Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто ў Эўропе дагэтуль заве Беларусь «Белай Расеяй». Інфаграфіка


Як афіцыйна завуць Беларусь у дзяржавах Эўропы. Мапа

Пасьля рашэньня швэдзкага ўраду ўжываць форму Belarus замест Vitryssland, якая даслоўна азначае «Белая Расея», падлічым, ці шмат дзяржаваў Эўропы выкарыстоўваюць афіцыйную назву, непасрэдна ўтвораную ад імя «Беларусь». Свабода падрыхтавала інтэрактыўную інфаграфіку.

Вось жа сярод паўсотні дзяржаваў Эўропы ў амаль палове міністэрствы замежных справаў і ўрады называюць Беларусь Беларусьсю. Астатнія выкарыстоўваюць формы, адпаведныя «Белоруссии» ці «Белай Расеі».

Інфаграфіка паказвае, як Беларусь афіцыйна называюць у розных дзяржавах Эўропы (уключна з Грузіяй, Армэніяй, Азэрбайджанам, Казахстанам і Турэччынай, якія адносяць да кантынэнтальнай Эўропы). Асобным колерам пазначана, калі ў дзяржаве некалькі афіцыйных моваў і ў іх назва Беларусі перадаецца паводле розных прынцыпаў.

Праўда, афіцыйныя назвы, якія выкарыстоўваюць МЗС розных сталіц Эўропы, не заўсёды ўспрымаюць мас-мэдыя на адпаведных мовах, іх часам ігнаруюць укладальнікі слоўнікаў.


Зрэшты, нават паміж міністэрствамі розных нямецкамоўных ці франкамоўных дзяржаваў няма згоды, як перадаваць назву Беларусі. Так, францускае Quai d'Orsay ніяк ня можа адмовіцца ад формы расейскага радаводу — Biélorussie, а міністэрствы замежных справаў Бэльгіі, Швайцарыі і Манака па-француску пішуць ужо Bélarus.

Балканскія дзяржавы, мовы якіх у камуністычную эпоху лічыліся адною моваю — сэрбскахарвацкаю — цяпер завуць нашу краіну розна: Сэрбія, Босьнія, Чарнагорыя — імем Белорусија/Bjelorusija, а Харватыя — з пашанай да арыгінальнага хароніма: Bjelarus.

24 дзяржавы Эўропы афіцыйна выкарыстоўваюць трансьлітарацыю назвы Беларусь. У васямнаццаці карыстаюцца перакладам назвы „Белая Расея“. У дзевяці дзяржавах ужываюцца трансьлітарацыі формы „Белоруссия“.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG