Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Паўзучая дэвальвацыя» скончылася? Даляр і эўра патаньнелі на 1% да беларускага рубля


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Вынікі таргоў 12 красавіка на Беларускай валютна-фондавай біржы зрабілі расейскі рубель даражэйшым на 2,15% (3,3012 беларускага рубля за 100 расейскіх), даляр ЗША — таньнейшым на 1,1% (2,047 рубля за даляр), эўра — таньнейшым на 1,14% (2,5289 рубля).

Даляр і эўра таксама таньнеюць да расейскага рубля на Маскоўскай біржы.

Да таго ад пачатку тыдня расейскі рубель таньнеў адносна беларускага, а дзьве іншыя валюты зь беларускага валютнага кошыка даражэлі.

Верагодна, курсы Нацбанку на 13 красавіка будуць ужо ніжэйшымі за сёньняшнія ўсьлед за зьменамі на біржы.

На чацьвер 12 красавіка Нацбанк выставіў такія курсы: 2,0698 рубля за даляр (рост да выходных на 5,4%), 2,5580 рубля за эўра (рост на 6,55%), 3,2317 беларускага рубля за 100 расейскіх (мінус 4,8%).

***

Да абясцэньваньня расейскага рубля, які за сабой пацягнуў і беларускі, спрычыніўся санкцыйны сьпіс Міністэрства фінансаў ЗША ад 6 красавіка.

У яго ўвайшлі 7 буйных расейскіх бізнэсоўцаў і 17 высокапастаўленых чыноўнікаў. Сярод іх — былы прэзыдэнт En+Group Алег Дзерыпаска, старшыня праўленьня «Газпрома» Аляксей Мілер, старшыня праўленьня ВТБ Андрэй Косьцін, чалец Савету Фэдэрацыі Сулейман Керымаў, старшыня савету дырэктараў групы кампаній «Ренова» Віктар Вексельберг, чалец праўленьня групы «СИБУР» Кірыл Шамалаў ды іншыя.

«Гэта ўжо хардкор»: Раманчук тлумачыць, што рабіць Беларусі ў час расейскага крызісу

Санкцыі моцна ўдарылі па расейскім фондавым рынку — на піку падзеньня 9 красавіка індэкс Маскоўскай біржы апусьціўся больш як на 9%, а індэкс РТС — амаль на 11%. Сукупнае багацьце 50 найбагацейшых расейцаў за адзін дзень скарацілася практычна на 12 мільярдаў даляраў.

Тым часам у Кангрэс ЗША ўнесены законапраект, які прадугледжвае ўвядзеньне новых санкцый у дачыненьні да Расеі за яе датычнасьць да атручваньня былога палкоўніка ГРУ Сяргея Скрыпаля і яго дачкі Юліі.

Сярод захадаў уціску на Крэмль аўтары прапануюць забараніць амэрыканскім удзельнікам рынку любыя апэрацыі з расейскімі дзяржаўнымі аблігацыямі і даўгамі найбуйнейшых расейскіх банкаў. Мараторый на пастаўкі нафты і абсталяваньне пакуль не абмяркоўваецца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG