Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бяз моста. Як на Століншчыне ўратавалі горад ад разьліваў, адрэзаўшы вёску


Давыд-Гарадок адразу ж за ракой, але перабрацца праз Гарынь немагчыма

У Столінскім раёне на Берасьцейшчыне ўжо больш за два дзесяцігодзьдзі вёска Хорск з тысячай жыхароў кожную зіму застаецца адрэзанай ад суседняга Давыд-Гарадку, бо няма моста. Улады ня бачаць праблемы, але Свабода даведалася, што пры спробе пераадолець раку за гэты час загінуў ужо не адзін чалавек.

Вынік змаганьня зь вясновымі разьлівамі

Больш за ўсё жыхары вёскі Хорск Столінскага раёну чакалі абласных «Дажынак», якія летась прайшлі ў суседнім Давыд-Гарадку. Да сьвята аграрыяў абяцалі, што паміж вёскай і горадам зьявіцца пешаходны мост праз раку Гарынь, якая разьдзяляе паселішчы. Але пераправу так і не зрабілі.

Праз раку да Давыд-Гарадку ня больш за 500 мэтраў, а па дамбе толькі да моста 4 кілямэтры
Праз раку да Давыд-Гарадку ня больш за 500 мэтраў, а па дамбе толькі да моста 4 кілямэтры

Яшчэ на пачатку 1990-х, каб вырашыць праблему веснавых разьліваў, вакол Давыд-Гарадку выкапалі дадатковае рэчышча для ракі Гарыні. У выніку рака перастала турбаваць разьлівамі жыхароў Давыд-Гарадку. Затое вяскоўцам з суседніх Туры і Хорску дабірацца ў Давыд-Гарадок стала складана.

Спачатку выручаў вайсковы мост. Але зь цягам часу ён заржавеў. Замест яго ўсталявалі пантонны. На зіму яго адводзяць — у разьліў шпаркая плынь зрывае пантон. Таму зімой вяскоўцы застаюцца адрэзаныя ад гораду.

Жыхар Хорску Ігар Новак
Жыхар Хорску Ігар Новак

У Хорску сёньня жыве больш за тысячу чалавек, каля тысячы — у суседніх Турах.

«Нам патрэбен сталы пераход. Адсюль да Давыд-Гарадку наўпрост, можа, кілямэтар. А пасьля стварэньня каналу стала ажно восем. Большасьць харчукоў працуюць у Давыд-Гарадку. Таксама як і шмат гарадчукоў дабіраюцца на працу сюды, напрыклад, у школу», — кажа Свабодзе саракагадовы жыхар Хорску Ігар Новак.

Чыноўнікі праблемы ня бачаць

Вяскоўцы ня раз скардзіліся ў Столінскі райвыканкам, але там ня лічаць, што праблема існуе. Жыхарам Хорску мясцовыя чыноўнікі кажуць, што тыя могуць прайсьціся і пешшу, альбо праехаць на ровары.​

У Хорску сёньня больш за тысячу жыхароў
У Хорску сёньня больш за тысячу жыхароў

А карэспандэнту Свабоды сказалі, што запытаць пра пантонны мост у кіраўніка раёну можна будзе толькі падчас прамой лініі ў сакавіку.​

«Мая швагерка тэлефанавала кіраўніку райвыканкаму. Той сказаў, што, маўляў, па голасе чую, вы маладая асоба, то зможаце тыя некалькі кілямэтраў праехаць на ровары, — кажа жыхар Хорску Аляксандар Ляшук. — Мая жонка штодня вымушана дабірацца 12 кілямэтраў на працу ў Давыд-Гарадок. Калі ёсьць пантон праз канал, то ехаць трэба пяць кілямэтраў».

Паводле ягоных слоў, сытуацыю ўскладняе і забарона езьдзіць на ровары зімою падчас сьнегападу і галалёдзіцы — супрацоўнікі ДАІ за гэта штрафуюць. «Нікому не цікава, чаму чалавек едзе на ровары».

Аляксандар Ляшук, жыхар вёскі Хорск
Аляксандар Ляшук, жыхар вёскі Хорск

Старшыня Харомскага сельсавету Анатоль Скрабец кажа, што зімой пантонны мост абавязкова павінен разводзіцца. Іначай лёд яго раструшчыць. Цяпер пераправа ў Пінску на плянавым рамонце.

«Як выйсьце з становішча, зімою пускаюць дадатковы аўтобус. Вяскоўцы з Хорску могуць трапіць у Давыд-Гарадок і назад некалькі разоў на дзень, раніцай і вечарам штодня на рэйсавым аўтобусе. Іначай толькі праз мост, але гэта круг, больш за тры кілямэтры. Разумею, што гэта нязручна. Але мы не такія багатыя, каб маглі зрабіць сталы пераход праз шырокую раку», — кажа Скрабец.

Вячаслаў Стаднік, архіўнае фота
Вячаслаў Стаднік, архіўнае фота

Старшыня Давыд-Гарадоцкага гарвыканкаму Вячаслаў Стаднік лічыць, што асаблівай праблемы для жыхароў гораду няма, адсутнасьць пантону не стварае невыгодаў.

«Ня ведаю, мо гадоў 30 таму людзі там танулі. Але цяпер на рацэ Гарыні, дзе стаіць пантон, я ня чуў, каб патанула 10 чалавек. Наагул для гораду адсутнасьць моста неактуальная. Хіба што для жыхароў Хорску, якія ходзяць сюды ў царкву, напрыклад, або ў крамы», — сказаў Стаднік.

Празь лёд па рацэ — на той сьвет

Штогод у кастрычніку-лістападзе пантонны мост прыбіраюць. Вяскоўцы мусяць дабірацца ў горад па аб’езнай дарозе. Але калі прыходзяць маразы і рэчка замярзае, самыя адчайныя пераходзяць Гарынь па лёдзе.

«Старым складана пераадолець 10 кілямэтраў, а моладзі падаецца, што бяда іх абміне», — кажа Аляксандар Ляшук.

Месьцічы кажуць, што за час існаваньня каналу на рацэ патанула нямала людзей. Але ў мясцовай Давыд-Гарадоцкай станцыі ГА «Беларуская арганізацыя ратаваньня на водах» кажуць, што трагічных выпадкаў пры пераходзе ракі ня памятаюць. Тое ж кажуць і ў абласной структуры гэтай арганізацыі.

«Шчыра скажу, статыстыку мы вядзем, але за апошні час на рацэ паміж Хорскам і Давыд-Гарадком не было трагічных выпадкаў, — сказалі Свабодзе ў Берасьцейскай абласной арганізацыі ратаваньня на водах. — Магчыма, некалі раней і былі, але так наўскідку і не прыгадаю, што там нехта патануў. Сумняюся ў вялікай колькасьці трагічных выпадкаў, пра што кажуць мясцовыя жыхары».

Інфармацыйная шыльда Давыд-Гарадоцкай станцыі ГА «Беларуская арганізацыя ратаваньня на водах»
Інфармацыйная шыльда Давыд-Гарадоцкай станцыі ГА «Беларуская арганізацыя ратаваньня на водах»

Як удалося высьветліць карэспандэнту Свабоды, верагодна, першай ахвярай каналу стаў Мікалай Уродніч. Каля 20 гадоў таму жыхар Хорску патануў, перапраўляючы каня праз пакрытую лёдам раку.

Родныя Ўладзімера Цернавога расказалі Свабодзе пра трагічны выпадак, які здарыўся гадоў 10 таму. Уладзімер толькі прыйшоў з арміі, уладкаваўся на працу ў Давыд-Гарадок. Зімою, вяртаючыся дадому па лёдзе, праваліўся ў палонку разам з роварам ды патануў. Таксама каля 10 гадоў назад, ужо ўлетку і яшчэ да зьяўленьня пантоннага моста, пры спробе пераплыць раку патануў Сяргей Навумовіч. Каля пяці гадоў таму на месцы пантоннай пераправы загінула Ганна Якімовіч.

Ахвяраў каналу можа стаць болей

Здарэньні на рацэ былі і летась. Дзякаваць богу, без ахвяраў.

«Я вяртаўся з працы, пайшоў празь лёд, таму што бачыў, што людзі пачалі пераходзіць канал. Перада мною перабраліся некалькі чалавек, а я праваліўся, — кажа Свабодзе Аляксандар Ляшук. — На шчасьце, быў не адзін, і мне дапамаглі выбрацца на бераг».

Жыхар Хорску Аляксандар Трухановіч летась праваліўся ў палонку на канале бліжэй да берага. Кажа, што калі б трапіў у ваду на большай глыбіні, то патануў бы. Падобным чынам пад лёд у розны час правальваліся вяскоўцы Васіль Саўлук і Генадзь Кунай — абодвух выцягнулі з палонкі сябры.

Адрэзаныя ад гораду

Вяскоўцы кажуць, што зьмена рэчышча Гарыні зрабіла аптэкі, кірмаш, шпіталь, банк недаступнымі для вяскоўцаў, асабліва зімою. Пры гэтым жыхары Хорску кажуць, што зьвязаныя з гэтым трагічныя здарэньні з жыхарамі вёскі бывалі ня толькі падчас пераходу ракі.

Некалі тут была дарога наўпрост з Хорску ў Давыд-Гарадок, цяпер паселішчы разьдзяляе рака
Некалі тут была дарога наўпрост з Хорску ў Давыд-Гарадок, цяпер паселішчы разьдзяляе рака

«Неяк жыхар вёскі Валянцін вяртаўся дадому з працы на фэрме. Яму стала кепска. Людзі выклікалі хуткую дапамогу, але пакуль машына даехала з Гарадку, які, падаецца, побач, чалавек памёр. Колькі яшчэ павінна загінуць людзей, пакуль зробяць нармальны і бясьпечны пераход?» — пытаецца Ігар Новак.

Глядзіце таксама: Праз раку. Як жыве мястэчка, падзеленае на дзьве краіны Беларусьсю і Латвіяй

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG