Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыянта суд прызнаў вінаватым у зьбіцьці гамельчука, але вызваліў ад адказнасьці


Ілюстрацыйнае фота

Суд Савецкага раёну Гомлі 4 верасьня пастанавіў прызнаць вінаватым апэратыўнага ўпаўнаважанага АБЭЗ Налібоцкага РАУС Антона Цыркунова ў нанясеньні лёгкіх цялесных пашкоджаньняў, што пацягнулі расстройства здароўя, гамельчуку Аляксею Андрэеву, распавядае Naviny.by.

Але судзьдзя Андрэй Лагуновіч таксама пастанавіў вызваліць міліцыянта ад адказнасьці праз заканчэньне тэрміну даўніны справы. Андрэеў кажа, што справу можна было разглядзець і за адно-два паседжаньня, але справа зацягвалася, бо міліцыянт некалькі раз браў бальнічныя лісты «ў трох ці чатырох розных паліклініках», а судзьдзя пераносіў паседжаньні.

Увечары 21 ліпеня 2015 году Андрэеў рабіў прабежку каля дому. Як сьцьвярджае пацярпелы, Цыркуноў хуткім крокам падышоў да яго, ударыў кулаком у твар, затым «дабіў» нагой. Дзьве дзяўчыны падбеглі да міліцыянта з крыкамі «гэта ня ён», міліцыянт выбачыўся і сказаў, што памыліўся (пазьней выявілася, што дзяўчыны паскардзіліся міліцыянту на п’янага хулігана, а міліцыянт вырашыў «адпомсьціць» за дзяўчын).

Пасьля ўдараў у Андрэева застаўся грубы рубец на твары. Як сьцьвярджае пацярпелы, міліцыянт абяцаў яму сплаціць паслугі плястычнага хірурга, калі ён ня стане падаваць заяву ў міліцыю — і пацярпелы пагадзіўся, каб не «псаваць кар’еру» міліцыянту. Але плястычны хірург заявіў, што ня зможа выправіць рубец. Пасьля гэтага зьвязацца зь міліцыянтам не атрымалася, ён зьмяніў нумар, а Андрэеў застаўся без усялякай кампэнсацыі, таму зьвярнуўся ў суд.

Суд спынялі праз сканчэньне тэрміну даўніны (2 гады для злачынстваў безь вялікай грамадзкай небясьпекі, 5 год пры менш цяжкім злачынстве, 10 год пры цяжкім і 15 пры асабліва цяжкім злачынстве). Але праз абласны суд Цыркуноў дамогся, каб гэтая пастанова раённага суду была скасаваная і каб суд аднавіўся.

Цыркуноў прызнаў віну толькі часткова і адмовіўся ад дачы паказаньняў як на першым, так і на другім судзе. Але ў тлумачэньнях, што ён даваў у 2015 годзе, гаварылася «прызнаюся, раскайваюся».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG