Прэзыдэнты ЗША, Мэксыкі, прэм’ер-міністар Канады вырашылі перагледзець Паўночнаамэрыканскае пагадненьне аб свабодным гандлі (NAFTA), якое прывяло да стварэньня на паўночнаамэрыканскім кантынэнце зоны свабоднага гандлю.
У заяве прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, апублікаванай у сераду ўвечары, гаворыцца, што мэтай перамоваў трох краін стане зьмена пагадненьня з улікам сучасных умоў. Паводле Белага дому, прэзыдэнт Трамп пагадзіўся не дэнансаваць Пагадненьне аб свабодным гандлі, у той час, як кіраўнікі Мэксыкі і Канады пагадзіліся пачаць працэс перагляду дамовы да «выгады ўсіх трох краін».
За некалькі гадзін да гэтай заявы зьявіліся паведамленьні пра тое, што адміністрацыя Трампа падрыхтавала праект прэзыдэнцкага ўказу аб адмове ЗША ад выкананьня ўмоў Пагаднення аб свабодным гандлі.
Дональд Трамп рэзка крытыкаваў гэты дагавор падчас перадвыбарчай кампаніі, і ўжо на пасадзе прэзыдэнта заяўляў, што пагадненьне прывяло да страты працоўных месцаў у ЗША. У апошнія дні Трамп ўвёў тарыфы на экспарт канадзкай драўніны і абвінаваціў канадзкія ўлады ў стварэньні перашкод экспарту амэрыканскага малака ў Канаду.
Пакуль невядома, якіх зьменаў дагавора мае намер дамагацца адміністрацыя Трампа.