Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі 900 адміністрацыйных працэдур для бізнэсу, Лукашэнка абяцае іх рэфармаваць


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка 14 лютага зьвярнуўся да прадстаўнікоў бізнэсу, заклікаўшы іх да шчырага і адкрытага дыялёгу, а таксама паабяцаў спыніць ціск з боку кантрольных структур.

Ён назваў праверкі «абсурднымі і бясконцымі» і заклікаў скасаваць неабгрунтаваныя патрабаваньні да бізнэсоўцаў:

«У працэсе працы вам даводзіцца непасрэдна сутыкацца з мноствам абсурдных патрабаваньняў і бясконцай чарадой праверак. Я вас заклікаю да максымальна сумленнага і адкрытага дыялёгу ў групе», — сказаў Лукашэнка.

Што менавіта мае на ўвазе Лукашэнка?

Правяраць адзін раз, далей — толькі калі «паступіць інфармацыя»

Лукашэнка запатрабаваў, каб асноўны акцэнт рабіўся на канчатковы вынік, а не на праверку дзеля яе самой, перадае БелТА. Напрыклад, Лукашэнка лічыць недарэчным, калі працэс вытворчасьці харчовай прадукцыі кантралююць і вэтэрынары, і санітары, і Дзяржстандарт, і іншыя органы.

«Працуе прадпрыемства, плаціць падаткі, няма скаргаў — ня трэба тузаць людзей, дайце ім магчымасьць займацца справай», — сказаў ён.

Лукашэнка адзначыў, што варта адзін раз праверыць прадпрыемства, напрыклад перад адкрыцьцём, і больш не хадзіць туды з рэвізіямі і праверкамі. Далей адказнасьць застаецца на кіраўніку, што не выключае магчымасьці праверкі з боку дзяржаўных органаў у выпадку, калі «паступіла інфармацыя ад грамадзтва ці СМІ».

Лукашэнка таксама запатрабаваў, каб усе пазаплянавыя праверкі перасталі быць «пралазам» для кантрольных структур, здольных паралізаваць фактычна любую арганізацыю. Што тычыцца плянавых праверак, то яны таксама мусяць скарачацца.

Ключавое зьвяно праверак — КДК, а не камэрцыйныя ўстановы

Лукашэнка загадаў рэарганізаваць ведамасны кантроль, які ў асноўным займаецца праверкамі на даручэньні праваахоўных органаў.

«Пры гэтым незразумела, чым тады ў нас займаюцца самі сілавікі?» — задаў пытаньне Лукашэнка.

Ён прывёў канкрэтны прыклад, калі на даручэньне МУС Міністэрства фінансаў занялося рэвізіяй «Белаграсэрвісу». Для гэтага прызначылі больш за васямсот сустрэчных праверак сельгаспрадпрыемстваў. На сёньня зь іх праведзена ўжо больш за трыста, і яны не далі ніякага выніку.

Лукашэнка таксама нагадаў, што кантрольныя функцыі не павінны ажыцьцяўляцца камэрцыйнымі арганізацыямі. У якасьці адмоўнага прыкладу ён назваў дзейнасьць Міністэрства аховы здароўя, якое пры праверках вытворчасьці лекаў прыцягвае РУП «Белфармацыя».

«А гэта ня проста камерцыйная арганізацыя. Гаворка ідзе пра прадпрыемства, якое канкуруе. Як такое разумець?!» — сказаў ён, падкрэсьліўшы, што цэнтральным зьвяном ва ўсёй сыстэме кантрольна-наглядных органаў зьяўляецца КДК.

«Яму трэба раз і назаўсёды навесьці парадак у гэтай сфэры. Пракуратура павінна яму дапамагчы. Але ключавая роля павінна быць за камітэтам. Менавіта на яго абавязаны раўняцца ўсе кантрольныя органы», — заявіў Лукашэнка.

Дазволіць захоўваць яйкі і малако ў адной лядоўні

«Яшчэ адна вялікая і балючая для нас тэма — спрашчэньне патрабаваньняў да вядзеньня бізнэсу. Гаворка ідзе пра ліцэнзаваньне, але ў першую чаргу пра адміністрацыйныя працэдуры, якіх у нас сёньня зашмат — больш за 900», — адзначыў Лукашэнка.

Можа быць, хтосьці ня ведае, але, каб прыгатаваць простыя дранікі, нашу нацыянальную беларускую страву, рэстаранам трэба мець як мінімум некалькі памяшканьняў

Ён канстатаваў, што для адкрыцьця нават невялікай кавярні іх патрабуецца каля 12. На гэта, па самых сьціплых падліках, ідзе паўгода.

«Некаторыя патрабаваньні даходзяць да абсурду, калі выдаткі на іх выкананьне перавышаюць даходы ад самой дзейнасьці», — заявіў беларускі лідэр.

У якасьці абсурднага патрабаваньня Лукашэнка назваў вышыню памяшканьня для ўстаноў харчаваньня, а таксама норму, паводле якой яйкі, мяса і малако нельга захоўваць у адной лядоўні.

«Ня трэба нічога ўскладняць, — запатрабаваў Лукашэнка. — Можа быць, хтосьці ня ведае, але, каб прыгатаваць простыя дранікі, нашу нацыянальную беларускую страву, рэстаранам трэба мець як мінімум некалькі памяшканьняў. Таму яны сёньня вымушаны гатаваць дранікі і некаторыя іншыя стравы з замарожаных паўфабрыкатаў замежнай вытворчасьці».

Не перакрываць кісларод аграсядзібам

«Навошта перакрываць ім кісларод? Уладкавалі людзі дамы ў нацыянальным стылі, працуюць, кормяць турыстаў экалягічнымі, натуральнымі прадуктамі — добра. Ня трэба нічога тут выдумляць», — сказаў Лукашэнка, падкрэсьліўшы, што нельга абцяжарваць малы бізнэс непатрэбнымі патрабаваньнямі, кожнае зь якіх — «гэта зачэпка для кантралёра».

Калі ў краіне становіцца кепска, Лукашэнка гаворыць пра бізнэс-клімат

Старшыня Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Сяргей Балыкін ня мае асаблівых спадзеваў, што словы Лукашэнкі рэалізуюцца на справе, але адзначае, што зварот да пытаньняў бізнэсу — гэта добра.

«Гэта было неаднойчы — калі ў краіне становіцца кепска, Лукашэнка пачынае гаварыць пра паляпшэньне бізнэс-клімату. Вось чарговы раз ён паабяцаў, што бізнэс-клімат будзе паляпшацца, праверак і дзяржаўнага рэгуляваньня будзе менш. Нешта падобнае гучала раней, і неаднаразова. Але далёка не заўсёды такія правільныя словы завяршаліся правільнымі справамі. Сама лёгіка беларускай дзяржаўнай сыстэмы грунтуецца на тым, што дзяржава адсочвае ўсё і ўсё рэгулюе. Лукашэнка кажа пра скарачэньне праверак і паўнамоцтваў кантрольных арганаў, але ці здольныя будуць самі чыноўнікі адмовіцца ад сваіх функцыяў, а значыць, ад сваёй улады і значнай часткі заробкаў? Ці зможа дзяржаўная сыстэма самарэфармавацца? Я вельмі моцна ў гэтым сумняваюся».

Пра гатоўнасьць скараціць праверкі і кантрольныя нарматывы, адначасова павялічыўшы адказнасьць бізнэс-кіраўнікоў, Аляксандар Лукашэнка заявіў 3 лютага падчас «Вялікай размовы з прэзыдэнтам».

Пасьля гэтага 9 лютага Міністэрства надзвычайных сытуацыяў цалкам спыніла праверкі малога і сярэдняга бізнэсу. Найбольш ад праверак з боку МНС пакутавалі прадпрымальнікі, якія займаюцца гандлем, грамадзкім харчаваньнем і будаўніцтвам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG