Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Плюс 2 тысячы за суткі: біткойн стаў даражэйшы за 15 тысяч даляраў


Ілюстрацыйнае фота

Самая папулярная ў сьвеце крыптавалюта біткойн падаражэла за дзень  больш як на 2000 даляраў за адзінку, а за год амаль у 20 разоў.

Паводле шэрагу біржаў крыптавалютаў, удзень 7 сьнежня курс біткойна пераступіў мяжу ў 15 тысяч даляраў. Днём раней за біткойн прапаноўвалі каля 12,7 тысячы даляраў. Год таму за яго давалі менш за 800 даляраў.

На момант публікацыі курс біткойна апусьціўся да 14,7 тысячы даляраў паводле біржы Coindesk.

Рэзкі рост курсу біткойна і іншых крыптавалютаў пачаўся сёлета ўвесну, з таго часу падаражэньне яго толькі паскараецца. Другая па папулярнасьці крыптавалюта — этэрум — падаражэла з 8 даляраў за адзінку на пачатку году да больш як 400 даляраў на момант публікацыі.

Крыптавалюты ў Беларусі могуць легалізаваць, у Расеі —​ крыміналізаваць

Юрыдычны статус крыптавалютаў у Беларусі няпэўны: імі не дазволена і не забаронена карыстацца. Але неўзабаве здабычу і абарачэньне крыптавалютаў у Беларусі могуць дазволіць у межах дэкрэту аб лічбавай эканоміцы (тэкст законапраекту не публікуюць) — сьцьвярджаецца, што міністэртсвы і ведамствы ўхвалілі тэкст дэкрэту, хоць раней Мінфін крытыкаваў крыптавалюты (але хутка прыбраў крытыку з сайту).

Тым часам у Расеі, як перадае «Інтэрфакс», за здабычу крыптавалюты могуць увесьці крымінальную адказнасьць — «у выпадку, калі нехта спэцыяльна арганізаваў крыптавалюту з мэтай нейкіх разьлікаў», «для замяшчэньня рубля з мэтай нявыплаты падаткаў». Папраўкі ў крымінальны і адміністрацыйны кодэкс узгодненыя з расейскім Цэнтрабанкам і праваахоўнымі органамі і могуць неўзабаве быць унесеныя ў адпаведныя кодэксы.

Як працуе біткойн. Простымі словамі

Біткойн і іншыя крыптавалюты ня маюць купюраў ці манэтаў, як рэальныя, і не кантралююцца цэнтральнымі банкамі.

Гэтая сыстэма дазваляе ананімна абменьвацца ўмоўнымі віртуальнымі адзінкамі (і абменьваць іх на тавары ці рэальныя грошы). Кожны можа праверыць, якія апэрацыі праводзіліся, але ня можа спраўдзіць, між кім: вядомыя псэўданімы адпраўніка і прымальніка віртуальных грошай, але ня іх рэальныя асобы.

Курс крыптавалютаў вызначаецца толькі тым, колькі самі людзі гатовыя аддаць рэальных грошай за адзінку крыптавалюты.

Зьвесткі пра апэрацыі перадаюцца ланцужком шыфраваных кавалкаў — блёкамі. Пры гэтым кожны блёк зьмяшчае інфармацыю пра папярэдні.

Ілюстрацыйнае фота. ©Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота. ©Shutterstock

Працу крыптавалютаў забясьпечваюць самі карыстальнікі: даюць вылічальныя магутнасьці сваіх кампутараў (усё часьцей — адмысловых вылічальных «фэрмаў» з магутных кампутараў) для апрацоўкі пераводаў грошай праз інтэрнэт з дапамогай спэцыяльных праграмаў, за што самі атрымліваюць «плату» ў адзінках віртуальнай валюты. Гэта завецца «майнінгам» — здабычай крыптавалюты праз забесьпячэньне яе існаваньня.

Калі перастане працаваць адзін з кампутараў сыстэмы, або нават калі ад сыстэмы адключыцца цэлы кантынэнт, яна працягне працаваць, ня страціўшы зьвестак пра ранейшыя і бягучыя пераводы грошай.

«Забіць» крыптавалюту могуць толькі яе «здабытчыкі», калі перастануць даваць ёй вылічальныя магутнасьці ў дастатковым аб’ёме.

Прававы статус крыптавалютаў няпэўны. Ён вельмі розьніцца па краінах сьвету, але большасьць краінаў не забараняе карыстацца імі. Дзе-нідзе ўжо можна расплаціцца крыптавалютай ня толькі ў віртуальных, але і ў рэальных крамах. Але часта крыптавалюта (праз магчымасьць захаваць ананімнасьць) выкарыстоўваецца для гандлю незаконнымі таварамі і паслугамі — напрыклад, зброяй ці наркотыкамі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG