Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У беларускіх гарадах, дзе жыве больш за 50 тысяч, прадугледзелі тралейбусы і трамваі


Урад Беларусі сваёй пастановай (PDF) унёс зьмены ў шэраг прынятых у Беларусі сацыяльных стандартаў.

Удакладненыя фармулёўкі пра забесьпячэньне аграгарадкоў клюбамі, бібліятэкамі і кінатэатрамі, пунктамі бытавых паслугаў.

Таксама зьмененыя фармулёўкі, зьвязаныя з забясьпечанасьцю транспартам. Раней у гарадах да 250 тысяч чалавек прадугледжваліся толькі аўтобусы, для большых таксама тралейбусы. Цяпер нормы для гарадоў такія:

  • Насельніцтва 10–30 тысяч — 1 аўтобус на 8 тысяч чалавек;
  • 30–50 тысяч — 1 аўтобус на 4 тысячы чалавек;
  • 50–250 тысяч — 1 аўтобус, тралейбус ці трамвай на 2 тысячы чалавек;
  • 250 тысяч — 1 мільён — 1 аўтобус, тралейбус ці трамвай на 1,5 тысячы чалавек;
  • звыш 1 млн — 1 аўтобус, тралейбус, трамвай ці вагон мэтро на 2 тысячы чалавек.

Пакуль у Беларусі толькі адзін горад з насельніцтвам звыш 1 млн чалавек — Менск. І ў ім дзейнічаюць усе названыя віды транспарту. Меншым жа гарадам пастанова не загадвае ўводзіць тралейбусы ці трамваі, але дазваляе ўлічваць іх у нормах. На сёньня тралейбусы ёсьць у абласных цэнтрах і Бабруйску, трамваі — толькі ў Менску і Віцебску.

На пачатак году гарадоў з насельніцтвам звыш 50 тысяч чалавек у Беларусі было 23. Акрамя абласных цэнтраў гэта (ад найбольшага, 218 тысяч, да найменшага, 53 тысячы жыхароў): Бабруйск, Баранавічы, Барысаў, Пінск, Ворша, Мазыр, Салігорск, Наваполацак, Ліда, Маладэчна, Полацак, Жлобін, Сьветлагорск, Рэчыца, Жодзіна, Слуцак і Кобрынь. Насельніцтва амаль усіх гэтых гарадоў павялічылася з 2010 году, але ў Барысаве, Воршы і Сьветлагорску зьменшылася (у першым на 4 тысячы, у астатніх на 1 тысячу).

Выкарыстаньне электрычнага транспарту можа быць абумоўленае магчымымі лішкамі энэргіі ад БелАЭС — Літва і Польшча ўжо адмовіліся купляць у Беларусі «ядзерную» электраэнэргію, і Літва дакарае Латвію за брак балтыйскай салідарнасьці супраць БелАЭС.

У Беларусі заплянавалі сэрыйна вырабляць электрамабілі (беларускі электрамабіль каштавацьме ўдвая даражэй за Geely, праедзе 100 км без падзарадкі) і нават задумалі стварыць электратрактар.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG