Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму беларусы не хацелі ставіць помнікі выбітным асобам?


Вячаслаў Ракіцкі (зьлева) і Сяргей Харэўскі ў студыі Свабоды
Вячаслаў Ракіцкі (зьлева) і Сяргей Харэўскі ў студыі Свабоды

Творы манумэнтальнай скульптуры, помнікі, сёньня натуральным чынам упрыгожваюць беларускія гарады, сталі неад’емнай часткай гарадзкога ляндшафту. Яны ж і ўвекавечваюць памяць пра выбітных асобаў, становяцца сымбалямі эпохі, нацыянальнай гісторыі і культуры. Але ці беларуская гэта традыцыя? Пра гэта мы гутарым з гісторыкам мастацтва, выкладчыкам Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Сяргеем Харэўскім.

Вячаслаў Ракіцкі: Сяргей, давайце пачнём нашу гутарку зь нядаўняй важнай падзеі. У Менску нарэшце адкрылі доўгачаканы помнік Станіславу Манюшку і Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу. Гэтую падзею шмат хто, асабліва людзі мастацтва, успрыняў з энтузіязмам. Аднак на адрас аўтараў помніка выказваюцца і крытычныя заўвагі. Адны зьдзіўленыя, што кампазытар Манюшка, які меў дрэнны зрок, на помніку ня мае акуляраў, тым болей што ў зафіксаваны скульптарамі момант ён, хутчэй за ўсё, чытае лібрэта опэры, якое напісаў Дунін-Марцінкевіч. Іншыя зьдзіўленыя, што драматург тут не сутулы. Хтосьці кажа, што пастамэнт нізкі. Зьвяртаюць крытыкі ўвагу і на тое, што помнік не павернуты ў той бок, дзе колісь стаяў будынак гарадзкога тэатру, дзе першая беларуская опэра і была паказаная. А як вам падабаецца гэты помнік?

Помнік кампазытару Станіславу Манюшку і драматургу Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу
Помнік кампазытару Станіславу Манюшку і драматургу Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу

Сяргей Харэўскі: Я таксама хацеў бы бачыць гэты помнік на іншым месцы — непасрэдна ля гатэля «Эўропа» ці каля Акадэміі музыкі. Менавіта на адрасным месцы — там, дзе і стаяў будынак тэатру. Тым болей што тэрыторыя вакол ратушы і так ужо загрувашчаная самымі рознымі падзелкамі. Канечне, мне не падабаецца гэтая лава. У нас на лаўцы ўжо сядзіць Горкі, на лавачках сядзяць Пушкін, Міцкевіч. Усяму павінен быць свой час. Перанесеная з 1970-х гадоў стылістыка выглядае анахранічнай. Ня так важна, ёсьць ці няма акуляраў. Галоўнае — у гэтага помніка няма вобразу, як на маю думку. У гэтай скульптуры не прачытваецца веліч той падзеі, а стварэньне першай нацыянальнай опэры было падзеяй на той час для нацыі, як у наш час для сьвету стала вынаходжаньне інтэрнэту.

Ракіцкі: А калі ў Беларусі наагул зьявілася манумэнтальная скульптура?

Харэўскі: Натуральна, ад эпохі готыкі ў касьцёлах па ўсёй Беларусі было багата розных скульптураў. Шыкоўныя скульптурныя ансамблі ўпрыгожваюць велізарныя барочныя алтары ў Горадні, Пінску, Будславе, Глыбокім, Крывічах, Ішчалне, Міхалішках, Новай Мышы, Нясьвіжы ды багата яшчэ дзе. Дарэчы, у Нясьвіжы зьберагліся старажытныя скульптурныя партрэты Радзівілаў пры іхных пахаваньнях. Гэтаксама як і ў касьцёле Сьвятога Юр’я ў Крамяніцы засталася шыкоўная скульптурная кампазыцыя над трунамі Мікалая і Барбары Вольскіх. У музэі старажытнабеларускага мастацтва пры нашай Акадэміі навук захоўваецца надмагільле са скульптурамі Паўла Сапегі і ягоных трох жонак.​

Ракіцкі: Так, з касьцёламі і надмагільлямі ўсё зразумела. Нават, я сказаў бы, гэта натуральна. А вось па-за храмамі, у беларускіх гарадах — у якія часы, у якую эпоху зьяўляюцца манумэнты, помнікі?

Харэўскі: Вядома ж, здаўна былі прыдарожныя капліцы, слупы і калёны са скульптурамі сьвятых. Ацалелі такія каплічкі ў Пінску, Слоніме, Ражанцы, у некаторых сядзібах. Але тыя скульптуры да нашага часу не дайшлі. Напрыклад, славутая выява на калёне ў Фашчаўцы на Шклоўшчыне. Уладзімер Караткевіч да згадкі пра яе ў «Чорным замку Альшанскім» дадаў для расейскага выданьня такое тлумачэньне:

«У вёсцы Фашчаўка (Хвашчава) пад Шкловам была калісьці ў сярэднія вякі езуіцкая місія, і каля яе стаяла (а можа, і цяпер) на высокай калёне статуя. Удзячны народ забыўся, хто гэта: сьвяты ці нейкі дзяржаўны дзеяч, але трывала замацаваў у слоўніку словы „ёлуп хвашчоўскi“ (ёлуп, дурань хвашчоўскі) для вызначэньня чагосьці дурнога і бескарыснага».

Шкада, але ўнікальны манумэнт у Фашчаўцы гіне проста ў нас на вачах! А вось паўнавартасная круглая скульптура як самастойны аб’ект паўстала ў нас толькі ў расейскія часы. Слынны расейскі скульптар Васіль Дэмут-Маліноўскі ў 1826 годзе, на замову апошняга графа Румянцава, Сяргея Пятровіча, вырабіў бронзавую копію скульптуры багіні Міру, што ў 1806 годзе стварыўшы быў сусьветна вядомы італьянскі скульптар Антоніё Канова для асабняка Румянцавых у Пецярбургу. Гэтая бронзавая копія ўпрыгожыла Гомельскі палацава-паркавы ансамбль ужо пасьля сьмерці свайго стваральніка, Мікалая Румянцава. Гэткім чынам ягоны наступнік, новы ўладальнік Гомельскага палаца, ушанаваў памяць брата. Сёньня тая, фактычна адна зь першых манумэнтальных скульптураў у Беларусі, зьберагаецца ў тамтэйшым музэі. А колісь яе можна было бачыць проста ў парку.

Фашчаўская скульптура на калёне
Фашчаўская скульптура на калёне

Ракіцкі: А помнікі канкрэтным асобам калі зьявіліся ў Беларусі? Дзе ўпершыню ў Беларусі наагул зьявіліся сапраўдная манумэнтальныя скульптуры-манумэнты?

Харэўскі: Там жа, у Гомелі. У 1840-х гадах помнік Юзафу Панятоўскаму цар Мікалай I падарыў гомельскаму вяльможу генэралу Паскевічу. Той і перанёс помнік з Варшавы. Паскевіч загадаў усталяваць яго перад сваім палацам у Гомелі. Помнік князю Панятоўскаму з Варшавы — адзін з шэдэўраў выбітнага дацкага скульптара Бэртэля Торвальдсэна, дарэчы, настаўніка нашай скульптаркі і мэмуарысткі Алены Скірмунт. Скульптура была адлітая з бронзы ў 1832 годзе, аднак з прычыны наступстваў паўстаньня 1830–1831 гадоў яе немагчыма было ўсталяваць у сталіцы Польшчы. А ў Гомелі шэдэўр эўрапейскай скульптуры эпохі клясыцызму прастаяў доўга і толькі ў 1922 годзе быў перададзены Польшчы адпаведна з Рыскай дамовай. Яго паставілі ў двары каралеўскага палаца. Падчас Варшаўскага паўстаньня помнік быў зьнішчаны, але яго адлілі наноў паводле арыгінальнай мадэлі з музэю Торвальдсэна ў Капэнгагене, і дацкі ўрад падараваў яго Польшчы. Цяпер той Панятоўскі на кані, што прастаяў перад палацам у Гомелі 90 гадоў, стаіць перад палацам прэзыдэнта Польшчы. Я асабіста лічу, што варта парупіцца і пра выраб яшчэ адной скульптуры ды вярнуць шэдэўр Торвальдсэна на гістарычнае месца — у наш Гомель.

Помнік князю Юзафу Панятоўскаму работы Б. Торвальдсэна ў Гомелі (пач. ХХ ст.)
Помнік князю Юзафу Панятоўскаму работы Б. Торвальдсэна ў Гомелі (пач. ХХ ст.)

Ракіцкі: І што ж адбывалася далей? Ну, напрыклад, калі гарадзкія скульптуры зьявіліся ў Менску?

Харэўскі: Тут таксама ўсё вядома дакладна. 14 траўня 1874 году ў Менску была ўрачыста адкрытая фантанная скульптура «Хлопчык зь лебедзем», што было прымеркавана да пуску менскага водаправоду з чыстай артэзіянскай вадой. З тае найважнейшае нагоды ў гісторыі гораду адбыўся фуршэт зь вялікім фаервэркам, ад якога згарэлі некалькі драўляных дамоў на вуліцы Падгорнай (сёньня — імя Карла Маркса). Фантан стаў галоўнай славутасьцю Аляксандраўскага сквэра. Хоць, варта тут сказаць, гэта быў тыпавы праект XIX стагодзьдзя. Яго арыгінальны ўзор быў створаны нямецкім скульптарам Тэадорам Эрнстам Калідам. Майстар атрымаў за яго нават мэдаль на лёнданскай выставе і замову на такую самую фігуру ў сад ангельскай каралевы. Прадпрымальныя французы тут жа наладзілі штампаваньне, так што ў менскага «хлопчыка» было блізу пары сотняў братоў, некаторыя зь якіх да сёньня ўпрыгожваюць паркі Нямеччыны, Ангельшчыны, Польшчы.

Гэткім жа тыпавым быў і першы ў нашай сталіцы помнік — бюст цара Аляксандра II. Аўтарам першай мадэлі стаў даволі вядомы на свой час расейскі скульптар Мікалай Лавярэцкі. Вось паводле ягонага ўзору й адлілі ў Туле, слаўнай сваімі самаварамі, некалькі дзясяткаў помнікаў. Дарэчы, пастамэнт аднаго зь іх, у Пецярбургу, каля псыхіятрычнага шпіталя, захаваўся. У Менску помнік паставілі нашмат пазьней, ужо ў ХХ стагодзьдзі. Імпазантны пастамэнт быў з чорнага граніту. Сам бюст імпэратара выкананы з бронзы. Надпіс на помніку: «Императору Александру II. Благодарные граждане города Минска. 1900 год». Вакол былі ланцугі. А па начах тут абапал помніка гарэлі два шыкоўныя ліхтары. І амаль дакладна на тым самым месцы, дзе стаяў той царскі помнік, сядзяць цяпер Манюшка з Дуніным-Марцінкевічам.

Помнік цару Аляксандру ІІ у Менску (пач. ХХ ст.)
Помнік цару Аляксандру ІІ у Менску (пач. ХХ ст.)

Ракіцкі: А чаму ў Менску помнік цару паставілі так позна? Трэба разумець, што і прастаяў ён нядоўга?

Харэўскі: У нас гісторыяй гэтага помніка прафэсійна ніхто не займаўся. Таму я магу толькі спасылацца на найноўшую працу расейскага географа і гісторыка Кірыла Сокала, расейскага дасьледчыка гісторыі манумэнтаў у Расейскай імпэрыі. Там ён прыводзіць спасылку на тое, што нашае тутэйшае сялянства зусім не ўхваляла гэткую ідэю ўшанаваньня памяці свайго «вызваліцеля». Расейскі дасьледчык піша, што «ў рэлігійнай беларускай глыбінцы ў 1910-х гадах многія выступалі супраць масавага ўсталёўваньня манумэнтаў Аляксандру II, лічачы, што лепшым помнікам цару павінны стаць новыя храмы».

Ракіцкі: Вы хочаце сказаць, што беларусы не любілі ставіць помнікі выбітным асобам, не прымалі такога спосабу ўвекавечваньня людзей?

Харэўскі: Так! Менавіта з-за грэцкай артадаксальнай традыцыі, якая катэгарычна адмаўляе скульптуру, літаральна трактуючы загад Майсея не ствараць сабе куміраў. А паколькі носьбітам тых традыцыяў была і ўніяцкая царква, якую пазьней далучылі да Рускай праваслаўнай царквы, то гэткае сьветаўспрыманьне, такія прынцыпы перахоўваліся ў нас тысячу гадоў непарыўна.

Ракіцкі: А якім чынам тады ўслаўлялі сваіх герояў? Можа, храмы станавіліся помнікамі?

Харэўскі: Менавіта так. Напрыклад, капліцу-манумэнт у гонар юбілею Нікейскага сабору (325 г.) паставілі ў 1826 годзе пасярод Юбілейнай плошчы, у гонар чаго яна й атрымала сваю назву. Таксама была капліца ў гонар цудоўнага збавеньня ў чыгуначнай катастрофе царскай сям’і ў 1888 годзе пасярод цяперашняй плошчы Мясьнікова. Была і капліца-манумэнт Аляксандра Неўскага, збудаваная ў 1869 годзе пры ўваходзе ў цяперашні Аляксандраўскі сквэр. Я хацеў бы іх бачыць на сваіх месцах, хоць, натуральна, ужо ў іншым кантэксьце.

Ракіцкі: То бок паўнавартасныя манумэнтальныя скульптурныя помнікі пярэчылі тутэйшым традыцыям?

Харэўскі: Выглядае, што так! І ня толькі традыцыям, але й здароваму цяму. З помнікамі таму цару быў сапраўды цэлы шал. З нагоды 50-годзьдзя касаваньня прыгону тыпавыя помнікі Аляксандру II вырабляліся канвэерным спосабам. Іх галоўны вытворца, пецярбурскі фабрыкант Навіцкі, выпускаў дыхтоўныя, але недарагія бранзаваныя бюсты на цынкавых пастамэнтах. Завод вырабіў некалькі тысяч такіх помнікаў. Акрамя таго, помнікі Аляксандру II выраблялі іншыя заводы і фірмы. Агульная колькасьць тыпавых помнікаў цару, усталяваных у 1911–1916 гадах, не паддаецца ўліку! Іх былі насамрэч тысячы.

Ракіцкі: Як пры нашым жыцьці — помнікі Леніну...

Харэўскі: Менавіта. Таму, калі мы цяпер кпім з усталёўваньня ў савецкі час безьлічы тыпавых помнікаў, нагадаю: не пры камуністах гэта пачалося, а пры расейскіх манархістах! І вынік, як бачым, аднолькавы.

Ракіцкі: Пра Панятоўскага вы ўжо распавялі, «Хлопчык зь лебедзем» стаіць і добра фантануе. А як склаўся лёс таго царскага бюста?

Фантанная скульптура "Хлопчык зь лебедзем" у Менску
Фантанная скульптура "Хлопчык зь лебедзем" у Менску

Харэўскі: Паводле дасьледаваньня таго ж Кірыла Сокала, калі ўлетку 1915 году немцы і іх хаўрусьнікі пачалі магутны пераможны наступ на ўсход, расейцы ўзяліся вывозіць, што пасьпявалі, — розныя скарбы, музэйныя калекцыі, званы з храмаў. Помнікі царам і генэралам былі вывезеныя з Рыгі, Вільні і Менску назад у Расею, дзе і прапалі ў завірусе наступнай рэвалюцыі. А ў 1917 годзе Менск радасна сустрэў вестку пра Лютаўскую дэмакратычную рэвалюцыю і зьвяржэньне тыраніі. У тым самым годзе на пастамэнце з-пад бюста цару менскі архітэктар і скульптар Краснапольскі ўсталяваў помнік салдату-рэвалюцыянэру — ці ня першы на абшарах былой імпэрыі, прысьвечаны абнаўленьню старога сьвету. Гэта была фігура жаўнера ў шынялі, у стылі мадэрн, з характэрным абагульненьнем геамэтрызаваных формаў. Помнік праіснаваў зусім вобмаль, бо немцы ўрэшце занялі і Менск у 1918 годзе, і гэты помнік быў разбураны. А бальшавікі, у сваю чаргу, адразу ж, як толькі атабарыліся ў Менску, зруйнавалі капліцу-манумэнт у гонар ахвяраў Першай сусьветнай вайны, пастаўленую на могілках, сьціплую, але элегантную, паводле праекту слыннага пецярбурскага дойліда Л. Бенуа, і зь немаведамых прычын зруйнавалі помнік ахвярам «Курлоўскага расстрэлу» 31 кастрычніка 1905 году, калі расейскія карнікі расстралялі мірную маніфэстацыю жыхароў Менску. Ён стаяў проста пры ўваходзе ў колішні вакзал. Лічу прынцыповым, што і яго даўно пара аднавіць на прывакзальнай плошчы! Балазе, тое месца вольнае!

Ракіцкі: Выглядае, што ў Менску, як і ў астатняй Беларусі, помнікам ня надта шанцавала. Былі зьнішчаныя амаль усе даваенныя помнікі. Лішне казаць, што і помнік Сталіну праіснаваў нядоўга. А вось з таго, што засталося, на вашу думку, якія найбольш удалыя, каштоўныя з мастацкага гледзішча помнікі?

Харэўскі: Манумэнт Перамогі, помнікі Якубу Коласу і Янку Купалу, помнік Тарасу Шаўчэнку. На вялікі жаль, моцна сапсавалі помнік Максіму Багдановічу, які я назваў бы лепшым на свой час і на сваім месцы. Наагул, з часам і месцам гарадзкой скульптуры Менску, на мой погляд, фатальна не шанцуе. Шмат выпадковага або паводле месца, або паводле анахранічнай стылістыкі. Ну хто можа запомніць, напрыклад, помнік Пушкіну ў Менску? Няўдала пастаўленыя ў нас помнікі Драздовічу, Гарэцкаму, Міцкевічу... Тут вялікая віна і архітэктараў!

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG