Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У менскім мэтро паставілі турнікет з аплатай банкаўскай карткай і задумаліся, ці ня даць зьніжку на праезд


На станцыі «Плошча Леніна» пад менскай плошчай Незалежнасьці

На станцыі менскага мэтро «Плошча Леніна», што пад плошчай Незалежнасьці, 18 верасьня ўсталявалі турнікет зь бескантактным тэрміналам, на якім можна аплаціць праезд банкаўскай карткай Visa payWave. Тэрмінал стаіць на ўваходзе з боку гандлёвага цэнтру «Сталіца».

Банкаўскую картку або смартфон, які падтрымлівае аплату з адпаведнага рахунку праз тэхналёгію NFC, трэба проста паднесьці да тэрміналу — сыстэма сьпісвае адпаведную суму, і турнікет «прапускае» карыстальніка.

Паводле слоў дырэктара кампаніі «Сталічны транспарт і сувязь» Валера Шкуратава, якія перадае БЕЛТА, тэрмінал будзе працаваць у тэставым рэжыме да канца году, затым лёс праекту вырашыцца па выніках апытаньня пра яго запатрабаванасьць.

Калі праект будзе запатрабаваны, яго абяцаюць пашырыць ня толькі на мэтро, а і на наземны транспарт (там бескантактныя тэрміналы ўжо стаяць, але картак пакуль не прымаюць — толькі адмысловыя праязныя). Ці будзе пашыраная бескантактная аплата на іншыя банкаўскія карткі, напрыклад, MasterCard або БелКарт, не ўдакладняецца.

Каб стымуляваць карыстацца бескантактнымі карткамі, у Менску могуць зьнізіць цану на праезд пры аплаце такім спосабам. Гэта, кажа Шкуратаў, можа адбыцца пасьля таго, калі ў сьнежні падсумуюць першыя вынікі «бескантактнага» экспэрымэнту.

XS
SM
MD
LG