Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можа паўтарыцца барысаўская газавая трагедыя?


Фота зь месца трагедыі
Фота зь месца трагедыі

Працэс над сьлесарамі «Барысаўгасу» Аляксеем Лукашам і Аляксандрам Чысьцяковым, якіх суд прызнаў вінаватымі ў сьмерці 6 чалавек празь неасьцярожнасьць, выклікаў вялікі розгалас у горадзе.

За некалькі хвілін да абвяшчэньня прысуду журналісты сустрэлі ў будынку Барысаўскага раённага суду пэнсіянэрку Тамару Іванаўну. Жанчына не сказала свайго прозьвішча, але назвала адрас — яна жыве на вуліцы Люсі Чалоўскай, у доме № 29.

«Гэты дом побач з домам, дзе здарылася трагедыя, які на вуліцы Дняпроўскай. Нас абслугоўвае адна ЖЭУ. Раней усе гэтыя дамы належалі Міністэрству абароны, іх перадалі гораду на балянс, і ў нас праблемы аднолькавыя. У іх была зваротная цяга, і ў нас зваротная цяга», — сказала журналістам Тамара Іванаўна і паказала акт праверкі, якую правялі супрацоўнікі ЖЭУ № 3 у яе кватэры. Аднак з акту вынікае, што вэнтыляцыйныя каналы ў кватэры Тамары Іванаўны працуюць спраўна, іх праверылі праз задымленьне і прачысьцілі жалезнай «грушай». Чаму тады прэтэнзіі?

Тамара Іванаўна сьцьвярджае, што акт падроблены, што насамрэч газавае абсталяваньне і кватэру праверылі няякасна і ў яе кватэры жыць небясьпечна.

Жыхарка Барысава: «Гэтая трагедыя можа паўтарыцца дзе заўгодна, у тым ліку і ў маёй кватэры»
Жыхарка Барысава: «Гэтая трагедыя можа паўтарыцца дзе заўгодна, у тым ліку і ў маёй кватэры»

«Было, што ў кватэры на трэцім паверсе загарэлася папера, а ўвесь дым чамусьці пайшоў у маю кватэру. Я паскардзілася, і вось яны нібыта праверылі ды склалі гэты акт. Але прычын, дзеля якіх дым апынуўся ў маёй кватэры, так і не ўказалі і нічога не паправілі. Зваротная цяга засталася. Вось чаму я і кажу, што гэтая трагедыя можа паўтарыцца дзе заўгодна, у тым ліку і ў маёй кватэры», — падзялілася сваімі апасеньнямі барысаўская пэнсіянэрка Тамара Іванаўна.

Тамара Іванаўна мяркуе, што сьлесары Лукаш і Чысьцякоў не вінаватыя і адказваць за трагедыю мусяць кіраўнікі ЖЭУ, якія не забясьпечылі добрую эксплюатацыю вэнтыляцыі ў доме № 6 на вуліцы Дняпроўскай.

Што думаюць пра вінаватых у барысаўскай трагедыі сваякі пацярпелых?

Ірына Крук у віне сьлесараў Лукаша і Чысьцякова таксама сумняваецца. Паводле Ірыны, яе сьвёкар Мікалай Крук і сьвякроў Валянціна, якія загінулі ў сваёй кватэры, заўсёды акуратна карысталіся газавай калёнкай, не забывалі выключаць яе на ноч. Але пэўныя праблемы з вэнтыляцыяй у кватэры мужавых бацькоў былі, згадала Ірына Крук.

Толкам ніхто нічога не паправіў, нейкая прычына як была, так і засталася

«Сьвякроў выходзіла з кватэры, а ўсе пахі, што яна гатавала, заўсёды былі на яе адзеньні. Гэта немагчыма было не адчуваць. І калёнка ў яе, бывала, калі запальвала, не адразу спрацоўвала. Лічу, гэта таму, што дрэнна працавала вэнтыляцыя. І цяпер суседзі з 4-га паверху кажуць, што там дагэтуль дрэнна працуюць дымаход і вэнтыляцыя. Што зьбіраюцца ў кватэру ўсе пахі, якія зьяўляюцца нават у суседнім падʼезьдзе. То бок толкам ніхто нічога не паправіў, нейкая прычына як была, так і засталася. А тых хлопцаў-сьлесараў толькі зрабілі крайнімі, яны не вінаватыя. Трэба было пачынаць з праверкі тых, хто правяраў, як гэтая вэнтыляцыя нібыта працавала», — мяркуе Ірына Крук.

Гэта Ірынін муж Вячаслаў Крук першым знайшоў сваіх бацькоў Мікалая і Валянціну, якія памерлі ад газу. Праз 11 месяцаў пасьля трагедыі Вячаслаў памёр ад хваробы, але жанчына мяркуе, што перажытае гора таксама спрычынілася да ягонай заўчаснай сьмерці. Сьледчыя апытвалі Вячаслава Крука як сьведку і як пацярпелага. Паводле Ірыны, яе муж таксама меркаваў, што асноўнай прычынай трагедыі стала дрэнная праца вэнтыляцыйных каналаў і дымаходаў.

Ірына Крук
Ірына Крук

Ірына Крук згадала, што 5 год таму дом, дзе жылі мужавы бацькі, перадалі з балянсу Міністэрства абароны на балянс гораду, абслугоўваньне дому даручылі УП «Жыльлё», а ў 2015 годзе зрабілі рамонт даху. «Тады недакладна дабудавалі казырок, магчыма, нешта парушылі і ў гэтай вэнтыляцыйнай сыстэме», — не выключае Ірына Крук.

Асобная вэрсія адваката

Адвакат Ігар Іваноў расказаў, чаму прасіў суд цалкам апраўдаць сьлесараў Аляксея Лукаша і Аляксандра Чысьцякова. У абаронцы свая вэрсія пра прычыны трагедыі.

— Забіў людзей чадны газ, але чадны газ — гэта наступства, а прычына — вэнтыляцыя і дымаход. І гэтая прычына ня ў нас, не ў падсудных. А ў кім — мусіць шукаць сьледзтва, не абарона. Што да меркаванай віны супрацоўнікаў ЖЭУ, дык тут таксама ня ўсё проста. Іх віна не была даказаная, дакладней, сьледзтва нават не выстаўляла ім абвінавачаньне. На мой погляд, непасрэдная віна — саміх спажыўцоў газу. Бо паглядзіце: прадстаўнік газавай службы да вас прыходзіць і кажа: перад тым як уключыць калёнку, праверце вэнтыляцыю, адчыніце фортку ці вакно, праверце цягу ў дымаходзе. І што пасьля гэтага мусіць зрабіць спажывец? Праверыць. Але, як высьветлілася, у нашай справе ніхто нічога не правяраў. А далей чаднаму газу няма куды падзецца, і ён атручвае людзей.

Адвакат Аляксея Лукаша Ігар Іваноў
Адвакат Аляксея Лукаша Ігар Іваноў

— А падсудныя праверылі, ці выконваюцца іхнія рэкамэндацыі?

— Так. Яны прыходзілі з праверкай апошні раз за 35 дзён да здарэньня. Але скажыце, дзе гарантыя, што за 35 дзён зноў не забʼецца вэнтыляцыя, будуць зачыненыя форткі, утворыцца зваротная цяга, а спажыўцы ўсё роўна ўключаць калёнку, каб нагрэць вады і памыцца? Вось гэта адбылося, і рабіце высновы самі, хто вінаваты. На мой погляд, усё відавочна, але суд чамусьці нас не пачуў. Або не захацеў пачуць.

Назіральнікі адзначаюць, што суд не зрабіў вызначэньня на адрас устаноў, адказных за эксплюатацыю дому па Дняпроўскай вуліцы, дзе здарылася трагедыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG