Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці варта патрабаваць адстаўкі міністра абароны Раўкова? «За» і «супраць» ад вайсковых экспэртаў


Андрэй Раўкоў
Андрэй Раўкоў

Карэспандэнт Свабоды запытаў вайсковых экспэртаў, ці варта патрабаваць адстаўкі міністра абароны Андрэя Раўкова ў сувязі з апошнямі сьмерцямі ў беларускай арміі.

«Калі пакрываў, дык гэта і крымінальная адказнасьць», — Андрэй Паротнікаў, кіраўнік праекту Belarus Security Blog

Андрэй Паротнікаў
Андрэй Паротнікаў

«Варта. Бо спроба схаваць факт забойства шарагоўца Коржыча, а гэта, як я лічу, было менавіта забойства, не магла быць бязь ведама міністра. Таму адстаўка міністра будзе справядлівай.

Людзей у войску забіваюць, а Міністэрства абароны хавае гэтыя выпадкі, спрабуе заткнуць рот незадаволеным — пра што можна казаць? Што пачалося расьсьледаваньне? Калі шырока стала вядома, дык яны мусілі на гэта пайсьці. Але калі б журналісты не паднялі гэтую сытуацыю, не пачалася б грамадзкая хваля, яны б дзейнічалі па прынцыпе „шыта-крыта“. Яны ж усё ўжо прыкрылі, як прыкрывалі і да таго, што зараз высьвятляецца.

Таму толькі адстаўка, тут нават і размаўляць няма пра што. І гэта як мінімум

Таму толькі адстаўка, тут нават і размаўляць няма пра што. І гэта як мінімум. Трэба яшчэ разабрацца, вызначыць ягоную асабістую ролю ў прыхоўваньні гэтых нэгатыўных фактаў. Бо калі гэта было зь ягонага ведама, паводле ягонага загаду ці дазволу, дык, прабачце, гэта ўжо крымінальная адказнасьць. А я абсалютна перакананы, што Раўкову ўсё дакладаюць.

Акрамя таго, у іх там ёсьць ідэалягічная вэртыкаль, якая павінна гэта кантраляваць, і яна побач. Яшчэ ёсьць вайсковая контравыведка, адносна якой, дарэчы, таксама ёсьць шмат пытаньняў — як такое „бязьмежжа“ адбывалася ў адным з найбуйнейшых гарнізонаў краіны? Дзе яны былі? Куды глядзелі?

Таму тое, што яны зараз робяць выгляд, быццам нібыта ні пры чым, гэта, прабачце, на дурняў разьлічана».

Трэба ўтварыць грамадзкую камісію па барацьбе зь дзедаўшчынай, — Аляксандар Алесін, незалежны вайсковы экспэрт

Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін

«А што гэта [aдстаўка] дасьць? Ведаеце, калі будзе прынятае рашэньне аб рэфармаваньні войска і ўбачаць, што Раўкоў ня той чалавек для гэтай працы, патрэбны іншы зь іншымі якасьцямі, дык тады, магчыма, заменяць Раўкова. Хаця адкуль іх браць, іншых міністраў? Яны ў нас усе з аднаго шыняля. Дзе той інкубатар, ня ведаю. Ну, заменяць аднаго генэрала на іншага. А трэба мяняць не генэралаў, а рэфармаваць усю сыстэму.

Гэтая трагедыя паказала, што ў войску велізарныя праблемы як у камплектаваньні асабістым складам, гэтак і ў выхоўваньні гэтага складанага складу афіцэрамі. Дый з самімі афіцэрамі немалыя праблемы. Але калі прызыўны рэсурс такі складаны, пра што цяпер кажуць вайсковыя кіраўнікі, дык, можа, лепш адмовіцца ад колькасьці на карысьць якасьці? Скараціць войска, на мэдычных камісіях больш уважліва глядзець ня толькі на паказчыкі фізычнага, але і псыхічнага здароўя, на сацыяльныя фактары? Ня браць у войска тых, хто ня здатны да службы па іншых паказьніках, ня толькі фізычных. Мяркую, скарачэньне было б на карысьць атмасфэры ў войску.

Зь дзедаўшчынай трэба змагацца не за плотам вайсковай часткі, а разам з грамадзкасьцю

І яшчэ, відаць, насьпеў час стварэньня грамадзкай камісіі па назіраньні за сытуацыяй у войску. Гэта можа быць зьмяшаная камісія, з удзелам прадстаўнікоў Мінабароны, але найперш з удзелам прадстаўнікоў грамадзкасьці, бацькоў салдат, дэпутатаў, мэдый. Такой камісіі варта надаць пэўны прававы статус, даць ёй магчымасьць наведваць вайсковыя часткі, каб ім маглі паскардзіцца ваеннаслужачыя, а тыя маглі патрабаваць зьменаў і праверыць, што зроблена. Каб камісія мела свой сайт, куды б маглі салдаты паведаміць пра тую ж дзедаўшчыну, інкогніта ці іншым чынам. Ідэя ў тым, што зь дзедаўшчынай трэба змагацца не келейна, там, за плотам вайсковай часткі, а разам з грамадзкасьцю, паколькі гэта менавіта грамадзкая зьява».

«Хай таварыш Раўкоў ідзе і адпачывае», — Сяргей Аніська, падпалкоўнік запасу, былы вайсковы контравыведнік

«Калі б Міністэрства абароны, як толькі ўскрыўся гэты факт зь дзіўнай сьмерцю салдата, заняло прынцыповую пазыцыю, што сапраўды такое было, разьбяромся, прабачце, людзі, як кажуць, — я б сказаў, каб Раўкоў далей служыў і выкарчоўваў гэты нэгатыў у войску. Але паколькі яны схавалі галовы, як тыя страўсы, у пясок, а потым яшчэ апраўдваюцца ды спрабуюць выратаваць гонар мундзіра, на якім цяпер ня толькі бруд, але і кроў, — таму скажу гэтак: хай таварыш Раўкоў ідзе і адпачывае, куды яму Лукашэнка скажа.

Тут відаць яўная недапрацоўка ня толькі камандзіраў, але і супрацоўнікаў вайсковай контравыведкі

Але мушу сказаць, што ў адстаўку тут трэба адпраўляць не аднаго Раўкова. У мяне як былога вайсковага контравыведніка адразу ўзьнікла пытаньне: а дзе ж быў слаўны аддзел вайсковай контравыведкі? Гэтыя людзі павінны былі праз свае спэцыфічныя магчымасьці высьвятляць гэтую зьяву і, па-першае, інфармаваць камандаваньне, а па-другое — інфармаваць вайсковую пракуратуру. Таму тут відаць яўная недапрацоўка ня толькі камандзіраў, але і супрацоўнікаў вайсковай контравыведкі.

Таму хай Лукашэнка разьбіраецца зь міністрам абароны, а спадар Вакульчык, які кіруе КДБ, разьбіраецца са сваімі вайсковымі контравыведнікамі. Што да Вакульчыка, мяркую, ён з гэтым разьбярэцца, ён сам пачынаў службу опэрам у шараговай частцы.

***

Самыя галоўныя і цікавыя навіны можна атрымліваць адразу ж, падпісаўшыся на Тэлеграм-канал Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG