Генэральная пракуратура накіравала ў суд Першамайскага раёну Віцебску крымінальную справу супраць мясцовага міліцыянта В., які 15 красавіка на міліцэйскім аўто ўрэзаўся ў маршрутнае таксі.
В. абвінавачваюць у «парушэньні правілаў кіраваньня або эксплюатацыі машын» (ч.2 арт. 464 КК РБ), яму пагражае «абмежаваньне па вайсковай службе» на тэрмін да 2 год або пазбаўленьне волі на тэрмін да 5 год.
Паводле Генпракуратуры, В. праходзіў службу па кантракце ў адной з вайсковых частак МУС на пасадзе кіроўцы. На службовай машыне ён рухаўся, парушаючы правілы дарожнага руху — зь перавышэньнем хуткасьці з уключанай мігалкай, выехаў на чырвонае сьвятло на скрыжаваньне і сутыкнуўся зь мікрааўтобусам — той ад сутыкненьня паваліўся на бок.
У здарэньні адзін з пасажыраў маршруткі атрымаў цяжкія цялесныя пашкоджаньні, яшчэ тры, у тым ліку малалетні — менш цяжкія цялесныя пашкоджаньні.