Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кангрэс ЗША ўзгадніў бюджэт і прадухіліў «шатдаўн»


Будынак Кангрэсу ЗША ў Вашынгтоне
Будынак Кангрэсу ЗША ў Вашынгтоне

Прадстаўнікі абедзьвюх партыяў Кангрэсу ЗША — рэспубліканцы і дэмакраты — дасягнулі пагадненьня на перамовах па фэдэральным бюджэце на астатнюю частку бягучага фінансавага года — да 30 верасьня. Памер бюджэту складае 1 трыльён даляраў. Цяпер яго трэба будзе ўхваліць абедзьвюм палатам Кангрэсу.

Дамоўленасьцям папярэднічалі некалькі тыдняў гарачых дэбатаў, якія, як асьцерагаліся многія экспэрты, маглі прывесьці да «шатдаўну» — часовага прыпыненьня працы органаў улады і дзяржустаноў у сувязі з адсутнасьцю фінансаваньня, паведамляе ВВС.

Паводле паведамленьняў амэрыканскай прэсы, у праекце бюджэту ўхваленыя ўсё ваенныя выдаткі, але зьняты прапанаваны прэзыдэнтам Дональдам Трампам артыкул выдаткаў на будаўніцтва сьцяны на мяжы з Мэксыкай.

Пакуль ЗША жывуць па часовым бюджэце, які быў прыняты 28 красавіка і сканчаецца 5 траўня.

Падчас прэзыдэнцтва Барака Абамы некалькі разоў узьнікалі бюджэтныя крызісы, паколькі ў Дэмакратычнай партыі не было большасьці сярод заканадаўцаў.

Апошні «шатдаўн» адбыўся ў 2013 годзе і доўжыўся 17 дзён. Праца дзяржаўных устаноў была прыпыненая, фэдэральным службоўцам давялося сысьці ў вымушаны адпачынак, зачыніліся нацыянальныя паркі і г. д.

Цяпер і Белы дом, і Кангрэс кантралююцца Рэспубліканскай партыяй, ад якой Трамп быў абраны на пасаду прэзыдэнта. Аднак для прыняцьця бюджэту неабходна 60 галасоў у Сэнаце, дзе ў рэспубліканцаў усяго 52 месцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG