Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларуськалій» акупаваў рынак Новай Зэляндыі


Новазэляндзкі пэйзаж, ілюстрацыйнае фота

Беларускія калійныя ўгнаеньні занялі 50% рынку Новай Зэляндыі, — паведамляе «Інтэрфакс» са спасылкай на адміністрацыю ААТ «Беларуськалій».

«Паводле прадстаўніка пакупніка, кампаніі Ravensdown Limited, раней рынак хлёрыстага калію ў Новай Зэляндыі практычна на 100% займаў канадзкі грануляваны прадукт. Але пасьля пачатку паставак беларускага хлёрыстага калію аграрыі Новай Зэляндыі правялі параўнальныя тэсты, якія паказалі перавагу нашых гранулаў як па якасьці, так і па трывальных характарыстыках. Гэта дазволіла нарошчваць аб’ёмы паставак і заняць амаль 50% рынку гэтай краіны», — кажуць на «Беларуськаліі».

На прадпрыемстве правялі інспэкцыйны аўдыт на адпаведнасьць сэртыфікацыйным і карантынным патрабаваньням Новай Зэляндыі. Згодна з паведамленьнем, аўдыт першага, другога і трэцяга рудаўпраўленьняў, а таксама заводзкіх падразьдзяленьняў прайшоў без адзінай заўвагі.

«Паколькі правядзеньне аўдытаў як у Аўстраліі, так і ў Новай Зэляндыі патрабуе праверкі на біябясьпеку ня толькі вытворцаў, але і ўсяго ланцугу паставак, быў таксама праведзены аўдыт тэрміналу ў порце Клайпеды. Там таксама ня выяўлена парушэньняў, якія ўплываюць на якасьць і біябясьпеку», — адзначылі ў «Беларуськаліі».

«Беларуськалій» — адзіны ў Беларусі вытворца хлёркалію з магутнасьцю больш за 10 мільёнаў тон угнаеньняў штогод. Прадпрыемства рэалізуе сваю прадукцыю праз ААТ «Беларуская калійная кампанія».

XS
SM
MD
LG