Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская анамалія ў «польскім касьцёле» часоў «разьвітога сацыялізму»


Ксёндз, які пачаў маліцца па-беларуску ў Савецкай Беларусі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:06:00 0:00

Ксёндз, які пачаў маліцца па-беларуску ў Савецкай Беларусі

У вёсцы Вішнева Валожынскага раёну ствараюць музэй рупліўца беларушчыны, перакладчыка Бібліі ксяндза Ўладыслава Чарняўскага. Адкрыць хочуць да 100-гадовага юбілею сьвятара — у 2016 годзе.

Ксёндз Уладыслаў Чарняўскі (1916–2001) — першы сьвятар, які ў пераважна «польскім» касьцёле ў савецкай Беларусі часоў «разьвітога сацыялізму» пачаў маліцца па-беларуску і стварыў у вёсцы сапраўдны нацыянальна-культурны духоўны цэнтар. Сваёй бескарысьлівай адданай працай на карысьць касьцёла і людзей Беларусі, як палічылі ягоныя былыя парафіяне, ён заслужыў музэй.

Музэй ксяндза-беларусізатара

Стварыць музэй ксяндза Ўладыслава Чарняўскага прапанавала мясцовая жыхарка Тэрэза Бітэль, яе падтрымалі іншыя парафіяне, цяперашні вішнеўскі ксёндз айцец Юзэф, мясцовыя ўлады.

Частку экспанатаў ужо сабралі, сёлета ў студзені ў мясцовым Доме культуры была адкрытая фотавыстава, прысьвечаная ксяндзу Ўладыславу Чарняўскаму.

Гэтым фактычна пачалі падрыхтоўку да адзначэньня 100-гадовага юбілею сьвятара. Гэтая дата прыпадае на 14 студзеня 2016 году.

На яе і мяркуюць адкрыць музэй сьвятара. Мясцовыя ўлады абяцаюць выдзеліць пакой для музэя ў Доме культуры.

Архіўнае фота Ўладзіслава Чарняўскага
Архіўнае фота Ўладзіслава Чарняўскага

А галоўнымі арганізатарамі, натхняльнікамі і стваральнікамі музэя застаюцца мясцовыя жыхары. Нефармальны іхні лідэр — Тэрэза Бітэль. Яна захоўвае будучыя музэйныя экспанаты — фотаархіў, бібліятэку ксяндза Ўладыслава, ягоныя рукапісы, асабістыя рэчы — студэнцкую кніжку, пэнсійнае пасьведчаньне, падзякі ад міжнародных арганізацыяў. Тэрэза Бітэль кажа, што празь ягоную спадчыну цяпер адкрывае для сябе ўсю глыбіню асобы сьвятара:

«Разумею наколькі гэты чалавек быў шчыры і добразычлівы, але асабліва яскравым для мяне бачыцца тое, што гэта быў ксёндз-пакутнік. У мяне перад вачыма ягоная выява — у галёшыках, калі слата — шлёп-шлёп-шлёп да касьцёла. Калі ён быў ужо старэнькі, то казалі людзі, што пасьля касьцёла заходзіў да шпіталя, там яго падкормлівалі, лекавалі, а пасьля ішоў дахаты. Вось такі старэнькі, добразычлівы, бескарысьлівы чалавек. І вось па ягонай спадчыне бачна, наколькі ён быў рознабаковы — колькі ён выпісваў часопісаў, колькі кніг.

Ён і мяне хрысьціў, і мая душа празь яго да Бога была даведзеная. Я таму і займаюся ягонай спадчынай, бо, пэўна, гэта мой лёс — нават падчас адкрыцьця выставы, падаецца, ксёндз Уладыслаў гэтаму спрыяў. Калі, да прыкладу, здараліся нейкія складанасьці, то яны хутка і лёгка вырашаліся. Мне падаецца. што ксёндз Уладыслаў, ягоная душа была ўсьцешаная, што мы не забыліся, што мы можам маліцца на беларускай мове. І я таксама за тое, каб кожны народ маліўся на сваёй роднай мове, бо тады ведаеш і разумееш, пра што і як молісься...»

24 студзеня на адкрыцьці фотавыставы ў Вішнеўскім доме культуры былі сотні людзей. Арганізатары кажуць, што яшчэ ніводная імпрэза тут не зьбірала столькі народу: духавенства, сваякі Ўладыслава Чарняўскага, чыноўнікі і мноства вяскоўцаў — нават ня ўсе здолелі зьмясьціцца, кажа загадчыца бібліятэкі Алена Жвірко:

«Ксёндз Уладыслаў імшу праводзіў па-беларуску так, што ўсё ўсім было зразумела. Ён усіх людзей гэтак паважаў і цаніў, што ўсе паштоўкі, якімі яго віншавалі са сьвятамі — ён кожную ўкладаў у альбом — у нас усё гэта захавалася».

Крыніца беларускасьці

Вёска Вішнева, што ў Валожынскім раёне, — невялікае паселішча на шляху зь Менску ў Гальшаны і непадалёк ад старажытнага Крэва. Мясцовы касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі стаіць на высокім узьбярэжжы ракі Гальшанкі, нібыта выйшаўшы з рамантычных аповесьцяў Уладзімера Караткевіча. Старажытную гісторыю вёскі і касьцёла, якая сягае пятнаццатага стагодзьдзя, працягваюць выбітныя зьявы, падзеі і асобы нашых часоў.

Адна зь іх — крыніца, якая, паводле паданьняў, зьявілася на месцы аб’яўленьня Маці Божай і чыніць цуды ўздараўленьня. Нават у зімовае вясковае бязьлюдзьдзе да крыніцы ідуць жыхары Вішнева і ваколіцаў. З пашанаю моляцца Маці Божай ды з удзячнасьцю ўзгадваюць свайго выбітнага земляка, сьвятара Ўладыслава Чарняўскага, які стаў крыніцай беларускасьці для многіх зь іх.

Ля крыніцы сустракаем жыхарку суседняй зь Вішневам вёскі — Казіміру, жанчыну пэнсійнага веку:

«Сёньня сьвята сьвятой Агаты — сьвенцяць ваду і хлеб — вось прыйшла да крыніцы сьвятой вады набраць. Але кожнага разу прыходзім да каплічкі, набіраем ваду, вой — сюды гэтулькі народу ідзе па ваду, здалёк на машынах прыяжджаюць — цэлымі бітонамі набіраюць. І многім людзям дапамагае».

Карэспандэнтка: «А ксяндза Чарняўскага памятаеце?»

«Канечне, як жа ня памятаць? Ён гэтакі добры быў! Вучыў нас усяму добраму, рэлігійнаму. Гэта быў чалавек ад Бога пасланы».

Карэспандэнтка: «А на якой мове вучыў?»

«На беларускай. Да яго па-польску маліліся, а пры Чарняўскім на беларускую мову перайшлі, толькі па-беларуску».

Карэспандэнтка: «Шануюць ягоную памяць?»

Спадарыня старэйшых гадоў: «Канечне. Я калі бываю, то абавязкова каля ягонай магілкі пацеры адгаворваю».

Я празь яго да Бога прыйшоў і пры ім усё жыцьцё пражыў

Да размовы пра айца Ўладыслава Чарняўскага далучыўся Матэвуш Канстанцін з суседняй вёскі Сайкоўшчына:

«Некалі мяне маленькага мама прыводзіла да гэтай крынічкі пакаштаваць вадзічкі, а пасьля да ксяндза Чарняўскага ішлі, і ён нас навучаў, вёў да першай камуніі, прымаў споведзі. Я празь яго да Бога прыйшоў і пры ім усё жыцьцё пражыў».

Карэспандэнтка: «А ці ведалі вы, што ён перакладаў на беларускую мову Біблію, што пісаў вершы?»

«Ня толькі ведалі — ён і нас беларускай мове вучыў. Польскую мову ён ня надта любіў і перакладаў на беларускую, каб беларусы разумелі ўсё, асабліва маладыя людзі. Чаму ж яго ня будуць паважаць — усё сваё жыцьцё гэтаму прысьвяціў».

50 гадоў служэньня

Усё жыцьцё, вучоба, сьвятарскае служэньне Ўладыслава Чарняўскага зьвязанае зь ягонымі роднымі мясьцінамі — Гальшаны, Крэва, Вільня, Вішнева — дзе нязьменным пробашчам у касьцёле сьвятар заставаўся амаль пяцьдзясят гадоў. Гэтыя гады прыпалі на пэрыяд хрушчоўска-брэжнеўскага атэізму, калі адкрытымі былі адзінкі храмаў. Вішнеўскі касьцёл не перапыняў сваёй дзейнасьці ніколі, і перадусім гэта заслуга ксяндза Ўладыслава, сьцьвярджаюць вяскоўцы. Больш за тое — у тыя часы застойнага сацыялізму і панаваньня дэнацыяналізаванай савеччыны ксёндз Уладыслаў пачаў пераводзіць службы з польскай на беларускую мову. І супрацьстаялі гэтаму ня толькі савецкія ўлады, але і самі вернікі, звыклыя да польскамоўных службаў, кажа мясцовая жыхарка Ірына, якая служыць у касьцёле:

Калі хто прыяжджаў зь Літвы, то размаўляў зь імі па-літоўску, калі з Польшчы, то па-польску — ён кожную мову паважаў. Але тут ён хацеў, каб усё было па-беларуску

«Былі спрэчкі з-за беларускай мовы: ксёндз патрабаваў, каб па-беларуску маліліся, а парафіяне патрабавалі, каб маліцца па-польску, не хацелі па-беларуску. А ён усё роўна рабіў пераклады на беларускую мову. Пасьля ўжо, калі старэйшыя адышлі, то стала вальней, пайшло ўсё па-беларуску. Але і нам было цяжка, бо нас таксама навучалі па-польску. Нават мой тата — ён таксама па-польску хацеў, і калі загаворыць да ксяндза па-польску, дык ксёндз не любіў гэтага. Не любіў і калі па-расейску хто зьвяртаўся. Але калі хто прыяжджаў зь Літвы, то размаўляў зь імі па-літоўску, калі з Польшчы, то па-польску — ён кожную мову паважаў. Але тут ён хацеў, каб усё было па-беларуску. Вядома, ягоная заслуга адносна беларускай малітвы вельмі вялікая. І цяпер у нас моляцца па-беларуску, пасьля ксяндза Чарняўскага ўсе ўжо прывыклі».

Вядомасьць ксяндза Ўладыслава Чарняўскага ўжо ў 70-я гады выйшла далёка за межы Вішнева. Усе наступныя гады, якія папярэднічалі новаму беларускаму Адраджэньню, па роднае слова і духоўную навуку па-беларуску да ксяндза Ўладыслава ехалі ня толькі вернікі з усяго навакольля — уся сталічная творчая і культурная інтэлігенцыя, моладзь зь нефармальных суполак — фактычна Вішнева стала адным з духоўных цэнтраў усёй Беларусі. Тагачасны папа Рымскі Павал VІ хацеў прызначыць ксяндза Ўладыслава першым біскупам Беларусі, але, ведаючы асобу сьвятара і ягоную ўплывовасьць, гэтага не дазволілі савецкія ўлады... Менавіта на замову папы Рымскага ксёндз Уладыслаў Чарняўскі пераклаў на беларускую мову Новы і Стары Запаветы, якія выйшлі з друку незадоўга да ягонай сьмерці ў 2001 годзе. А некаторыя зь вершаў, якія таксама пісаў ксёндз Уладыслаў, былі пакладзеныя на музыку і па сёньня выконваюцца ў вішнеўскім касьцёле.

Наступнік стаў пасьлядоўнікам

Цяперашні пробашч вішнеўскага касьцёла айцец Юзаф кажа, што ад свайго папярэдніка атрымаў багатую духоўную спадчыну:

«Перадусім хацеў бы падзякаваць ксяндзу Чарняўскаму за добры прыклад сьвятара, які ахвярна і дасканала служыў у межах гэтай зямлі Божаму люду. Мне застаецца толькі браць яго за прыклад у служэньні настолькі, наколькі дазваляюць мне сілы і магчымасьці. Каб рабіць тое, што ён рабіў і што даручае нам Бог».

Ксёндз Юзаф
Ксёндз Юзаф

Айцец Юзаф вядзе службы ў вішнеўскім касьцёле па-беларуску, як просяць парафіяне. Традыцыя не перарваная. У гэтым ён стаў пасьлядоўнікам айца Ўладыслава.

На разьвітаньне зь Вішневам Тэрэза Бітэль прачытала верш Уладыслава Чарняўскага, які ксёндз прысьвяціў сваёй маці:

З табою ў думках часта размаўляю,
Любая мамка, галубка мая!
Чым я аддзячу — сам я ня знаю...
Хіба за сэрца — сваім сэрцам я.

А яшчэ Тэрэза Бітэль запрасіла на адкрыцьцё музэю ў дзень 100-годзьдзя ксяндза Ўладыслава Чарняўскага — 14 студзеня 2016 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG