Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутаты: Ці зьявіцца на таварах інфармацыя па-беларуску, вырашаць будуць вытворцы


Belarus - Poster of Uladzimir Krukouski about bilingualism between Russian and belarusian languages
Асабіста я вітаю, калі інфармацыя на тавары падаецца па-беларуску, але большасьць нашых вытворцаў зарыентаваная на расейскі рынак…

Міністэрства гандлю і антыманапольнага рэгуляваньня Беларусі распрацавала зьмены і дапаўненьні ў Закон аб правах спажыўцоў.

На сайце міністэрства было абвешчана грамадзкае абмеркаваньне законапраекту, да 10 кастрычніка можна было накіроўваць заўвагі і прапановы. Дакумэнт нібыта цалкам гатовы, але да парлямэнтароў праект закону яшчэ не паступіў. Пра гэта сьведчыць і інфармацыя на афіцыйным сайце Палаты прадстаўнікоў, гэта пацьвердзіла і сябра пастаяннай камісіі адукацыі, культуры і навукі дэпутатка Алена Анісім.

Калі дакладна дакумэнт будзе накіраваны да заканадаўцаў, прэсавы сакратар Міністэрства гандлю Аліна Гілевіч даведацца ў начальніка ўпраўленьня, што распрацоўвала дакумэнт, пакуль не змагла.

Але, падобна, у дакумэнце няма асобнага патрабаваньня, каб інфармацыя пра тавары была пададзеная на дзьвюх дзяржаўных мовах — расейскай і беларускай. Расейская мова застанецца абавязковай, а беларуская можа быць дададзена толькі пры асаблівым жаданьні вытворцы.

У афіцыйным адказе, які на трох старонках Міністэрства гандлю даслала яшчэ ў кастрычніку каардынатару грамадзкай ініцыятывы «Справаводзтва па-беларуску» Ігару Случаку, паведамляецца, што гэта вельмі затратна — разьмяшчаць інфармацыю пра тавары на дзьвюх дзяржаўных мовах, запатрабуе шмат дадатковых фінансавых і матэрыяльна-тэхнічных выдаткаў, што, натуральна, прывядзе да павелічэньня цаны тавару. То бок міністэрства намякае, што за беларускамоўную інфармацыю для спажыўца на тавары заплаціць сам спажывец.

Анісім: Мовай трэба карыстацца

Алена Анісім
Алена Анісім

Сябра пастаяннай камісіі адукацыі, культуры і навукі Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім, якая ёсьць намесьніцай старшыні Таварыства беларускай мовы, кажа, што абаронай правоў спажыўцоў ТБМ займаецца ўжо не адзін дзясятак гадоў. Калі падняць усю шматгадовую перапіску, то ў свой час Таварыства беларускай мовы куды толькі не зьвярталася — і ў Дзяржстандарт, і ў Міністэрства гандлю, і ў іншыя ведамствы, каб на ўпакоўках тавараў увялі беларускую мову. Але пакуль не пачнецца рух у грамадзтве за беларускую мову, «прабіць» штосьці вельмі і вельмі складана, лічыць Алена Анісім. І на новай працы ў парлямэнце прапануе дзейнічаць у некалькіх кірунках:

«Перш за ўсё я як дэпутат бачу сваю задачу ў тым, каб усе законы ў нас прымаліся, зацьвярджаліся адразу на абедзьвюх дзяржаўных мовах. Па-другое, я ўжо ўнесла некаторыя прапановы ў адпаведныя камісіі з тым, каб у законах, якія прайшлі ўжо першае чытаньне, беларуская мова заняла сваё месца. Гэта Закон аб дзяржаўных закупках, Закон аб бясьпецы прадуктовай сыравіны і харчовых прадуктаў для жыцьця і здароўя чалавека. Гэта тое, што ўжо зроблена.

Што да згаданага праекту Закону аб правах спажыўцоў, гэтыя правы закранаюцца ў многіх законах.

Калі грамадзяне тэарэтычна ці да некага канкрэтна прадʼяўляюць прэтэнзіі аб тым, каб шырэй выкарыстоўвалася беларуская мова, вельмі важна, каб яны самі публічна, паўсюль, штодзённа карысталіся беларускай мовай

Але я хачу падкрэсьліць наступнае: можна напісаць безьліч добрых законаў, але пытаньне ў тым, ці карыстаемся мы імі. Патлумачу, чаму. Калі грамадзяне тэарэтычна ці да некага канкрэтна прадʼяўляюць прэтэнзіі аб тым, каб шырэй выкарыстоўвалася беларуская мова, вельмі важна, каб яны самі публічна, паўсюль, штодзённа карысталіся беларускай мовай. Выбіралі ў банкаматах, на сайтах прадпрыемстваў, установаў, банкаў беларускую мову, размаўлялі па-беларуску. Тады гэты рух будзе натуральным, і вытворцы, і міністэрствы задумаюцца пра тое, каб сапраўды ўводзіць беларускую мову паўсюль, бо яна запатрабаваная. На сёньняшні момант міністэрствы толькі праяўляюць непавагу да сваіх грамадзян, да спажыўцоў».

Алена Анісім прывяла прыклад з правіламі дарожнага руху, даволі даўно выдадзенымі па-беларуску, працуе і партал pdd.by, на якім ёсьць заданьні па-беларуску. "Але пытаньне ў тым, ці многія гэта ведаюць, ці многія гэтым карыстаюцца? Ці шмат маладых людзей здаюць іспыты ў аўташколах па-беларуску?«— задае рытарычнае пытаньне дэпутатка, ініцыятарка распрацоўкі правілаў дарожнага руху па-беларуску Алена Анісім.

Барадзеня: Гвалтам да мовы не прывучыш

Валер Барадзеня
Валер Барадзеня

Намесьнік старшыні пастаяннай камісіі ў пытаньнях бюджэту і фінансаў Палаты прадстаўнікоў Валеры Барадзеня кажа, што праект Закону аб правах спажыўцоў мае некалькі аспэктаў: палітычны, культурны, эканамічны. Спадар Барадзеня не зьдзіўляецца таму, што, да прыкладу, на этыкетцы беларускага згушчанага малака інфармацыя падаецца на расейскай і казаскай мовах. Барадзеня прыводзіць аргумэнт, што ў Казахстане расейская мова ня ёсьць дзяржаўнай, і казаская мова цалкам лягічная на прадукце, які экспартуецца ў Казахстан.

Вельмі істотны эканамічны аспэкт, адзачае эканаміст паводле адукацыі Валеры Барадзеня:

«Вытворцам давядзецца друкаваць інфармацыю на мовах тых краінаў, куды экспартуецца беларуская прадукцыя. Некаторыя вытворцы, якія пастаўляюць сваю прадукцыю на некалькі рынкаў, нават вырабляюць асобныя этыкеткі для розных рэгіёнаў. А гэта пэўныя дадатковыя выдаткі. Да таго ж у розных краінах розныя патрабаваньні да інфармацыі, якая мае быць на ўпакоўцы.

Яшчэ адзін фактар: на некаторых невялікіх таварах (касмэтычных, малочных) няма куды зьмяшчаць інфармацыю на некалькіх мовах, часам такім дробным шрыфтам напісана, што не разьбярэш.

Асабіста я вітаю, калі інфармацыя на тавары падаецца па-беларуску, але большасьць нашых вытворцаў зарыентаваная на расейскі рынак, і наколькі мэтазгодна падаваць інфармацыю яшчэ і па-беларуску, павінен вырашаць вытворца», — падсумоўвае дэпутат Валеры Барадзеня.

На ягоную думку, калі гвалтоўна навязваць беларускую мову і вытворцам, і спажыўцам, пакупнікам, гэта прынясе больш нэгатыву, чым пазытыву. Калі большасьць жыхароў будзе патрабаваць інфармацыі пра тавары па-беларуску, то вытворцы вымушаны будуць зьмяшчаць гэтую інфармацыю па-беларуску. Але нельга гэта рабіць гвалтоўна:

«Прымушаць усіх рабіць гэта, калі ў нас у дзяржаве ўсё ж такі дзьве дзяржаўныя мовы, ня варта. Усе рашэньні, якія носяць сілавы характар, ня маюць плёну. Назавіце мне хоць адну рэч, якую прымусілі зрабіць, і гэта стала пасьпяховым! Мала шанцаў у таго, што мы навязваем прымусова, стаць пасьпяховым. Грамадзтва павінна само прыходзіць да тых ці іншых высноваў.

А што да абмеркаваньняў, будзе гэта апошні цьвік ці апошні шанец — я ня думаю, што ўсё так кепска. На маю думку, цягам 20 апошніх гадоў адбываецца рэнэсанс беларускай мовы».

На пытаньне Радыё Свабода, як наагул новы дэпутацкі корпус ставцца да беларускай мовы, ці будуць парлямэнтары адстойваць пэўныя прынцыповыя моманты, што тычыцца беларусізацыі, Алена Анісім адказала так:

«За адну ноч і нават за два месяцы, якія мы працуем, гэта ня зробіцца, але да беларускай мовы прыхільныя амаль усе. Я не магу адказваць за тых, хто родам з Расеі ці прыйшоў зь сілавых структураў. Але тое, што тычыцца нашых дэпутатаў, якія тут нарадзіліся, працавалі ў СМІ, настаўнікамі — я, вядома, разьлічваю на іх падтрымку. Але ўсё роўна для гэтага трэба папрацаваць, пераканаць, знайсьці тыя аргумэнты, якія іх пераканаюць у тым, што гэтую справу трэба зрабіць».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG