Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэмію Стагановічаў за «непрыдуманую літаратуру» атрымаў свабодавец Зьміцер Бартосік


Ірына Багдановіч і Валер Герасімаў з кнігай-пераможцай

Другі раз запар прэмію імя Аляксандра і Марыі Стагановічаў атрымліваюць аўтары Свабоды. Ляўрэатам першай прэміі імя Стагановічаў у 2015 годзе стаў свабодавец Сяргей Дубавец за кнігу «Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду». А яшчэ адну прэмію сёньня атрымаў Зьміцер Бартосік за кнігу «Быў у пана верабейка гаварушчы...»

Прэмію імя Аляксандра і Марыі Стагановічаў у галіне non-fiction заснавала іх дачка — беларуская мастачка Тамара Стагановіч, якая жыве ў ЗША.

Трох пераможцаў конкурсу вызначае кампэтэнтнае журы:

  • літаратуразнаўца, кандыдат філялягічных навук Ірына Багдановіч;
  • гісторык, дасьледчыца эмігранцкай спадчыны Натальля Гардзіенка;
  • загадчык аддзелу старадрукаў і рэдкіх выданьняў Прэзыдэнцкай бібліятэкі Валер Герасімаў;
  • паэт, кандыдат філялягічных навук Віктар Жыбуль;
  • дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіву-музэя літаратуры і мастацтва Ганна Запартыка;
  • літаратар і выдавец Уладзімер Сіўчыкаў;
  • дырэктарка выдавецтва «Лімарыюс» Марына Шыбко.

Старшыня журы Ірына Багдановіч працытавала Алеся Адамовіча, які назваў дакумэнтальную літаратуру «звышлітаратурай» і «звышпраўдай».

Прэмія дзеліцца паміж трыма пераможцамі, кожны зь іх атрымлівае таксама дыплём і памятны мэдаль.

Сёлета на конкурс было прадстаўлена 26 твораў. У лонг-ліст увайшлі 15, у кароткі сьпіс — 7.

Аўтар перадачы «Вольная студыя» Міхась Скобла быў прадстаўлены ў шорт-лісьце дзьвюма пазыцыямі: кнігай «Саркафагі страху» і зборнікам успамінаў і карэспандэнцыі гісторыка Мікалая Ўлашчыка. Змагалася за прэмію і кніга ўспамінаў вэтэрана Радыё Свабода (у тым ліку пра сваю працу на радыё) Вітаўта Кіпеля, які супрацоўнічаў з радыё ад сярэдзіны 1950-х да пачатку 1990-х. Кнігу падрыхтаваў да выданьня Сяргей Шупа.

Імпрэзу адкрыў Усевалад Сьцебурака. Імёны Стагановічаў яшчэ некалькі гадоў былі невядомыя бальшыні беларусаў, — заўважыў Усевалад.

Натальля Гардзіенка кажа, што прэмія — вельмі добрая нагода, каб узгадаць саміх Стагановічаў, іх рамантычнае каханьне, як яны апынуліся ў эміграцыі ў ЗША. Пасьля іх засталіся ўспаміны, пра якія па-за сямʼёй ніхто ня ведаў. Дачка Тамара наважылася апублікаваць іх і заснаваць прэмію імя сваіх бацькоў.

Натальля Гардзіенка
Натальля Гардзіенка

Кіраўніца грамадзкага абʼяднаньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» Алена Макоўская ўзгадала прэміі, якія заснаваныя ў замежжы, але ўручаюцца тут, у Беларусі. Прэмія Стагановічаў — сымбаль таго, што ёсьць пераемнасьць і што ў дакумэнтальнай літаратуры няма цэнзуры.

Старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч сказаў, што літаратура фактаў, непрыдуманая літаратура, якую мы цяпер называем «нон-фікшн», яшчэ нядаўна не ўспрымалася як літаратура. Так было некалі і са Сьвятланай Алексіевіч. Але два гады таму яна стала ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі. І няма сумневу, што ёсьць такая літаратура.

Барыс Пятровіч
Барыс Пятровіч

Марына Шыбко ўзгадала, што некалькі гадоў таму пачалі выходзіць тамы «Беларускай мэмуарнай бібліятэкі», а нядаўна ў друк ужо пайшла пятнаццатая кніга сэрыі.

Марына Шыбко
Марына Шыбко

А потым уганаравалі пераможцаў.

Трэцюю прэмію атрымаў Сяргей Чыгрын за кнігу «На радзіме Ігната Дварчаніна: з краязнаўчых вандровак па Дзятлаўшчыне» — Менск, выдавецтва «Кнігазбор», 2016.

Сяргей Чыгрын
Сяргей Чыгрын

Сяргей Чыгрын расказаў, як у мясцовых школьнікаў яны са Зьмітром Бартосікам пыталіся, хто такі Ігнат Дварчанін, і ці ведае хто хаця б чатыры радкі ягоных вершаў. Паабяцалі прыз у 100 даляраў. Ніхто ня ўспомніў.

Сяргей Чыгрын, Уладзімер Сіўчыкаў, Марына Шыбко
Сяргей Чыгрын, Уладзімер Сіўчыкаў, Марына Шыбко

Другое месца атрымала кніга ўспамінаў Вітаўта Кіпеля «Жыць і дзеіць» — Менск, выдавец Зьміцер Колас, 2015. Укладальнік кнігі — свабодавец Сяргей Шупа.

Сябры журы Віктар Жыбуль і Ганна Запартыка трымаюць узнагароды за другое месца
Сябры журы Віктар Жыбуль і Ганна Запартыка трымаюць узнагароды за другое месца

Першае месца — у свабодаўца Зьмітра Бартосіка за кнігу «Быў у пана верабейка гаварушчы» (рэдактар Сяргей Дубавец, мастак Генадзь Мацур, карэктар Сяргей Шупа).

Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец

Прэмію ўручылі рэдактару кнігі Сяргею Дубаўцу, які пажартаваў, што аўтар піша, а працуе над кнігай менавіта рэдактар. І хоць кніга трагічная, але, прачытаўшы яе, застаесься ў пазытыўным настроі — дзякуючы Бартосіку.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG