Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грудзі можна выстаўляць, а пэніс Давіда — не. Чаму беларускія мастакі праводзяць выставу ў Грузіі?


Мастак Міхаіл Гулін у сваёй майстэрні

У Тбілісі адкрылася выстава сучаснага беларускага мастацтва. Мастак Міхаіл Гулін, куратар выставы «Прастора дыфузіі», расказаў Свабодзе, чаму яна немагчымая ў Беларусі.

На Каўказе Беларусь ведаюць як last diсtatorship

17 траўня ў Тбілісі ўпершыню адкрылася выстава сучаснага беларускага мастацтва. 13 беларускіх мастакоў, 14 твораў. Выставу змантавалі ў Гістарычным музэі, які займае памяшканьне былога караван-сарая. Нефарбаваныя фанэрныя сьцены, паркетная падлога, мэталічныя апоры. Ідэальнае месца для сучаснага беларускага мастацтва.

Зладзіць такую выставу ў сучаснай Беларусі немагчыма. Прынамсі, так лічыць Міхаіл Гулін.

«Выстава „Прастора дыфузіі“ для мяне — гэта як магчымасьць сустрэцца для беларускіх мастакоў. Толькі сустрэцца не ў Беларусі, а за мяжой. Такая сустрэча на Эльбе. Яна можа адбыцца недзе ў Нямеччыне, недзе ў Грузіі, недзе яшчэ. Але толькі не ў Беларусі», — кажа Гулін.

Такая сустрэча можа адбыцца недзе ў Нямеччыне, недзе ў Грузіі, недзе яшчэ. Але толькі не ў Беларусі

Міхаіл ведае, пра што кажа. У 2012 годзе ён ладзіў у Менску арт-праект — хадзіў па горадзе і ў розных месцах ставіў сваю скульптурную кампазыцыю з кубоў розных колераў. Свабода творчасьці скончылася на Кастрычніцкай плошчы. Гуліна разам зь іншымі ўдзельнікамі праекту схапілі міліцыянты і адвезьлі ў РУУС. Там на мастака склалі пратакол за лаянку і непадпарадкаваньне.

«Кайданкі, зьнявагі, зьбіцьцё», — кажа Гулін.

Скульптуру забралі. Не вярнулі дагэтуль, хоць суд, што незвычайна, апраўдаў Гуліна.

У Тбілісі Міхаіл прадстаўляе той самы, вымушана адноўлены, праект. Некалькі каляровых кубоў, зь якіх кожны ахвотны можа сканфігураваць усё, што яму захочацца.

«На адкрыцьці выставы першымі да гэтага дадумаліся малыя дзяўчаткі. Адразу скарысталіся магчымасьцю», — радуецца мастак.

Выставай цікавяцца і суайчыньнікі.

«Да мяне на адкрыцьці падышоў наш хлопец — беларус. Кажа: „Вой, як цікава. А як вы сюды трапілі?“ Украінскія бываюць, іншыя, толькі не беларускія. На Каўказе Беларусь увогуле ведаюць збольшага як last diсtatorship», — кажа Міхаіл Гулін.

Палова мастакоў-беларусаў жывуць за мяжой

«Прастора дыфузіі» — цалкам пра Беларусь. Куратары зьбіраліся адмовіцца ад палітычнага кантэксту, але здарыўся разгон на Дзень Волі.

«Адзінае, што я змог зрабіць, гэта ня браць канкрэтна палітычна ангажаваных мастакоў і палітычна ангажаваныя творы. Вось ад гэтага я адмовіўся», — кажа Міхаіл Гулін.

Расказваць, на яго погляд, заўсёды цікавей больш глыбокімі рэчамі. Таму адным з галоўных твораў выставы абралі праект Ганны Сакаловай «Чорна-бела-чорны маніфэст», дзе мастачка на фоне блакітнага неба размахвае чорна-бела-чорным сьцягам.

Ганна даўно жыве ў Дусэльдорфе, яна мастак-мінімаліст, з палітычным кантэкстам ніяк не зьвязаная. Але ў 2012 годзе праект Сакаловай паспрабавалі выставіць у Гомлі. Не атрымалася. Бо там яе чорна-бела-чорны сьцяг назвалі «бээнэфаўскім» і катэгарычна забаранілі.

«Гэта яшчэ цікавей, чым адкрыта палітызаванае мастацтва. Можна нават не расказваць, што бел-чырвона-белы ў нас забаронены», — кажа Гулін.

Ганна — не адзіная беларуска-замежніца. Палова прадстаўленых на выставе ў Тбілісі масткоў жывуць за межамі Беларусі. Ужо гэты факт можа шмат што сказаць пра сучаснае мастацтва ў нашай краіне.

Рамантычны бок беларускага нацыяналізму на выставе «Прастора дыфузіі» прадстаўлены праектам Сяргея Гудзіліна «Краіна на скуры». Гэта сэрыя фатаздымкаў тату беларусаў з нацыянальнай сымболікай.

Яшчэ адзін праект, які карыстаецца асаблівай цікавасьцю ў грузінскіх аматараў мастацтва, — гэта выстава Максіма Сарычава «Скрадзеныя дні» — партрэты палітычных актывістаў, якія адседзелі «суткі» за ўдзел у пратэстах. Здымкі выклікалі асаблівую цікавасьць, людзі чыталі гісторыі і прасілі яшчэ больш інфармацыі пра герояў фота.

Куратар выставы кажа, што калі ёсьць жаданьне расказаць пра Беларусь шчыра, то пазьбегнуць каляпалітычных момантаў проста няма як. Сучасных беларускіх мастакоў часта папракаюць, што яны ўсе «сьпяваюць пра адно і тое ж ды пастаянна скардзяцца». Па словах Гуліна, пазьбегнуць гэтага ў нашым кантэксьце вельмі цяжка.

Праект пра барацьбу назвалі «зьдзекам са спорту». І забаранілі

Ці рэальна паказаць «Прастору дыфузіі» ў Беларусі? Куратар кажа, што шанцаў мала.

«Нейкія рэчы адбываюцца і ў нас, — кажа Гулін. — Але праблема зноў у тым, што яны адбываюцца ў нашым гета. У галерэі „Ў“, ЦЭХу, яшчэ недзе. Гэта ў асноўным такія выдзеленыя зоны свабоды. Сарычаў вось ужо выстаўляўся. Але цалкам сабраць такую выставу ў Менску немагчыма. Зойдзе нейкі ня той чалавек, паглядзіць — і ўсё. Закрыюць».

Складанасьці ў беларускіх мастакоў узьнікаюць ня толькі таму, што іхнія праекты і творы маюць палітызаваны налёт. Гулін расказвае пра выпадак, калі ягоны праект быў забракаваны толькі таму, што ён зьбіраўся без цэнзуры выкарыстаць у ім клясычныя старажытнарымскія статуі.

Было гэта летась. Гуліна запрасілі зьдзейсьніць праект у межах «Арт-выспаў». Мастак прапанаваў зрабіць трансформэры з клясычных скульптур — новае разуменьне цялеснасьці і прыгажосьці. І потым меў гутарку з дырэктарам Нацыянальнага цэнтру сучаснага мастацтва.

«Яна мне кажа: „Давайце вось бяз гэтых частак цела. Бяз пэніса“. Я адказваю: „Пачакайце. Але гэта ж член Давіда! А грудзі куды я падзену?“ На грудзі пагадзілася, можна. Толькі бяз смочкаў!»

Такі самы вынік мела ідэя Гуліна паўдзельнічаць у конкурсе на Дзяржаўную прэмію.

«Я ж люблю ўкараняцца ў некамфортнае асяродзьдзе. Падаў свой праект „Барацьба за мастацтва“. 14 дзён трэніраваўся на Каўказе разам з барцамі, удзельнічаў у спарынгах. Усё гэта фіксавалася на фота і відэа. Мастак і барцы на роўных, уяўляеце? Прыгожа! Але не прынялі праект. Угледзелі зьдзек са спорту. А спорт у нас — гэта сьвятое», — кажа Міхаіл Гулін.

Праз усе гэтыя бюракратычныя перашкоды беларускім мастакам, па словах Гуліна, «даводзіцца зьвязваць сабе рукі і ногі ды бегчы дыстанцыю разам зь іншымі» альбо сыходзіць у падпольле ці зьяжджаць за мяжу.

Мастака зьдзівіла такая рэакцыя на ягоны праект. На думку Гуліна, ён ніяк ня мог нанесьці шкоду беларускаму спорту, паўплываць на яго вынікі або падарваць папулярнасьць хакею ці біятлёну.

«Шмат якія мастацкія ініцыятывы апошніх пяці гадоў — гэта ініцыятыва мастакоў у першую чаргу. І гэта такі чысты дзікі альтруізм, валянтэрства. Плюс нейкая партнэрская дапамога. Гэта праекты, на якія ад Мінкульту не атрымана ні капейкі. Гэта дзікія рэчы. Ладна, мы самі можам знайсьці фінансаваньне, пляцоўкі. Але нават гэтага ж не даюць», — кажа Гулін.

Выстава сучаснага беларускага мастацтва «Прастора дыфузіі» будзе адкрытая ў Тбілісі да сярэдзіны чэрвеня. Паралельна яна адкрыецца яшчэ ў адным грузінскім горадзе — Батумі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG