Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Будкін судзіцца зь ідэолягамі менскага гарвыканкаму праз забарону канцэртаў


Сяргей Будкін

Кіраўнік музычнага парталу TuzinFM Сяргей Будкін абвясьціў старт кампаніі «Талакой супраць цэнзуры». У прыватнасьці, заклікаў падтрымаць праект «TuzinFM vs. ідэолягі» на Talaka.by.

«Вырашыў перанакіраваць у канструктыўнае рэчышча сваю крыўду, злосьць, абурэньне, бясьсільле ды іншыя адмоўныя эмоцыі ў сувязі з забаронай праводзіць тыя канцэрты, якія хочацца, — кажа Сяргей Будкін. — Ідэолягі памыліліся, не дазволіўшы прэзэнтацыю альбому Алеся Дзянісава ды вызначыўшы ягоны мастацкі ўзровень, ня слухаючы.

І гэта рэальна даказаць у судзе, стварыўшы тым самым прэцэдэнтную справу, пасьля якой і ідэолягі, і сябры мастацкай камісіі будуць больш чульліва разглядаць заявы на канцэрт і паважаць права асобы на творчае самавыяўленьне. А там глядзіш, і патрэба ў іх адпадзе».

Паводле Сяргея Будкіна, прадстаўляць ягоныя інтарэсы ў судзе пагадзіўся менскі адвакат Сяргей Зікрацкі. Для аплаты судовых выдаткаў Будкін вырашыў стварыць яшчэ і прэцэдэнт у беларускім краўдфандынгу — сабраць грошы на юрыдычныя паслугі талакою.

Такім чынам, робіць выснову Сяргей Будкін, падтрымаўшы праект «TuzinFM vs. ідэолягі», абаронцы справядлівасьці змогуць:

— выказаць падтрымку дзейнасьці парталу TuzinFM, які ад 2003 году маніторыць сытуацыю з забаронамі канцэртаў і дамагаецца адмены цэнзуры ў музычнай сфэры;

— выказаць уласнае стаўленьне да практыкі разгляду заяваў на правядзеньне канцэртаў у ідэалягічным упраўленьні Менгарвыканкаму;

— падтрымаць творчасьць гарадзенскага музыкі Алеся Дзянісава («КальЯн», «Людзі на балоце», Dzieciuki);

— падтрымаць творчасьць паэта са Скідзелю Алеся Чобата.

Сабраныя грошы пойдуць на кампэнсацыю судовых выдаткаў.

Судовае паседжаньне ў справе заплянаванае ў эканамічным судзе Менску на 20 верасьня.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG