Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кошт біткойна вырас за год у 10 разоў. Ці дазволяць яго ў Беларусі?

абноўлена

Усяго за адзін дзень кошт самай вядомай у сьвеце крыптавалюты вырас больш чым на 1300 даляраў, а з пачатку году —​ больш як у 10 разоў.

Паводле парталу СoinDesk, яшчэ 28 лістапада за 1 біткойн давалі крыху больш як 9956 даляраў. На момант перашапачатковай публікацыі 29 лістапада курс біткойна складаў ужо 11 297 даляраў. Потым ён абрынуўся ніжэй за 9000, а пасьля поўначы паводле менскага часу зноў вырас — да 9725 даляраў

На пачатак году курс біткойна складаў усяго 998 даляраў.

Ці легалізуюць біткойн у Беларусі?

Папулярнасьць крыптавалюты вымусіла беларускія ўлады зьвярнуць на яе ўвагу. Міністэрства фінансаў спачатку надрукавала на афіцыйным сайце матэрыял з крытыкай крыптавалютаў, але неўзабаве выдаліла яго.

Падобна да таго, што ў розных уладных структураў няма адзінага погляду на гэтае пытаньне.

Пасьля таго як беларускі Парк высокіх тэхналёгій узначаліў стваральнік БРСМ Усевалад Янчэўскі, быў анансаваны новы «прарыўны» дэкрэт Лукашэнкі пра разьвіцьцё IT-галіны, які атрымаў неафіцыйную назву «ПВТ 2.0».

У дэкрэце, паводле Tut.by, сярод іншага прадугледжанае «ўвядзеньне ў грамадзянскае абарачэньне» крыптавалютаў і тэхналёгій блокчэйну.

«Прапануецца комплекснае прававое рэгуляваньне для таго, каб рэзыдэнты ПВТ маглі аказваць паслугі крыптабіржаў, крыптаабменьнікаў, прыцягваць фінансаваньне з дапамогай ICO, выкарыстоўваць крыптавалюты і токены ў грамадзкім абарачэньні», — гаварылася ў артыкуле.

Адным з лабістаў новага ІТ-дэкрэту лічыцца ІТ-бізнэсовец Віктар Пракапеня, які ў 2015 годзе правёў некалькі месяцаў за кратамі па абвінавачаньні ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці, а ўжо сёлета прымаў у менскім офісе сваёй ІТ-кампаніі Аляксандра Лукашэнку.

Лукашэнка і Янчэўскі падчас наведваньня офісу Віктара Пракапені ў сакавіку 2017
Лукашэнка і Янчэўскі падчас наведваньня офісу Віктара Пракапені ў сакавіку 2017

28 лістапада Пракапеня выступіў на паседжаньні Парлямэнцкай асамблеі Цэнтральнаэўрапейскай ініцыятывы ў Менску, дзе заявіў, што ў «выпадку прыняцьця дэкрэту Беларусь стане першай краінай у сьвеце, якая рэгулюе ўсе адносіны з выкарыстаньнем тэхналёгій блокчэйн», на аснове якой і працуюць крыптавалюты.

Цяпер здабыча і абарачэньне крыптавалютаў у Беларусі не забароненыя, але і не дазволеныя: магчыма, за некаторыя апэрацыі могуць пакараць, але за якія — невядома.

Як працуе біткойн. Простымі словамі

Самая папулярная ў сьвеце крыптавалюта — біткойн. На момант публікацыі за 1 біткойн прапануюць амаль 10 тысяч даляраў, з пачатку году курс падскочыў у дзесяць разоў.

Біткойн, як і іншыя крыптавалюты, ня маюць купюраў ці манэтаў, як рэальныя, і не кантралююцца цэнтральнымі банкамі.

Гэтая сыстэма дазваляе ананімна абменьвацца ўмоўнымі віртуальнымі адзінкамі (і абменьваць іх на тавары ці рэальныя грошы). Кожны можа праверыць, якія апэрацыі праводзіліся, але ня можа спраўдзіць, між кім: вядомыя псэўданімы адпраўніка і прымальніка віртуальных грошай, але ня іх рэальныя асобы.

Курс крыптавалютаў вызначаецца толькі тым, колькі самі людзі гатовыя аддаць рэальных грошай за адзінку крыптавалюты.

Зьвесткі пра апэрацыі перадаюцца ланцужком шыфраваных кавалкаў — блёкамі. Пры гэтым кожны блёк зьмяшчае інфармацыю пра папярэдні.

Працу крыптавалютаў забясьпечваюць самі карыстальнікі: даюць вылічальныя магутнасьці сваіх кампутараў (усё часьцей — адмысловых вылічальных «фэрмаў» з магутных кампутараў) для апрацоўкі пераводаў грошай праз інтэрнэт з дапамогай спэцыяльных праграмаў, за што самі атрымліваюць «плату» ў адзінках віртуальнай валюты. Гэта завецца «майнінгам» — здабычай крыптавалюты праз забесьпячэньне яе існаваньня.

Майнінг біткойнаў. Ілюстрацыйнае фота
Майнінг біткойнаў. Ілюстрацыйнае фота

Калі перастане працаваць адзін з кампутараў сыстэмы, або нават калі ад сыстэмы адключыцца цэлы кантынэнт, яна працягне працаваць, ня страціўшы зьвестак пра ранейшыя і бягучыя пераводы грошай.

«Забіць» крыптавалюту могуць толькі яе «здабытчыкі», калі перастануць даваць ёй вылічальныя магутнасьці ў дастатковым аб’ёме.

Прававы статус крыптавалютаў няпэўны. Ён вельмі розьніцца па краінах сьвету, але большасьць краінаў не забараняе карыстацца імі. Дзе-нідзе ўжо можна расплаціцца крыптавалютай ня толькі ў віртуальных, але і ў рэальных крамах. Але часта крыптавалюта (праз магчымасьць захаваць ананімнасьць) выкарыстоўваецца для гандлю незаконнымі таварамі і паслугамі — напрыклад, зброяй ці наркотыкамі.

Суаўтар праекту дэкрэту аб «ІТ-рэвалюцыі» ў Беларусі: У Эўропе такі акт можа прымацца гадамі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG