Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Загадчыца інтэрнату, дзе загінуў турэцкі студэнт: «Гэта ж не турма»


23 верасьня з акна інтэрната № 4 Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту скочыў і забіўся на сьмерць турэцкі студэнт Берке Цюлюлер. Ужо на наступны дзень, як паведамілі ў Сьледчым камітэце, распачалася праверка здарэньня, каб вызначыць яго магчымыя прычыны і найперш тое, ці трэба заводзіць крымінальную справу. У інтэрнэце тым часам зьявіліся зьвесткі, што бацька студэнта, які прыехаў забіраць цела, нібыта выказаў прэтэнзіі наконт умоваў бясьпекі ў інтэрнаце. Карэспандэнт Свабоды вырашыў наведаць 4 інтэрнат Лінгвістычнага ўнівэрсытэту, каб на свае вочы ўбачыць тыя ўмовы.

На пляцоўцы перад уваходам у інтэрнат, на плітках яшчэ можна ўбачыць ледзь заўважныя бурыя плямкі ад крыві. Паводле аднаго з студэнтаў, які жыве ў інтэрнаце, гэта тут ляжаў Берке Цюцюлер, калі скочыў з акна:

«Усё ж даволі далёка ад сьцяны, каля 10 мэтраў. І гэта засмучае. Бо калі чалавек проста выпадзе з акна, дык будзе ляжаць каля сьцяны. А калі гэтак далёка, дык застаецца два варыянты: або моцна адштурхнуўся ад падваконьня, каб скокнуць далей, або яго раскачалі ды скінулі. Мы з хлопцамі дагэтуль гадаем, але падобна да таго, што ўсё ж сам. Аднак пакоі там невялікія, не разгонісься, каб набраць такую сілу. Буду яшчэ высьвятляць. А што там падваконьні нізкія, гэта праўда. Нездарма нас заўсёды папярэджваюць, каб былі зь імі пільныя, не сядзелі і не высоўваліся».

Паводле суразмоўцы, у гэты дзень турэцкі студэнт пасварыўся зь дзяўчынай. Сябры расказвалі, што яна выскачыла пасьля здарэньня ў двор інтэрната і крычала: «Гэта ўсё з-за мяне!»

Адзін з студэнтаў паказвае месца падзеньня Берке Цюлюлера
Адзін з студэнтаў паказвае месца падзеньня Берке Цюлюлера

Вартаўнік на ўваходзе, якому я назваўся журналістам, таксама пацьвердзіў, што месца падзеньня турэцкага студэнта — даволі далёка ад сьцяны будынку, але тлумачыць гэта ня стаў.

Тут да нас прыйшла загадчыца інтэрнату Валянціна Станкевіч, якая, спраўдзіўшы мае дакумэнты, пагадзілася зрабіць невялікую экскурсію па інтэрнаце і расказаць, што ёй вядома пра здарэньне.

Загадчыца інтэрнату № 4 МДЛУ Валянціна Станкевіч
Загадчыца інтэрнату № 4 МДЛУ Валянціна Станкевіч

«Няпраўду пішуць, што ён скочыў з 9 паверху. Не, з 13-га, з таго пакоя, дзе і жыў. Зь ім тады былі хлопцы, таксама турэцкія студэнты. Кажуць, чыталі, у кампутарах сядзелі, а ён слухаў нешта праз навушнікі — і раптам падняўся, пайшоў да акна, адчыніў. Ну, як сябе паводзіць, калі такое? А можа, проста чалавек хоча сьвежага паветра? А ён раптам забраўся на падваконьне ды скочыў уніз. Гэтак казалі сьледчым — нашы супрацоўніцы чулі. А што ляжаў не пад сьцяной, дык з такой вышыні калі скочыць, відаць, можна адляцець далёка. Адтуль як глянеш, дык паверыш».

Валянціна Іванаўна адмовілася паказваць пакой, адкуль скочыў турэцкі студэнт, спаслаўшыся на тое, што «блёк закрыты, нават студэнтаў, які там жылі, пакуль часова выселілі — ім маральна там цяжка».

Замест гэтага загадчыца інтэрнату паказала дакладна такі самы блёк на 3-м паверсе. Чысьценькая кухня, асобна ванны пакоік і туалет, пакой на два ці тры ложкі, яшчэ такі самы пакой. Фіранкі колерам пад шпалеры, прыстойная мэбля.

Падыходжу да акна. Сапраўды, падваконьне нізкае — не вышэй за 80 сантымэтраў. Каб скочыць уніз, дастаткова падняць нагу, узьлезьці і — апошні крок.

З такога самага падваконьня, паводле сьведак, скочыў у вакно турэцкі студэнт
З такога самага падваконьня, паводле сьведак, скочыў у вакно турэцкі студэнт

Пытаюся ў загадчыцы інтэрнату: як можна такое прадухіліць?

«Можа, усталяваць які барʼер? Ці нават краты?»

— «Такі праект, нічога тут зрабіць ужо немагчыма. Столь невысокая, таму і вокны на такой вышыні. Але гэта, лічу, не галоўнае. Бо інтэрнат усё ж не турма. Галоўнае для нас — стварыць тут сямейную, утульную абстаноўку, што мы і робім».

Паводле Валянціны Іванаўны, у інтэрнаце для студэнтаў дзейнічае служба псыхалягічнай дапамогі, чытаюцца адпаведныя лекцыі. Што да наркотыкаў ці алькаголю, дык гэты фактар загадчыца інтэрнату рашуча выключае: «Правяраем рэгулярна ўсе пакоі, гэтага ў нас няма».

Чаму ж такая разгалінаваная сыстэма прадухіленьня праблемных момантаў у інтэрнаце не ўратавала Берке Цюлюлера? Загадчыца інтэрнату Валянціна Станкевіч дзеліцца вэрсіяй, якую абмяркоўваюць яе супрацоўніцы як найбольш верагодную. Што ў турэцкага студэнта маглі быць праблемы ў сямʼі, якія адбіліся на фінансаваньні ягонай вучобы ў Менску.

«Ён першы курс добра адвучыўся, выкладчыкі згадваюць, што першым цягнуў руку, быў актыўны. Але ў яго ўзьнікла фінансавая праблема, бо ў сямʼі, аказваецца, разлад. А ён хацеў далей вучыцца, вывучаць рускую мову, дык прыехаў на другі год. Нібыта бацька паабяцаў узяць крэдыт, даць грошы на вучобу. Але крэдыт яму не далі, бо ранейшы нібыта не вярнуў, трапіў у „чорныя сьпісы“. Гэтак распавялі яго сябры. У нас такая сыстэма, што калі нават не заплаціў усе грошы, мы адразу не адлічаем, даем адтэрміноўку. Таму хлопчык пачаў зноў вучыцца, але гэта яго, відаць, працягвала нэрваваць. Што там было далей, невядома. Кажу, што сама чула».

Зьвесткі пра тое, што па нябожчыка з Турэччыны прыехаў ягоны бацька, Валянціна Станкевіч не пацьвердзіла. Паводле яе, прыехаў матчын брат з жонкай, яны спыніліся ў інтэрнаце. Яшчэ паводле чутак, якія ходзяць па інтэрнаце, цела Берке Цюлюлера забіраюць заўтра, сваякі ўжо атрымалі даведку «пра суіцыд». Перавоз нябожчыка ў Турцыю будзе каштаваць больш за тысячу даляраў, але ўсё аплаціць амбасада Турэччыны. «Нам ніякіх прэтэнзіяў не выказвалі, а што гора ў людзей — дык так, мы ім вельмі спачуваем. Вельмі добры быў хлопчык».

Спаміж турэцкіх студэнтаў, якія сябравалі зь Берке Цюлюлерам, удалося пагаварыць з Дэнізам. Малады чалавек сказаў, што Берке быў добрым хлопцам. А на пытаньне пра прычыны здарэньня разьвёў рукамі.

Для замежных студэнтаў МДЛУ на 2016–2017 гады навучаньня ўсталяваны наступны каштарыс: за першы курс — 2560 даляраў ЗША, за 2–3 — па 2530, за апошні, 5 курс — 2500 даляраў. То бок 5 курсаў навучаньня маюць каштаваць крыху больш за 10 тысяч даляраў, прычым, як і ў іншых сталічных ВНУ, навучаньне з кожным годам пакрысе, але даражэе.

У інтэрнаце № 4 жывуць 1088 студэнтаў, зь іх больш за палову — з МДЛУ. замежныя студэнты тут з Турцыі, Кітаю, Туркмэністану, Вэнэсуэлы, Сырыі, Ірану.

Ва ўправе Сьледчага камітэту па Менску карэспандэнту Свабоды сказалі, што праверка трагічнага выпадку з турэцкім студэнтам Берке Цюлюлерам яшчэ не завершаная.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG