Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да пяці тон і ня больш. Абмежавалі рух па аварыйным мосьце каля Гомля


Аўтамабільны мост праз раку Сож паблізу вёскі Бабовічы прызнаны аварыйным. Праезд па ім грузавога транспарту вагой больш як 5 тон забаронены. Стаяць адпаведныя дарожныя знакі. 5 студзеня за трыста-чатырыста мэтраў да моста з абодвух бакоў дзяжурыла транспартная інспэкцыя і супрацоўнікі ДАІ.

«Спэцыялісты інстытуту „БелдарНДІ“ правялі дасьледаваньне моста і высьветлілі, што жалезабэтонныя бэлькі пралётаў маюць дэфэкты, які могуць уплываць на ўстойлівасьць моста да важкіх грузаў. Дзеля бясьпекі й вырашана абмежаваць праезд велікагрузнага аўтатранспарту», — кажа начальнік аддзелу ўтрыманьня дарог і бясьпекі руху РУП «Гомельаўтадар» Валянцін Якавенка.

Паводле суразмоўцы, рыхтуецца праектная дакумэнтацыя на рамонт моста, празь які праходзіць і абʼязная дарога вакол Гомля, і рэспубліканская траса М8 (Віцебск — Гомель — мяжа Ўкраіны).

Мост праз Сож каля Бабовічаў пабудавалі ў 1980 годзе. На думку спэцыялістаў, ён мае тыя ж канструктыўныя недахопы, што і закрыты нядаўна Прыпяцкі мост, які злучае Тураў з Жыткавічамі.

Такія масты цяпер ня робяць. Так, у Гомлі праз Сож пабудаваны нацяжны мэталёвы мост для аўтатранспарту. Такі самы мост празь Дняпро ўзьведзены на трасе М5 у Жлобіне.

Усяго на балянсе РУП «Гомельаўтадар» значыцца 285 мастоў і пуцеправодаў. Большасьць зь іх маюць канструкцыю таго ж тыпу, што і масты ў Жыткавіцкім раёне і каля Бабовічаў.

Бяз моста. Як дзейнічае пантонная пераправа паміж Жыткавічамі і Туравам. ФОТА, ВІДЭА

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG