Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскі мастак прадаў карціну за біткойны. За 5 месяцаў сума павялічылася ўтрая


Адна з прац Тараса Пашчанкі «Ранак», 2017
Адна з прац Тараса Пашчанкі «Ранак», 2017

«Біткойны прапанаваў я, а ня мне», — Тарас Пашчанка прадаў карціну ў ліпені за 0,127 біткойна. Тады гэта было роўна 300 далярам. Пры канцы лістапада сума ўзрасла да 1360 даляраў праз павышэньне кошту самай папулярнай у сьвеце крыптавалюты.

«Выбраў біткойны, бо гэта хутка і зручна. І я меркаваў, што сума будзе расьці», — кажа мастак. — А пакупнік сказаў, што купляць мастацтва за крыптавалюту — нечакана прыемна».

У канцы лістапада курс біткойна перавысіў 10 тысяч даляраў. Пры гэтым за месяц сам біткойн падаражэў амаль удвая, а за год — больш як у 11 разоў.

Тарасу Пашчанку 35 гадоў. Ён займаецца дызайнам, трохмернай графікай і праграмаваньнем. Кажа, што скончыў філязофскі факультэт БДУ, а цяперашнія прафэсіі асвоіў сам. Працы мастака можна паглядзець тут.

«Я прачытаў некалькі кніг пра блокчэйн. Гэта тэхналёгія, на якой базуецца біткойн, — кажа Тарас. — Зразумеў, як гэта працуе, і мяне гэта моцна ўразіла».

Ён кажа, што давярае біткойнам, бо разумее, як працуе альгарытм. А гэта дае ўпэўненасьць, што ягоныя грошы ня зьнікнуць.

«Пры гэтым я не магу быў пэўны, што курс будзе расьці. І ніхто ня можа, — дадае ён. — Таму адназначна сказаць, што „давяраю біткойну“, таксама не магу».

Псыхалягічна няпроста пераводзіць звыклыя грошы ў крыптавалюту. «Але пераводзіць біткойны назад у звыклую валюту жаданьня няма — такі парадокс», — кажа мастак.

Тэрмінал з біткойнамі ў Бішкеку
Тэрмінал з біткойнамі ў Бішкеку

Паводле Тараса, каб карыстацца біткойнамі, можна завесьці гаманец у тэлефоне і/або стварыць акаўнт на якім-небудзь з мноства сайтаў.

«Калі вы праграміст, можна згенэраваць ключ ад гаманца „ўручную“, запісаць яго на паперцы і захоўваць яе там, дзе вы захоўвалі б наяўныя грошы», — кажа ён.

Вядома, можна вывучыць ключ на памяць. Тарас папярэджвае, што гэта складана, але прыгожа: «Ключ уяўляе сабой доўгую пасьлядоўнасьць лічбаў і літар. Але ведаць яго на памяць — прыгожая сытуацыя. Асабліва калі на вашым гаманцы ўсе вашы грошы».

Чаму людзі масава не скупляюць біткоіны?

Цяпер біткойн паказвае надзвычайныя вынікі росту, але не відаць, каб усе масава рынуліся яго купляць. Чаму? Тарас кажа, што ня можа гэтага ведаць.

«Можа, таму, што ня ўсе да канца разумеюць, як гэта працуе? Магчыма, трэба быць праграмістам, каб зразумець гэта найлепш. А можа, справа ў тым, што сваёй дынамікай крыптавалюты нагадваюць людзям фінансавыя піраміды, на якіх шмат хто апёкся ў свой час?»

Тарас Пашчанка мяркуе, што людзі звыклі бачыць пэўнага гаранта захаванасьці сваіх грашовых укладаньняў — ці гэта дзяржава, банкі, ці канкрэтныя людзі. А з крыптавалютамі сытуацыя іншая — гаранта няма.

«Гарантам у гэтым выпадку зьяўляецца альгарытм, але гэта занадта абстрактная рэч, — кажа Пашчанка. — Павінен адбыцца пераварот у сьвядомасьці, каб мы сталі гэтаму давяраць».

Штучна фарсаваць такі давер наўрад ці атрымаецца, але зь цягам часу ён можа прыйсьці, лічыць мастак. І тады крыптавалюты могуць стаць асноўным сродкам разьлікаў.

«Гэта моцна зьменіць усё грамадзтва, — кажа Тарас Пашчанка.

Крыптавалюты моцна зьменяць усё грамадзтва

— Мы перастанем быць так моцна залежнымі ад фінансавых арганізацый і дзяржаў. Складана нават уявіць цяпер, якія зьмены могуць адбыцца ў выніку гэтага працэсу».

Беларускае заканадаўства пакуль ніяк не рэгулюе крыптавалюты .

Тарас ня ведае, ці першы ён мастак у Беларусі, які прадаў карціну за біткойны. Але сам гэты выпадак даў ідэю для наступнай карціны і мастацкай акцыі.

Тарас Пашчанка "Сто даляраў", 2017
Тарас Пашчанка "Сто даляраў", 2017

«Пасьля продажу працы за біткойны я намаляваў карціну, якая складалася з мноства адзінак, — кажа Тарас. — Я апублікаваў яе ў сацсетках з камэнтаром пра тое, што зь яе можна здабыць 100 даляраў. Гэта была карціна-загадка».

Разгадаць яе змог адзін чалавек. Прыкладна праз суткі ён пераклаў дваічны код з карціны ў ключ біткойнавага гаманца і змог забраць грошы, якія ў ім былі.

«Тады гэта было 100 даляраў, — кажа Тарас Пашчанка. — Сёньня гэта 436 даляраў».

Як працуе біткойн. Простымі словамі

Самая папулярная ў сьвеце крыптавалюта — біткойн. На момант публікацыі за 1 біткойн прапануюць амаль 10 тысяч даляраў.

Біткойн, як і іншыя крыптавалюты, ня мае купюраў ці манэтаў, як рэальныя грошы, і не кантралюецца цэнтральнымі банкамі. Гэтая сыстэма дазваляе ананімна абменьвацца ўмоўнымі віртуальнымі адзінкамі (і абменьваць іх на тавары ці рэальныя грошы). Кожны можа праверыць, якія апэрацыі праводзіліся, але ня можа спраўдзіць, між кім і кім: вядомыя псэўданімы адпраўніка і прымальніка віртуальных грошай, але ня іх рэальныя асобы.

Курс крыптавалютаў вызначаецца толькі тым, колькі самі людзі гатовыя аддаць рэальных грошай за адзінку крыптавалюты.

Зьвесткі пра апэрацыі перадаюцца ланцужком шыфраваных кавалкаў — блёкамі. Пры гэтым кожны блёк мае інфармацыю пра папярэдні.

Працу крыптавалютаў забясьпечваюць самі карыстальнікі: дазваляюць выкарыстоўваць магутнасьці сваёй вылічальнай тэхнікі (усё часьцей — адмысловых вылічальных «фэрмаў» з магутных кампутараў) для апрацоўкі пераводаў грошай праз інтэрнэт з дапамогай спэцыяльных праграмаў, за што самі атрымліваюць «плату» ў адзінках віртуальнай валюты.

Гэта завецца «майнінгам» — здабываньнем крыптавалюты праз забесьпячэньне яе існаваньня.

Калі перастане працаваць адзін з кампутараў сыстэмы, або нават калі ад сыстэмы адключыцца цэлы кантынэнт, яна працягне працаваць, ня страціўшы зьвестак пра папярэднія і бягучыя пераводы грошай.

«Забіць» крыптавалюту могуць толькі яе «здабытчыкі», калі перастануць даваць ёй вылічальныя магутнасьці ў дастатковым аб’ёме.

Прававы статус крыптавалютаў няпэўны. Іх здабыча і абарачэньне ў Беларусі не забароненыя, але і не дазволеныя: магчыма, за некаторыя апэрацыі могуць пакараць, але за якія — невядома.

Дзе-нідзе ўжо можна расплаціцца крыптавалютай ня толькі ў віртуальных, але і ў рэальных крамах. Але часта крыптавалюта (паколькі дазваляе застацца ананімным) выкарыстоўваецца для гандлю незаконнымі таварамі і паслугамі, напрыклад зброяй ці наркотыкамі.

Кошт біткойна вырас за год у 10 разоў. Ці дазволяць яго ў Беларусі?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG