На плятформе Ulej.by пачаўся збор грошай на вытворчасьць набораў гіпсавых 5-сантымэтровых фігурак-«бомжстыкаў» з тварамі бяздомнікаў. За адну фігурку просяць 5 рублёў, за цэлую калекцыю з 12 фігурак — 50 рублёў.
Калекцыя — відавочная пародыя на «бонстыкаў» (фігурак фантастычных істотаў, што выдаюць бонусам пакупнікам адной з гандлёвых сетак Беларусі).
Фігуркі набылі вялікую папулярнасьць у Беларусі, праводзіўся шэраг «фэстываляў бонстыкаў», а беларусы нават жартавалі, што беларускія бонстыкі — «Шуняўка, Амап і Хапун».
Але «бомжстыкі» — ня проста жарт. Стваральнікі калекцыі абяцаюць, што частка сабраных грошай пойдзе на куплю для сапраўдных бяздомнікаў цёплых шкарпэтак і рукавіц, якія «будуць прыемным падарункам у халодны час», бо зіма для іх — самы цяжкі час, некаторыя проста не дажываюць да вясны.
Напярэдадні Новага году і пасьля яго аўтары абяцаюць наведаць месцы масавага збору бяздомнікаў, перадаць ім падарункі і зрабіць фотасправаздачу.