Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад страху пакараньня ці ад нястачы ўвагі. Чаму ў Беларусі зьнікаюць дзеці


Фота ©Shutterstock

На мінулым тыдні шырокі грамадзкі рэзананс выклікалі ўцёкі з салігорскага дзіцячага садку трох дзетак, якія паехалі на цягніку ў Жлобін. На гэтым тыдні — зьнікненьне 10-гадовага школьніка ў менскім мікрараёне Лошыца. У першым выпадку дзетак знайшлі за гадзіну, у другім — за суткі. Чаму ў Беларусі зьнікаюць дзеці? Як павінны сябе паводзіць бацькі і дарослыя, каб гэтага не здаралася?

Ня знойдзеныя толькі двое дзяцей

З 1994 году ў краіне лічацца бязь весткі зьніклымі каля 50 непаўналетніх. А штогод у органы ўнутраных спраў паступае прыкладна 1 тысяча заяў аб зьнікненьні дзяцей. Часьцей за ўсё зьнікаюць, а дакладней — сыходзяць з дому падлеткі, старэйшыя за 12 гадоў. Звычайна дзяцей удаецца знайсьці даволі хутка, у тэрмін да 10 сутак — да моманту завядзеньня вышуковай справы.

Сяргей Коўган
Сяргей Коўган

Кіраўнік пошукава-ратавальнага атраду «Анёл» Сяргей Коўган, які займаецца пошукамі зьніклых ужо 6 гадоў, кажа, што дакладнай статыстыкі, колькі ў Беларусі штогод дзяцей зьнікае і колькі знаходзяць, яны не вядуць. Але, на яго погляд, бясьсьледныя зьнікненьні дзяцей здараюцца ня так часта. За дзень-два знаходзяць амаль усіх.

«На маёй памяці ня знойдзеныя толькі двое дзяцей: 14-гадовая Наста Кот зь Сеньніцы, якая зьнікла ў жніўні 2013 году, і 11-гадовы Максім Мархалюк, які зьнік 16 верасьня 2017 году ў Сьвіслацкім раёне», — кажа Сяргей Коўган.

Максіма Мархалюка шукалі ў пушчы 4,5 тысячы валянтэраў

Спадар Коўган кажа, што ў пошуках Максіма Мархалюка ў Белавескай пушчы задзейнічалі рэкордную колькасьць валянтэраў — 4,5 тысячы. Падцягнулі ўсе пошукава-выратавальныя падразьдзяленьні, якія валодаюць і досьведам, і ведамі, міліцыю, армію — з усёй краіны. Падбалі пра бясьпеку людзей, ніхто не заблукаў, не згубіўся.

«Абʼектыўна са сваёй задачай людзі справіліся. Тое, што не знайшлі хлопчыка — гэта іншы факт. А тэрыторыя была абсьледаваная велічэзная валянтэрамі сумесна з праваахоўнымі органамі, МНС, пры задзейнічаньні авіяцыі, кіналягічнай службы, вадалазаў. На жаль, гэтая праца не дала вынікаў, але абʼектыўна яна была выкананая правільна», — кажа спадар Коўган.

У кожнага ўцекача — свае матывы, таму альгарытм пошуку ў кожным выпадку розны

Што тычыцца самага апошняга выпадку, калі 10–11 студзеня шукалі ў Менску 10-гадовага Данііла Сакалоўскага, у пошуках было задзейнічана каля 30 валянтэраў непасрэдна на мясцовасьці, а таксама каля 10 адміністратараў, якія забясьпечвалі распаўсюд інфармацыі ў СМІ і ўзаемадзеяньне з сацыяльнымі сеткамі.

У горадзе не патрабавалася вялікай колькасьці людзей, таму што былі пастаўленыя пэўныя задачы — хлопчык наўрад ці мог далёка сысьці ад свайго мікрараёну. Тыя, хто яго шукаў, ведалі, што дзіця было пакрыўджана, баялася бацькоўскага пакараньня, сышло само — таму, каб не спалохаць яго, па горадзе не расклейвалі абвестак, каб Данік, пабачыўшы іх, не схаваўся глыбей, а працавалі даволі ціха, кантактавалі праз сацыяльныя сеткі. Але не выключалі і іншых вэрсій. Калі зьнікае хворы чалавек, тады і абвесткі расклейваюць, і шырока, маштабна інфармуюць любымі сродкамі.

«У кожнага, хто ўцякае, хто хаваецца — свае матывы і прычыны. Сыходзяць і са школ, і з садкоў, і са спэцыяльных устаноў, і зь летніх лягераў — кожны выпадак індывідуальны. То бок у нас ёсьць альгарытмы пошуку людзей у горадзе, у лясным масіве, пошукі чалавека, які заблукаў, які мог патануць, пошукі чалавека з псыхічнымі разладамі, са стратай памяці, пошукі дзіцяці, якое магло ўцячы. Калі мы маем інфармацыю, што адбылося, мы адразу робім ацэнку сытуацыі. Працуем у цесным узаемадзеяньні з праваахоўнымі органамі і ўзгадняем альгарытм: каб дапамагчы, але ні ў якім разе не нашкодзіць», — кажа Сяргей Коўган.

Проста губляюцца толькі маленькія дзеці — у парку, на вуліцы, у краме. Але іх знаходзяць хутка, за некалькі гадзін.

На жаль, здараюцца і трагедыі, калі дзетак знаходзяць нежывымі. Летась апэратыўнікі знайшлі парэшткі дзяўчынкі, якая зьнікла ў 2012 годзе. У 2014 годзе ў Веткаўскім раёне зьніклі дзьве дзяўчынкі — 4 і 6 гадоў, якія адпачывалі з бацькамі. Іх шукалі ў лесе, а целы знайшлі ў рацэ — у Сажы.

Хтосьці баіцца бацькоў, хтосьці шукае прыгодаў

У сакавіку 2017 году ў Віцебску зьніклі трое падлеткаў з адной шматдзетнай сямʼі — 18-гадовы Руслан, 16-гадовы Цімур і 15-гадовая Кацярына. Яны зьніклі з пашпартамі і вялікай сумай грошай, якую ўзялі дома. Праз тыдзень іх знайшлі ў цягніку ў Хабараўску — падлеткі хацелі дабрацца да Ўладзівастоку.

А ў сакавіку 2016 году зьнікла 14-гадовая гомельская школьніца Ліза, якой клясная кіраўніца сказала, што будзе размаўляць з бацькамі. Уразьлівая дзяўчына-выдатніца зьнікла. Як высьветлілася, яна суткі правяла на гарышчы з кнігай «Пётар І» — рыхтавалася да алімпіяды.

Дзіцячы псыхоляг: «Галоўнае для бацькоў — захаваць даверлівыя адносіны зь дзіцем»

Сьвятлана Дзядова
Сьвятлана Дзядова

​Як прадухіліць сытуацыі, калі дзеці, атрымаўшы нізкую адзнаку ці баючыся пакараньня за дрэнныя паводзіны ці ўчынкі, уцякаюць з дому?

Дзіцячы псыхоляг Сьвятлана Дзядова кажа, што самае галоўнае для бацькоў — гэта захаваць даверлівыя адносіны зь дзіцем. Часьцяком бацькі ставяць вельмі высокую плянку для сваіх дзяцей — тыя павінны выдатна вучыцца, узорна паводзіць сябе, і ня дай божа дзіця яе не дасягне.

«Шчасьлівыя ня тыя, хто надзвычай разумны і атрымлівае толькі добрыя адзнакі. А шчасьлівы той, у каго ёсьць дарослыя людзі, зь якімі можна пагаварыць, зь якімі можна падзяліцца праблемамі, да якіх ня страшна прыйсьці. Дзіцяці з бацькамі павінна быць утульна, яго павінны разумець.

Вядома, трэба і выхоўваць, і строга пытацца, вучыць не парушаць закон. Але галоўнае — дарослыя павінны падбаць пра бясьпеку дзяцей. Адчуваньне бясьпекі павінна ісьці менавіта ад бацькоў. Але часам трэба і пакараць, увесьці нейкія правілы. Але гэтыя правілы не павінны наводзіць вялікі страх», — кажа дзіцячы псыхоляг.

Сьвятлана Дзядова раіць бацькам не завышаць плянку, бо часьцяком дзецям страшна, што яны не адпавядаюць уяўленьням бацькоў пра іх. Калі дзіця пачынае думаць, што яно не адпавядае, то можа прыйсьці да высновы, што бацькі яго ня любяць — маўляў, «я такі ім не патрэбны, калі не адпавядаю іхнай плянцы».

«І тады яны могуць сысьці з дому. Ну, ня ўсё ў дзіцяці атрымліваецца — бацькі, зьмірыцеся з гэтым. Галоўнае, каб было пачуцьцё паразуменьня і шчасьця.

Калі дзіця слухаецца толькі таму, што страшна — гэта ня ўнутраная ўстаноўка, а толькі зьнешні кантроль. Калі дзіця ня робіць нечага дрэннага толькі дзеля страху, бацькі павінны разумець, што гэта няправільна.

Але пакараньні павінны быць разумныя, натуральныя і адэкватныя. Зламала дзіця камусьці асадку ці цацку — яно павінна кампэнсаваць гэта з уласных грошай. Згубіў школьны падручнік — купі новы за свае кішэнныя грошы».

Дзецям не хапае ўвагі бацькоў, і яны ўцякаюць, каб прыцягнуць да сябе ўвагу

Калі ўсё ж такі ў пошуках прыгодаў, як віцебскія падлеткі, дзеці ўцякаюць з дому, у гэтым таксама трэба шукаць прычыну. Часьцей за ўсё ім не хапае ўвагі бацькоў, і яны хочуць яе прыцягнуць.

«Дзяцей шукаюць бацькі, міліцыя, валянтэры. Адна з вэрсій — ім не хапае гэтай увагі. Магчыма, гэта не сьвядома, а нават падсьвядома — „мне трэба, каб мяне заўважылі, на мяне зьвярнулі ўвагу“. Падлеткі выдатна разумеюць, што іх будуць шукаць. Яшчэ адзін момант — іх трымаюць у жорсткіх рамках, і яны хочуць свабоды. Можа, бацькам трэба ў нечым яе больш даць. Але ў кожным выпадку ўсё вельмі індывідуальна. Агульныя парады вельмі цяжка даваць», — кажа дзіцячы псыхоляг Сьвятлана Дзядова.

«Анёлу» патрэбная спонсарская дапамога

Зьніклых дзяцей шукаюць міліцыя, войска, ратавальнікі, валянтэры — выпадак з пошукамі Максіма Мархалюка быў унікальны. Ужо 6 гадоў у Беларусі працуе «Анёл» — пошукава-ратавальны атрад, у якім толькі тры штатныя адзінкі, астатнія — валянтэры.

«Колькасьць валянтэраў прыблізна аднолькавая. Некаторыя, так бы мовіць, эмацыйна выгараюць, прыходзяць новыя. Павялічваецца колькасьць падпісчыкаў праз сацыяльныя сеткі і рэсурсы, і гэта дазваляе знаходзіць сьведак за вельмі хуткі прамежак часу зь вялікай верагоднасьцю. Ня ведаю, ці можна называць валянтэрамі людзей, якія падпісаныя на нашы навіны, калі мы заклікаем аказаць дапамогу, альбо гэта сьведкі, якія пазналі чалавека па арыенціроўцы і паведамілі? У нас за 6 гадоў працы вялізная колькасьць падпісчыкаў, якія аказваюць дапамогу з распаўсюдам інфармацыі ў выглядзе перапосту. А ўзаемадзеяньне са СМІ, якія самі зьвяртаюцца да нас і публікуюць інфармацыю, узмацняе нашу працу ў сотні разоў», — кажа Сяргей Коўтун.

Дзякуючы падтрымцы неабыякавых людзей у атрадзе ёсьць і транспарт, і адмысловае абсталяваньне, цеплавізар і нават дрон. Але неабходная дапамога спонсараў: арэнда офіса, камунальных паслуг, купля дарагога абсталяваньня для пошукаў, абслугоўваньне яго — гэта вымагае значных рэсурсаў. Каб такі магутны праект мог існаваць, неабходная падтрымка.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG