Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сярэдзіч падчас сустрэчы з Лукашэнкам прапанаваў яму пайсьці шляхам Ярузэльскага


Галоўны рэдактар незалежнай газэты «Народная воля» Ёсіф Сярэдзіч сёньня сустрэўся сам-насам з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

Галоўны рэдактар папрасіў Лукашэнку пра асабістую сустрэчу падчас «Вялікай размовы з прэзыдэнтам», якая прайшла ў Менску 3 лютага. Пра вынікі, дамоўленасьці і ўражаньні Ёсіф Сярэдзіч апавёў Свабодзе адразу па завяршэньні сустрэчы:

Сярэдзіч: Сустрэча адбывалася амаль дзьве гадзіны. Гэта рэдкі выпадак, калі прэзыдэнт прымаў рэдактара і меў магчымасьць і жаданьне весьці гаворку. Было ўражаньне, што я сустракаўся з прэзыдэнтам, але адчуваў сабе, як быццам, я размаўляю з нармальным чалавекам, якога добра ведаю. Я адкрыта гаварыў пра ўсё, што набалела, пра праблемы, якія хвалююць мяне і ў цэлым грамадзтва, якія хвалююць і прэзыдэнта ў тым ліку, і ўсю ўладу.

Было тры блёкі размовы. Першы — тэматыка агульна-нацынальнага значэньня. Другі — я выступаў як адвакат незалежных СМІ. Магу зараз пахваліцца, што праблема, якая існавала апошнія гады з рэгіянальнымі газэтамі, з сёньняшняга дня зьнікае. Лукашэнка сказаў: «Можаш адкрыта сказаць сваім калегам, што больш яе ня будзе». Я маю на ўвазе, што напрыклад «Барысаўскія навіны» ня маюць доступу ў мясцовыя кіёскі і падпісныя каталёгі, гэта тычыцца і «Газэты Слонімскай» Навошта? Каб нас крытыкавалі. Трэба вырашыць гэтую праблему раз і назаўсёды. Ён сказаў, што можаш перадаць калегам, што такой праблемы з сёньняшняга дня не існуе. Масу іншых пытаньняў мы абмяркоўвалі.

Соўсь: Ці скарэктуецца тэматыка вашай газэты пасьля сустрэчы?

Сярэдзіч: Народная воля» будзе трымацца таго курсу, якога трымалася. Навошта нам мяняцца? Для нас самае галоўнае — адстойваем дэмакратычныя каштоўнасьці, правы чалавека, свабоду слова. Мы — за плюралізм. Навошта ўсё мяняць? Мы ж ня будзем сёньня падмяняць"Советскую Белоруссию" ці іншую афіцыйную газэту? «Народная воля» застаецца «Народнай воляй».

Соўсь: Пра што вы дамовіліся на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам?

Сярэдзіч: Я не ішоў, каб дамаўляцца з Аляксандрам Лукашэнкам. Мая справа была — выказаць сваё бачаньне разьвіцьця падзеў у Беларусі, якім чынам усім нам, беларусам, не дапусьціць нейкіх драматычных падзей на нашай зямлі, каб тут не палыхнула нічога, каб не было вайны і крывавых разборак. Каб усе праблемы, якія ўзьнікаюць, як цывілізаваныя людзі, вырашаць мірна і спакойна. Я ж не заклікаў прэзыдэнта, каб нейкія рашучыя дзеяньні прымала ўлада. Я наадварот пачынаў з прапановаў, што трэба знаходзіць пагадненьне з усімі кампанэнтамі нашага грамадзтва. Я ўспомніў таго ж Ярузэльскага. У крытычны час для палякаў Ярузэльскі ініцыяваў нацыянальны польскі круглы стол. Я думаю, што над гэтай прапановай задумаецца і Лукашэнка, і я не выключаю, што такая магчымасьць будзе. Трэба садзіцца і спакойна вырашаць.

Соўсь: Што яшчэ паабяцаў кіраўнік Беларусі акрамя таго, што раённыя друкаваныя СМІ могуць вярнуцца ў шапікі і падпісныя каталёгі?

Сярэдзіч: Асабліва няма чаго скардзіцца або прасіць падачкі. Я ж не прасіў грантаў у Лукашэнкі, бо я ведаю, што ён ня выдзеліць гэтыя гранты. І ня трэба. Я бы ня ставіў так пытаньне. Мы проста падзяліліся сваімі думкамі, сваімі меркаваньнямі наконт жыцьця ў нашай краіне і наконт таго, як мы будзем жыць праз паўгода і ці праз два гады. І ў мяне як у звычайнага чалавека, і ў яго як у прэзыдэнта баліць душа за тое, каб усё было больш-менш нармальна.

Соўсь: Вы ішлі на сустрэчу з тэчкай. Што ў ёй несьлі? Якія дакумэнты?

Сярэдзіч: Тэчка патрэбная, каб тры паперкі былі, інфармацыя пра незалежныя СМІ (па кожнай газэце мне Бастунец з БАЖу даў даведку), я ж павінен з даведкай ісьці, а не з пустымі рукамі. Абмяркоўвалі, як павінны ўлады рэагаваць на публікацыі газэты. Пра некаторыя канкрэтныя публікацыі гаварылі.

Соўсь: Як вам падалося, ці чытае Аляксандар Лукашэнка «Народную Волю»?

Сярэдзіч: Думаю, што чытае ад коркі да коркі.

Соўсь: Бачу, што вы выйшлі з сустрэчы са станоўчым уражаньнем. А калі раптам нешта з абяцаньняў Лукашэнка ня выканае, што будзеце рабіць?

Сярэдзіч: Жыцьцё пакажа. Найлепшы дарадца і настаўнік — само жыцьцё. Па-першае, фармат сустрэчы быў «з вока на вока», таму многія рэчы і мне, і прэзыдэнту трэба пакінуць за дужкамі. Калі было дамоўлена з вока на вока, то што ж я буду бегаць і на кожным скрыжаваньні пераказваць кожнае слова. Я напішу калёнку для «Народная Волі», і многія рэчы там заўтра прачытаеце.

Ёсіф Сярэдзіч нарадзіўся 1 кастрычніка 1949 года на Берасьцейшчыне. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савету. З 1990 па 1995 год рэдагаваў «Народную газэту», якая была органам Вярхоўнага Савету і мела тыраж каля 700 тысяч экзэмпляраў. Быў звольнены з гэтай пасады адмысловым указам Аляксандра Лукашэнкі. 3 1995 года рэдагуе незалежную газэту «Народная воля». За час існаваньня выданьню давялося многае перажыць — праверкі, штрафы, друкаваньне за межамі Беларусі, забарону на распаўсюд праз дзяржаўныя структуры. Аднак Сярэдзічу ўдалося захаваць гэтае выданьне.

Глядзець камэнтары (28)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG