Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кангрэсе ЗША спрабуюць заблякаваць пагадненьне Трампа з Расеяй аб дызэльным паліве

Цэны на запраўцы ў ЗША. Ілюстрацыйнае фота
Цэны на запраўцы ў ЗША. Ілюстрацыйнае фота

Заканадаўцы ЗША папярэджваюць, што крок Трампа можа дапамагчы фінансаваць вайну Масквы супраць Украіны.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў рэспубліканец Браян Фіцпатрык плянуе паставіць на галасаваньне ў Палаце прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША законапраект, які заблякуе куплю расейскіх нафтрапрадуктаў, піша Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.

Такім чынам Фіцпатрык імкнецца аспрэчыць рашэньне прэзыдэнта Дональда Трампа зьняць абмежаваньні на экспарт расейскага дызэльнага паліва. Заканадаўцы папярэджваюць, што гэты крок можа дапамагчы фінансаваць вайну Масквы супраць Украіны.

Фіцпатрык, рэспубліканец і кангрэсмэн ад штату Пэнсыльванія, сустаршыня фракцыі «Ўкраіна» ў Палаце прадстаўнікоў, 10 кастрычніка абвясьціў, што ён падасьць на разгляд дэпутатаў праект «Закону імя Рональда Рэйгана аб міры празь сілу».

«Мы падамо дзьвюхпартыйны закон, каб заблякаваць усякі закуп расейскай нафты», — напісаў Фіцпатрык на плятформе X.

Дэпутат ад штату Нэбраска Дон Бэйкан, рэспубліканец, пагадзіўся стаць суаўтарам законапраекту. Спонсар праекту ад дэмакратаў ня быў вызначаны.

Палата прадстаўнікоў зможа прагаласаваць за законапраект без ухваленьня адпаведнага камітэту або кіраўніцтва палаты, калі ён зьбярэ 218 подпісаў. Але Кангрэс не плянуе праводзіць галасаваньне некалькі тыдняў, а цяперашні тэрмін яго паўнамоцтваў заканчваецца ў студзені. Кожны законапраект таксама павінен быць ухвалены Сэнатам і можа сутыкнуцца з супрацівам Белага дому.

У назьве праекту Фіцпатрык спаслаўся на падыход былога прэзыдэнта Рональда Рэйгана да супрацьстаяньня з Масквой. Ён заявіў аб падтрымцы Кангрэсам прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага, якога Трамп зноў раскрытыкаваў.

«Расея незаконна ўварвалася ва Ўкраіну. Расея цалкам вінаватая», — напісаў Фіцпатрык, дадаўшы, што Кангрэс і амэрыканскі народ падтрымліваюць Зяленскага, «пакуль Украіна не дасягне перамогі».

Прапанаваны законапраект адлюстроўвае занепакоенасьць некаторых рэспубліканцаў тым, што паслабленьне энэргетычных абмежаваньняў Расеі можа падарваць ціск на прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. Майкл Маккол (рэспубліканец, дэпутат ад Тэхасу), былы старшыня камітэту замежных справаў Палаты прадстаўнікоў, папярэдзіў, што скасаваньне санкцыяў можа спрычыніцца да фінансаваньня ваеннай машыны Крамля — «падштурхоўваючы да большага гвалту і разбурэньняў». Маккол спаслаўся на Закон Ліндсі Грэма аб санкцыях супраць Расеі і Ірану, які Трамп падпісаў у верасьні. Закон дазваляе прэзыдэнту ЗША пры пэўных умовах уводзіць тарыфы да 100 працэнтаў для буйных пакупнікоў расейскай энэргіі. Маккол заявіў, што гэта дало Трампу вагары ўплыву на Расею і Кітай, каб дапамагчы забясьпечыць перамовы аб спыненьні вайны.

Сэнатарка ад Аляскі Ліза Муркоўскі, рэспубліканка, заклікала Трампа выкарыстоўваць гэтыя паўнамоцтвы замест таго, каб дазволіць Расеі зарабляць больш на экспарце дызэльнага паліва. «Мы можам абмеркаваць вяртаньне Расеі на ўсясьветныя рынкі энэргіі пасьля заканчэньня вайны, але тымчасам нам трэба адключыць усё, што яе падсілкоўвае», — напісала яна ў сацыяльных сетках.

Дэніел Бэлсан, дырэктар у абароне правоў амэрыканскай арганізацыі Razom for Ukraine, заявіў Радыё Свабода, што рашэньне Трампа падарвала мэту закону аб санкцыях супраць спажыўцоў нафты іранскага і расейскага паходжаньня, прынятага некалькі тыдняў таму.

«Тры тыдні таму Кангрэс прыняў Закон Ліндсі Грэма аб санкцыях супраць Расеі й Ірану. Гэты законапраект быў распрацаваны, каб прымусіць іншыя краіны зьнізіць сваю энэргетычную залежнасьць ад Расеі. Нядаўняе рашэньне прэзыдэнта Трампа толькі павялічыла нашу ўласную залежнасьць», — сказаў Бэлсан.

Ён заклікаў заканадаўцаў аспрэчыць гэты крок Трампа, каб абараніць Украіну і захаваць аўтарытэт дзеяньняў Кангрэсу. Хоць Бэлсан ня бачыў законапраекту Фіцпатрыка, ён заявіў, што прыхільнікі Ўкраіны будуць выкарыстоўваць «усе магчымыя заканадаўчыя шляхі», каб выступіць супраць гэтага рашэньня.

Сэнатары: рашэньне Трампа супярэчыць закону 2022 году

Тым часам група амэрыканскіх сэнатараў ад Рэспубліканскай і Дэмакратычнай партыяў заявіла, што рашэньне прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа імпартаваць расейскае дызэльнае паліва супярэчыць закону 2022 году, і ЗША не павінны імпартаваць нафту з Расеі, перадае Радыё Свабода.

«У 2022 годзе Кангрэс выразна забараніў імпарт расейскіх энэргетычных рэсурсаў, каб перадухіліць жорсткую вайну Пуціна супраць Украіны. Кангрэс даў зразумець: Злучаныя Штаты не павінны імпартаваць нафту з Расеі, пакуль яна ня спыніць сваю агрэсію супраць Украіны і не адмовіцца ад пагрозаў у адрас нашых хаўрусьнікаў у NATO», — гаворыцца ў заяве сямёх сэнатараў ад 11 кастрычніка.

Аўтары заявы ўважаюць, што рашэньне Трампа дазволіць імпарт расейскага дызэльнага паліва ў ЗША «наўпрост супярэчыць гэтаму закону», а адміністрацыя таксама не параілася з Кангрэсам і не дала ніякіх тлумачэньняў у абгрунтаваньне свайго рашэньня, як таго патрабуе закон. «Злучаныя Штаты не павінны даваць Пуціну фінансавую падтрымку, пакуль Расея працягвае забіваць украінскіх мірных жыхароў. Адміністрацыя павінна неадкладна зьмяніць курс», — дадалі сэнатары.

З такой заявай выступілі сэнатары ЗША Джын Шагін (дэмакратка, ад штату Нью-Гэмпшыр), Сьюзан Колінз (рэспубліканка, ад штату Мэн), Рычард Блюмэнталь (дэмакрат, ад штату Канэктыкут), Ліза Муркоўскі (рэспубліканка, ад штату Аляска), Рон Уайдэн (дэмакрат, ад штату Орэган), Том Тыліс (рэспубліканец, ад штату Паўночная Караліна) і Джон Кэртыс (рэспубліканец, ад штату Юта).

Тэмы гэтага артыкулу
​
XS
SM
MD
LG