Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Футбольны клюб, які ледзь не пакаралі за расейскую мову, прыняў беларускамоўны лягатып


Стары (зьлева) і новы (справа) лягатыпы ФК «Граніт Мікашэвічы»
Стары (зьлева) і новы (справа) лягатыпы ФК «Граніт Мікашэвічы»

З нагоды 40-гадовага юбілею беларускамоўны футбольны клюб «Граніт Мікашэвічы» зацьвердзіў новы лягатып — цяпер толькі ў белым, чырвоным і цёмна-сінім колерах, безь зялёнага і шэрага, і з надпісамі на беларускай мове замест расейскай.

«Граніт» быў утвораны ў 1978 годзе, пачаў выступаць у чэмпіянаце Беларусі ў 1994 годзе з другой лігі (трэці па значнасьці дывізіён), гуляе на стадыёне «Палесьсе» ў Лунінцы. Найлепшае дасягненьне — 5 месца ў вышэйшай лізе ў 2015 годзе. У 2016 годзе вылецеў з вышэйшай лігі ў першую (другі па значнасьці дывізіён), у 2017 годзе заняў у першай лізе 8 месца, у 2018-м зноў гуляцьме ў першай лізе.

На клюб у кастрычніку 2016 году склалі адміністрацыйны пратакол за адказ па-расейску на беларускамоўны зварот — Ігар Случак пытаўся ў клюбу па-беларуску пра ўжываньне беларускай мовы на полі і ў інтэрнэце, яму адказалі па-расейску. Урэшце клюб пазьбегнуў пакараньня за мову (справа дайшла да суду, але зацягнулася і была спыненая праз сканчэньне тэрміну даўнасьці), стаў адказваць па-беларуску, але адказы не задаволілі Случака, дый клюб абяцаў больш не адказваць яму.

Цяпер, кажа Случак у камэнтары Свабодзе, клюб наўрад ці «беларусізаваўся» праз той суд, а хутчэй «упісаўся ў тэндэнцыю беларусізацыі беларускага жыцьця». Ягоныя звароты, спадзяецца ён, зьмянілі ў клюбе стаўленьне да беларускай мовы з нэгатыўнага на пазытыўнае.

«Я лічу, што любы клюб, нават той, у якім некаторыя чальцы ці кіраўніцтва ня ставяцца пазытыўна да беларускай мовы, бачыць запатрабаваньні заўзятараў: людзям хочацца болей беларускай мовы, і яны ня могуць гэта ігнараваць», — кажа Случак.

Ён таксама выказвае спадзеў, што ў клюбе па-беларуску будзе ня толькі лягатып, а што «беларусізуюцца» і іншыя складнікі, у тым ліку стаўленьне да мовы кіраўніцтва. Сам ён сьцьвярджае, што на «Граніт» не трымае крыўды, бо «спрэчкі — гэта добра», і ўсьцешаны, што «людзі ня ставяць свае асабістыя погляды на першае месца, а ідуць за патрабаваньнямі людзей». Случак жадае клюбу посьпехаў у чэмпіянаце 2018 году і выхаду ў вышэйшую лігу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG