пры канцы цікаўлюся ў Дыяны Макаравай, ці надоўга, зь яе ўнутранага адчуваньня, Украіна загразла ў сытуацыі вайны? Ці гатовая Расея капітуляваць на Данбасе, распачаўшы мірны дыялёг?

Фота на сьцяне фонду: байцы выносяць параненага сябра
Фота на сьцяне фонду: байцы выносяць параненага сябра

«На жаль, надоўга. Усё зацягнулася ўсеагульнай стагнацыяй, гэтым балотам. Натуральна, ёсьць надзея, што калі-небудзь Расея сыдзе сама — пасьля таго, як яе задушаць санкцыямі. Праўда, асабіста я мала веру ў такі паварот — Расея сама, добраахвотна, ніадкуль яшчэ не сыходзіла. Таму баюся, што давядзецца нам самім закасаць рукавы ды выгнаць акупантаў з нашай краіны. Але пакуль што гэтай сытуацыі, мяркуючы па ўсім, цягнуцца яшчэ доўга. Страшны монстар ідзе супраць нас, яго неабходна спрабаваць спыніць рознымі спосабамі, у тым ліку дыпляматычнымі. А дыпляматычныя захады — гэта працэс надзвычай доўгайграючы. У любым выпадку, калі ты там ужо быў, бачыў, як тую зямлю залівае кроў тваіх таварышаў, то цудоўна разумееш, чаму і за што стаіш».

Згодна з апошнімі зьвесткамі прадстаўніцтва ААН ва Ўкраіне, у пэрыяд ад сярэдзіны красавіка 2014 году і да 1 сьнежня 2016-га ў зоне канфлікту на Данбасе загінулі 9 758 чалавек, 22 779 атрымалі раненьні. Гэтая лічба ўключае ў сябе ахвяры Нацыянальнай гвардыі, сярод цывільнага насельніцтва і чальцоў узброеных груповак сэпаратыстаў.

Глядзець камэнтары (7)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG